Рэчыцкі райвыканкам пакараны за непавагу да суда
7- 9.10.2013, 11:48
- 11,959
Суддзя Рэчыцкага суда адмовіла прафсаюзнаму актывісту Андрэю Стрыжаку ў задавальненні пазову і пакарала адказчыка - Рэчыцкі райвыканкам - за непавагу да суда.
У пачатку верасня Рэчыцкі райвыканкам адмовіў лідару моладзевага руху прафсаюза РЭП Андрэю Стрыжаку ў правядзенні шэсця ў знак пратэсту супраць змянення парадку аплаты бальнічных лісткоў, піша praca-by.info.
Актывіст падаў пазоў у суд.
Судовае пасяджэнне па гэтай справе адбылося 8 кастрычніка. Па словах Андрэя Стрыжака, ён не вельмі разлічваў на станоўчы зыход справы, улічваючы, што адказчыкам выступалі мясцовыя ўлады. Але і не думаў, што суддзя пакарае прадстаўніка райвыканкама.
- Суддзя Алена Каліноўская адмовіла мне ў задавальненні скаргі. Аднак адбыўся ўнікальны ў маёй судовай практыцы выпадак. Суддзя вынесла прыватнае вызначэнне ў дачыненні да прадстаўніка выканкама. Справа ў тым, што юрыст, які прадстаўляў інтарэсы мясцовых уладаў, спазніўся на пасяджэнне на паўгадзіны, і суддзя палічыла гэта непавагай да суда. Згодна з прыватным вызначэннем райвыканкам павінен прыняць меры для таго, каб іх прадстаўнікі паважліва ставіліся да суда і не спазняліся на пасяджэнні. Атрымліваецца, што нейкі ўклад у развіццё прававой культуры на мясцовым узроўні я ўсё ж унёс, - усміхаючыся, кажа Андрэй Стрыжак.
Нягледзячы на тое, што рашэнне па яго справе было наканавана, прафсаюзны актывіст збіраецца яго абскарджваць.
- Мне адмовілі па стандартнай схеме - не заключаныя дамовы з МУС, медустановамі і камунальнікамі. Аднак, па міжнародных нормах правядзення мірных сходаў, такія абмежаванні недапушчальныя ў дэмакратычным грамадстве. Дзяржава абавязаная забяспечыць права на мірны сход, якое павінна праводзіцца па заяўным, а не дазвольным прынцыпе. Таму я буду даказваць сваю правасць у судзе другой інстанцыі і, калі спатрэбіцца, у міжнародных структурах.