3 траўня 2024, Пятніца, 9:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таранціна склаў спіс найлепшых фільмаў 2013 года

15
Таранціна склаў спіс найлепшых фільмаў 2013 года

Культавы амэрыканскі рэжысёр Квэнцін Таранціна назваў свой спіс дзесяці найлепшых фільмаў, якія выйшлі сёлета.

Як паведамляе сайт выдання Variety, спіс Таранціна ўключае стужкі «Пяшчота спаўдня» (Afternoon Delight), «Перад поўначчу» (Before Midnight), «Сіні Язмін» (Blue Jasmine), «Заклён» (The Conjuring), «Сябрукі-выпівакі» (Drinking Buddies), «Фрэнсіс Ага» (Frances Ha), «Гравітацыя» (Gravity), «Выспятак 2» (Kick Ass 2), «Самотны рэйнджар» (The Lone Ranger), «Гэта канец» (This Is the End).

«Памятайце, што кінематаграфічны год яшчэ не скончыўся, і спіс складзены ў альфабэтным парадку», - удакладняецца ў паведамленні на сайце рэжысёра.

Фільм рэжысёркі Джыл Салоўэй «Пяшчота спаўдня» з Кэтрын Хан і Джунай Тэмпл распавядае пра багатую хатнюю гаспадыню, якая выпраўляецца ў стрыптыз-клуб і сустракае там танцорку, а стужка рэжысёра Джо Сванбэрга «Сябрукі-выпівакі» з Аліўе Уайлдам і Джэйкам Джонсанам пра пару сяброў, якія любяць выпіваць разам.

Фантастычная драма мэксіканскага рэжысёра Альфонса Куарона «Гравітацыя» з Сандрай Булак і Джорджам Клуні распавядае пра доктарку Раян Стоўн (Булак), якая выпраўляецца ў адкрыты космас разам з дасведчаным астранаўтам Мэтам Кавальскім (Клуні).

Фільм «Сіні Язмін» - новы твор Вудзі Алена, які распавядае гісторыю свецкай ільвіцы ў выкананні Кэйт Бланшэт. Фільм жахаў «Заклён» рэжысёра Джэймса Вана - гісторыя пра дом, населены прывідамі.

«Гэта канец» - зборная камедыя-капуснік, знятая рэжысёрамі Сэтам Рогенам і Эванам Голдбэргам.

Чорна-белая стужка «Фрэнсіс Ага» незалежнага рэжысёра Ноа Баўмбаха распавядае пра дзяўчыну, якая марыць стаць знакамітай, але пакуль толькі не вельмі паспяхова працуе ў другім складзе танцавальнай трупы ў Нью-Ёрку, здымаючы маленькую кватэрку.

Маштабная стужка «Самотны рэйнджар» з Джоні Дэпам - адна з галоўных касавых хібаў гэтага лета, прысвечаная гісторыі каўбоя-мсціўца ў масцы. «Перад поўначчу» рэжысёра Рычарда Лінклейтэра - чарговы фільм з нізкі, прысвечанай гісторыі кахання, якую Лінклейтэр здымае з 1995 года з удзелам Ітана Хоўка і Жулі Дэльпі. А «Выспятак 2» - працяг паспяховага камедыйнага баевіка пра падлеткаў-супэргерояў.

Аналагічныя рэйтынгі Таранціна складаў у 2010 і 2011 гадах; мінулы год быў прапушчаны праз занятасць рэжысёра ў праекце «Джанга вызвалены».

Фота: lady.mail.ru

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках