28 красавiка 2024, Нядзеля, 13:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы падрыхтаваліся да дэвальвацыі

77
Беларусы падрыхтаваліся да дэвальвацыі

Людзі змятаюць даляры і бяруць крэдыты ў рублях.

Фінансавы рынак Беларусі перажывае не лепшыя часы. У кастрычніку негатыўныя тэндэнцыі на грашовым рынку, якія мелі месца ў верасні, захаваліся. Нежаданне насельніцтва несці рублі на захоўванне ў банкі, рост валютных дэпазітаў, масавае павелічэнне спажывецкага крэдытавання ў нацвалюце - відавочныя сімптомы недаверу да рубля, піша БелаПАН.

Кастрычніцкая далярызацыя ўкладаў

Беларускія банкі ў лістападзе працягваюць павышаць стаўкі па дэпазітах у нацвалюце. «Беларусбанк», «Альфа-банк», «Парытэтбанк» давялі даходнасць па новых рублёвых укладах да 49-50% гадавых. Тэндэнцыя павышэння адсоткавых ставак па рублёвых укладах нядзіўная: насельніцтва не гарыць жаданнем несці рублі ў банкі.

Кастрычнік паказаў, што толькі тыя банкі, якія ўстанавілі самую высокую даходнасць па рублёвых укладах (на ўзроўні 49-50% гадавых) змаглі ўбачыць прырост тэрміновых дэпазітаў насельніцтва.

Напрыклад, «Белаграпрамбанк», які яшчэ ў першай палове кастрычніка ўстанавіў стаўку па дэпазітах у нацвалюце на ўзроўні 49%, здолеў у мінулым месяцы істотна павялічыць аб'ём рублёвых дэпазітаў насельніцтва.

У той жа час іншыя буйныя банкі («Беларусбанк», «БПС-Ашчадбанк», «Прыёрбанк», «Белінвестбанк»), у якіх адсоткавыя стаўкі былі ніжэй, канстатавалі ў кастрычніку зніжэнне (у параўнанні з вераснем) тэрміновых рублёвых укладаў насельніцтва.

Паказальна пры гэтым, што валютныя дэпазіты насельніцтва, нягледзячы на нізкія адсоткавыя стаўкі па іх, ва ўсіх буйных банках у кастрычніку павялічваліся у параўнанні з вераснем. Рост валютных зберажэнняў на фоне зніжэння ў банках укладаў у нацвалюце - відавочная праява недаверу да рубля з боку насельніцтва.

Трэба адзначыць, што Нацбанк Беларусі ў сітуацыі, якая склалася, спрабуе зніжаць напружанасць на фінансавым рынку шляхам правядзення жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі, якая нацэленая на забеспячэнне прывабнасці рублёвых укладаў і на зніжэнне ціску на валютны рынак.

Па словах банкіраў, Нацбанк праводзіць пастаянную працу з банкамі па абмежаванні крэдытавання, а рублёвую ліквіднасць дае абмежаванаму ліку банкаў. Такая палітыка рэгулятара прыводзіць да недахопу рублёвай ліквіднасці, у выніку чаго банкі зацікаўленыя ў прыцягненні рублёвых сродкаў насельніцтва і таму гатовыя павышаць стаўкі па дэпазітах.

«Дзеянні грашовых уладаў у бягучай сітуацыі цалкам апраўданыя і адпавядаюць бягучаму моманту часу. Змякчэнне грашова-крэдытнай палітыкі магчыма пры ўмове дасягнення спрыяльнай сітуацыі на ўнутраным валютным і дэпазітным рынку»,- каментуе сітуацыю фінансавы аналітык BusinessForecast.by Аляксандр Муха.

Негатыўныя тэндэнцыі закансерваваныя

Яшчэ адна праява недаверу насельніцтва да нацвалюты - масавы попыт на рублёвыя (спажывецкія) крэдыты. За адзін месяц (у кастрычніку) пераважная большасць банкаў істотна павялічылі аб'ёмы спажывецкага крэдытавання. Шмат у якіх банках у кастрычніку атрымалася павялічыць партфель спажывецкіх крэдытаў на 6 і больш адсоткаў, што лічыцца вельмі высокім тэмпам росту.

Эксперты тлумачаць павышаны попыт насельніцтва на рублёвыя крэдыты дэвальвацыйнымі чаканнямі.

«Ідзе гульня з боку насельніцтва супраць банкаў. Насельніцтва мяркуе, што ўзровень дэвальвацыі можа быць вышэй за кошт спажывецкіх крэдытаў, таму іх і бярэ. Падобны бум спажывецкага крэдытавання мы бачылі на фоне дэвальвацыйных чаканняў, якія мелі месца ў 2011 годзе», - каментуе сітуацыю старэйшы аналітык Forex Club у Беларусі Валерый Палхоўскі.

Далярызацыя банкаўскіх укладаў насельніцтва таксама абумоўленая дэвальвацыйнымі чаканнямі, мяркуе эксперт.

«Такія чаканні сфармаваліся і ў сувязі з ростам курсу даляра, і ў сувязі з нарастаннем адмоўнага сальда ў знешнім гандлі, і ў сувязі са зніжэннем золатавалютных рэзерваў, і з агульным негатыўным інфармацыйным фонам», - кажа Палхоўскі.

Дарэчы, за перыяд з траўня па кастрычнік золатавалютныя рэзервы Беларусі скараціліся на 1 млрд. 456,9 млн. даляраў. Зніжэнне рэзерваў абумоўлена плацяжамі па знешнім абавязку, але і не толькі. Па наяўных дадзеных, у кастрычніку попыт на валюту з боку эканамічных агентаў (прадпрыемстваў, насельніцтва) перавышаў прапанову, што змушала грашовых уладаў ажыццяўляць валютныя інтэрвенцыі.

Трэба сказаць, што вышэйпералічаныя негатыўныя тэндэнцыі (павышаны попыт на валюту; адсутнасць росту рублёвых укладаў на фоне высокіх адсоткавых ставак; зніжэнне рэзерваў) былі добра бачныя ўжо ў верасні.

«Калі ў верасні была надзея, што пагаршэнне сітуацыі з'яўляецца часовым, то паўтор яе ў кастрычніку сведчыць пра тое, што негатыўныя тэндэнцыі закансерваваныя», - кажа фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра «Альпары» ў Менску Вадзім Іосуб.

Павышаны попыт на валюту, працягвае эксперт, аказвае ціск на рэзервы. Змякчыць сітуацыю можа паступленне валюты, якая тэарэтычна магла б прыйсці ў краіну за кошт новых знешніх запазычанняў, а таксама ў выніку заключэння прыватызацыйных здзелак. Аднак, пакуль няма падстаў сцвярджаць, што грошы будуць знойдзеныя - канкрэтныя дамоўленасці з патэнцыяльнымі крэдыторамі і магчымымі інвестарамі адсутнічаюць.

«Калі фінансаванне не будзе знойдзена, застанецца практычна адзіная альтэрнатыва - паскарэнне абясцэнення нацвалюты. Праблема ў тым, што дэвальвацыя - гэта кароткатэрміновае рашэнне, якое структурных праблем у эканоміцы не ліквідуе», - мяркуе Вадзім Іосуб.

Напружанасць, якая захоўваецца на фінансавым рынку атрымалася б, магчыма, часткова знізіць у выпадку прыняцця выразнай праграмы дзеянняў эканамічных уладаў на будучы год. Аднак прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2014 год, першая рэдакцыя якога была падрыхтаваная яшчэ летам, да гэтага часу не прыняты. Таму нявызначанасць захоўваецца і гэтая сітуацыя - спрыяльнае асяроддзе для павышэння ўзроўню дэвальвацыйных чаканняў.

Напісаць каментар 77

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках