3 траўня 2024, Пятніца, 7:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

7 гадоў таму была забітая Ганна Паліткоўская

5
7 гадоў таму была забітая Ганна Паліткоўская

7 кастрычніка - гадавіна забойства журналісткі «Новой газеты».

У панядзелак 7 кастрычніка спаўняецца сем гадоў з дня забойства журналісткі «Новой газеты» Ганны Паліткоўскай. Яна была застрэленая ў сваім доме ў цэнтры Масквы 7 кастрычніка 2006 года. У панядзелак на будынку «Новой газеты» з'явіцца мемарыяльная дошка Паліткоўскай, перадае «Радыё Свабода».

Па словах прэс-сакратара выдання Надзеі Прусянковай, гэтаму папярэднічалі доўгія перамовы з маскоўскімі ўладамі, якія скончыліся паспяхова:

- У цэрымоніі прымуць удзел перш за ўсё яе родныя, сябры, калегі, блізкія людзі, а таксама прадстаўнікі мэрыі, дзякуючы якой стала магчымым з'яўленне такой дошкі. Мы прайшлі разам усе шляхі ўзгаднення - гэта апынуўся не вельмі кароткі, не вельмі хуткі шлях, але, на шчасце, усё ўжо ў мінулым, усе дазволы атрыманыя. Вядома, будуць і аўтары - маладыя хлопцы, скульптар Іван Балашоў і архітэктар Пётр Казлоў. Будуць прадстаўнікі дыпламатычных місій, якія працуюць у Расеі. Будуць палітыкі, і сярод іх, даволі нечакана, тыя, ад каго мы не чакалі, што яны пажадаюць прыйсці. Але для іх памяць Ані аказваецца больш, чым нашы нейкія нязгоды. На самой справе спіс даволі вялікі, ад зусім не блізкага нам Жырыноўскага да блізкага нам Яўлінскага. Многія вядомыя артысты, спіс даволі аб'ёмны. Мы ўжо папярэдзілі маскоўскія ўлады, маскоўскую міліцыю, што мы рызыкуем атрымаць несанкцыянаваны мітынг, але ўлады заявілі, што знойдуць з намі паразуменне ў гэтым пытанні. Усё ж такі гэта важны момант, важны дзень і важнае мерапрыемства не толькі для нас, для тых, хто з Ганнай працаваў, хто яе памятае, але і, нарэшце мы чуем ад уладаў горада, што для іх гэта таксама важна, каб гэтая дошка была ў Маскве.

- Як будзе выглядаць мемарыяльная дошка?

- Я бачыла толькі праект. Стылізацыя, быццам бронзавыя лісткі з нататніка Ганны Сцяпанаўны з нейкімі пазнакамі, запісамі, на сярэднім лістку будзе напісана, што ў гэтым будынку працавала аглядальнік «Новой газеты» Ганна Паліткоўская да сваёй трагічнай гібелі - з 1999 па 2006 год. І трэці лісточак, верхні - гэта партрэт.

Справу аб забойстве Паліткоўскай у ліпені 2013 года пачалі разглядаць ў другі раз. Калегія прысяжных была набрана з трэцяй спробы, кандыдаты пастаянна бралі самаадводы з-за загружанасці на працы ці планаў на адпачынак. Адабраная калегія не задаволіла адвакатаў, ім не спадабалася, што ў калегію ўвайшлі толькі пенсіянеры і беспрацоўныя. Акрамя таго, сярод прысяжных не было выхадцаў з Каўказа. У першы дзень слуханняў з калегіі выбылі двое прысяжных: адзін узяў бальнічны, а другі заявіў, што не хоча прыходзіць у суд. Першы судовы разгляд справы аб забойстве Паліткоўскай адбыўся ў 2008-2009 гадах, усе фігуранты былі апраўданы прысяжнымі, і справу вярнулі на даследаванне. Сёння на лаве падсудных знаходзяцца браты Руслан, Ібрагім і Джабраіл Махмудавы, іх дзядзька Лом-Алі Гайтукаеў і экс-міліцыянт Сяргей Хаджыкурбанаў. Па версіі следства, Руслан Махмудаў забіў Паліткоўскую, яго браты сачылі за ёй перад забойствам, а Гайтукаеў і Хаджыкурбанаў выступілі ў ролі арганізатараў. Яшчэ адзін мае дачыненне да злачынства - былы міліцыянт Дзмітрый Паўлючэнкаў раней заключыў здзелку са следствам і быў прысуджаны да 11 гадоў калоніі.

Фотa: Iрэк Муртазiн

Пра лёс працэсу - адвакат сям'і Паліткоўскай Ганна Ставіцкая:

- Калі адказваць на пытанне, чаму да гэтага часу не раскрыта забойства, я магу сказаць, што вялікая віна ў гэтым органаў расследавання, якія не вельмі добра расследавалі гэтую справу. Можна было па гарачых слядах дапытаць пэўных сведак, і гэта б, магчыма, раскрыла злачынства значна хутчэй. Больш за тое, следства рабіла спробы, калі так можна выказацца, утойвання людзей і непрыцягнення іх да адказнасці. У прыватнасці, спадар Паўлючэнкаў, які цяпер асуджаны, ужо адбывае пакаранне, у першым працэсе быў галоўным сведкам з боку абвінавачання. Працэс першы быў у 2008 годзе, і ў тым выпадку, калі б яшчэ тады следства прыцягнула Паўлючэнкава да гэтай справы і ён быў бы не сведкам, а абвінавачаным, магчыма, гэта злачынства зараз было б канчаткова раскрыта. А ў забойствах, калі ўпушчаны час, нагнаць гэта практычна нерэальна.

Сын Ганны Паліткоўскай Ілля лічыць, што за сем гадоў, якія прайшлі з дня забойства яго мамы, стаўленне расейскага грамадства да гэтай гучнай справы ніяк не змянілася:

- Я думаю, што тых, каго яна хвалявала ў момант, калі яна адбылася, іх жа і хвалюе да гэтага часу. Але ніякага пашырэння цікавасці ў Расеі я не бачу. Гэта значыць тыя ж людзі, якія перажывалі і спачувалі нам сем гадоў таму, тыя ж гэта робяць да гэтага часу.

У дзень забойства журналісткі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу пройдуць пікеты і мітынгі яе памяці. Раней Саюз журналістаў Расеі заснаваў прэмію «Камертон» імя Ганны Паліткоўскай, якой бы 30 жніўня гэтага года споўнілася 55 гадоў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках