3 траўня 2024, Пятніца, 2:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд па пазове да «Белсата» перанеслі на 9 снежня

3
Суд па пазове да «Белсата» перанеслі на 9 снежня

Судовае пасяджэнне па пазове да тэлеканалу «Белсат» перанесенае на 9 снежня.

Такое рашэнне вынесла калегія Вярхоўнага суда 11 лістапада.

Рашэнне прынята па хадайніцтве боку абароны ў сувязі з недастатковым часам на перавод матэрыялаў справы і знаёмства з матэрыяламі, паколькі бок абароны атрымаў іх толькі 5 лістапада. За два працоўныя дні да сённяшняга пасяджэння. Адказчыкам у судзе выступае кампанія «Тэлевізія Польска» ў асобе афіцыйнага прадстаўніка канала ў Беларусі Міхаіла Янчука. Пазоўнік - дырэктар ПГУП «БЕЛСАТплюс» Андрэй Белякоў.

Як пракаментаваў БелаПАН Янчук, «адказчык дасягнуў той мэты, якую ставіў на сённяшнім пасяджэнні». «Мы спадзяемся, што наступны этап нас таксама не расчаруе», - сказаў ён.

У сваю чаргу Белякоў заявіў, што будзе задаволены, калі кампанія «Тэлевізія Польска» і заснавальнік кампаніі «Белсат» зменяць таварны знак, які аспрэчваецца. Ён таксама не разглядае магчымасць адмовы ад пазоўных патрабаванняў за грашовую кампенсацыю. Белякоў адхіліў здагадку аб тым, што ён мае нейкую палітычную зацікаўленасць у ходзе гэтай справы. «Я не займаюся палітыкай», - сказаў ён.

Як паведамлялася, кампанія «БЕЛСАТплюс» падала ў суд пазоў на тэлевізійны канал «Белсат». Уладальнік беларускага прадпрыемства Андрэй Белякоў сцвярджае, што тэлебачанне незаконна выкарыстоўвае свой таварны знак. Кампанія Белякова займаецца продажам абсталявання для прыёму спадарожнікавага і кабельнага тэлебачання, а таксама радыётэхнічнага абсталявання. Узнікла яна ў 2003 годзе пад кіраўніцтвам Сяргея Лысянкова і тады называлася «Хайтэх-маркет». У траўні 2006 года ўжо было вядома, што працуе новы канал і называецца «Белсат ТБ». Праз месяц уласнік кампаніі «Хайтэх-маркет» Сяргей Лысянкоў прадаў таварны знак Андрэю Белякову, які змяніў назву кампаніі на ўнітарнае прадпрыемства «БЕЛСАТплюс». У 2011 годзе ў спецыфікацыі фірмы з'явілася слова ТБ, праўда, выключна для кабельнага тэлебачання.

На «Белсаце» адзначылі, што канал і дамен сайта зарэгістраваны ў Польшчы. Даменнае імя не зарэгістравана ў Беларусі і не адмініструецца на яе тэрыторыі, таксама і тэлебачанне не трансліруецца з тэрыторыі Беларусі. Адпаведна, лічаць у кіраўніцтве канала, знак не падпадае пад юрысдыкцыю беларускага права. Да таго ж «Белсат» зарэгістраваны як «Белсат ТБ» (Belsat TV), а беларускае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства як «БЕЛСАТплюс» (пасведчанне аб рэгістрацыі №190991566).

«Відавочна, нам спрабуюць ускладніць існаванне. У Еўразвязе ўсе вельмі лічацца з літарай закона, асабліва з аўтарскімі правамі, таму ўлады Беларусі спрабуюць стварыць уражанне, што мы працуем не ў ладах з законам. Таксама, я думаю, прысуд у такой справе будуць выкарыстоўваць, каб у чарговы раз адмовіць нам у акрэдытацыі», - пракаментавала дырэктар канала Агнешка Рамашэўска.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках