3 траўня 2024, Пятніца, 19:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія перавознікі: BelToll нас вядзе да галечы

56
Беларускія перавознікі: BelToll нас вядзе да галечы

Сумы штрафаў, якія абрынуліся на перавознікаў, вылічваюцца дзесяткамі мільёнаў рублёў.

Беларускія кампаніі і прадпрымальнікі, якія займаюцца грузаперавозкамі са жніўня пачалі плаціць за карыстанне некаторымі дарогамі ў сістэме BelToll, мяркуюць, што штрафы налічаны неабгрунтавана праз нестабільную працу сістэмы і невыразную палітыку ўзаемастасункаў з кліентамі, пішуць «Беларускія навіны».

Што такое BelToll?

Электронная сістэма збору платы за праезд BelToll заснаваная на выкарыстанні тэхналогіі спецыялізаванай радыёсувязі на кароткіх адлегласцях і дазваляе спаганяць зборы з карыстальнікаў дарогі без прыпынку транспартных сродкаў. Яе камерцыйная эксплуатацыя пачалася ў Беларусі з 1 жніўня. Цяпер сістэма ахоплівае 815 км беларускіх дарог. Тарыфы для разліку сумы платы за праезд транспартных сродкаў платнымі аўтамабільнымі дарогамі зацверджаныя пастановай Міністэрства транспарту і камунікацый ад 17 чэрвеня 2013 №21, нагадвае БелаПАН.

Інвестарам укаранення ў Беларусі электроннай сістэмы збору платы за праезд з'яўляецца аўстрыйская кампанія Kapsch TrafficCom. Уладальнікам электроннай сістэмы з'яўляецца ДУ «Белаўтастрада». Кіруе працай BelToll у Беларусі кампанія-аператар ЗТАА «Капш Тэлематык Сервісіз», у задачы якой уваходзіць забеспячэнне належнага функцыянавання сістэмы і выкананне ўсіх патрэбных функцый, звязаных з яе дзейнасцю. Кантралюе спагнанне збораў на платных аўтамагістралях ГУ «Транспартная інспекцыя».

У адпаведнасці з указам №426 ад 27 верасеня 2012 ад дарожных збораў вызваляюцца транспартныя сродкі, зарэгістраваныя на тэрыторыі краін Мытнага саюза, з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай не больш за 3,5 т. Бясплатна могуць праехаць мапеды і матацыклы, зарэгістраваныя ў Беларусі, колавыя трактары і самаходныя аўтамабілі, транспартныя сродкі аператыўнага прызначэння, а таксама аўтамабілі, якія выкарыстоўваюцца ў мэтах забеспячэння абароназдольнасці і правапарадку. Не трэба плаціць кіроўцам маршрутак для гарадскіх перавозак пасажыраў, аўтамабіляў, якія выкарыстоўваюцца для надання меддапамогі, ліквідацыі надзвычайных сітуацый або перавозак грузаў гуманітарнай дапамогі насельніцтву Беларусі ды іншых краін.

Перавознікі не разумеюць, за што іх штрафуюць

Сістэма BelToll працуе з папярэдняй аплатай. «Атрымліваецца, што плаціш, плаціш і раптам становішся вінным. Са жніўня да лістападу за праезд платнымі дарогамі я заплаціў 6 млн рублёў, а сума налічаных штрафаў склала 6 тысяч еўра», - распавёў Алег Новікаў - уладальнік невялікай транспартнай кампаніі, якая займаецца грузаперавозкамі.

Прадпрымальнік здзіўляецца: як так атрымліваецца, што першы выпісаны яму штраф - за жнівень - прыйшоў яму толькі на мінулым тыдні. «Штраф склаў 260 еўра. Калі я паехаў аплачваць, даведаўся, што ў мяне 23 штрафы на 6 тысяч еўра! Я быў у здзіўленні, - абураецца Алег Новікаў. - Ведаю, што ёсць людзі, якія павінны заплаціць амаль 200 штрафаў плюс камісійныя, якія ў выпадку затрымкі выплаты складаюць 50% ад сумы штрафу».

Новікава абурае, што «цягам трох месяцаў ніхто не паведамляў, што адбылася недаплата».

«Атрымліваецца, што аператар, бачачы парушэнні, замоўчваў аб праблеме. Можа, гэта звязана з тым, што плата за праезд значна меншая, чым штрафы, якія можна атрымаць, калі аплата была з пэўнымі парушэннямі. Які сэнс казаць аб тым, што ёсць парушэнне, калі штраф прыносіць вялікую прыбытак?»- задаецца пытаннямі уладальнік транспартнай кампаніі.

Алег Новікаў таксама звяртае ўвагу на існыя, на ягоную думку, збоі ў сістэме BelToll. Так, першы налічаны яму штраф датаваны 11-м кастрычнікам. Пры гэтым ён сцвярджае, што ягоны «аўтамабіль пачаў ездзіць па платнай дарозе з 17 кастрычніка».

«Сістэма пабудаваная на тым, што спачатку павінен быць заплачаны штраф, затым будзе разбіральніцтва, - адзначае Алег Новікаў. - На нас спрабуюць добра зарабіць».

Перавознік звярнуўся ў Транспартную інспекцыю, якая налічвае штрафы, з наступнай заявай: «Гэтым лістом паведамляю, што 29.10.2013 складзены акт 000000225490 і выдадзеная квітанцыя на ўнясенне платы ў павялічанай суме 260 еўра. З гэтым спагнаннем не згодны, бо на балансе бартавой прылады былі грашовыя сродкі і транспартны сродак у кастрычніку 2013 здзяйсняў паездкі па платных дарогах, пачынаючы з 17 кастрычніка 2013 года, а 15 і 16 аўтамабіль праязджаў пад рамкай у Шабанах (там грашовыя сродкі не спісваюцца). Абвінавачванне у парушэнні датаванае ў акце 11 кастрычнікам 2013».

Адказ Транспартнай інспекцыі зводзіцца да пераліку дакументаў, якія трэба падаць. Адным з іх з'яўляецца дакумент, які пацвярджае факт аплаты праезду ў павялічанай суме (пры яго наяўнасці).

Пра тое, што BelToll працуе са збоямі, распавёў яшчэ адзін грузаперавознік Сяргей, якому таксама штрафы пачалі прыходзіць не адразу пасля парушэння, а праз два месяцы - усяго 26 штрафаў на 85 млн рублёў.

«Я рэгулярна плаціў за праезд, - кажа Сяргей, - сачыў за тым, каб усё было аплачана. Калі ўзніклі праблемы, даведаўся ў аператара, што па краіне - больш за 200 тысяч парушэнняў. Мне прыйшлося памяняць бартавую прыладу, бо яна працавала са збоямі. Цяпер было немагчыма вызначыць, карэктна ці выпісваліся штрафы. Чаму нам адразу не паведамляюць пра тое, што ёсць праблемы з аплатай? Няўжо чалавек у здаровым розуме пайшоў бы на тое, каб зэканоміць некалькі дзесяткаў тысяч рублёў, ведаючы пра штраф у сотні еўра?»

Што плануюць рабіць далей перавознікі, бо выпадкі штрафных санкцый у дачыненні да іх не адзінкавыя і вельмі хваравітыя для многіх, хто займаецца гэтым бізнэсам?

Алег Новікаў мае намер звярнуцца ў кіроўныя і кантрольныя органы на прадмет таго, што «сістэма BelToll зацікаўленая не паведамляць аб парушэннях».

Ён мяркуе, што калі ў кагосьці ёсць намер зарабіць больш на перавозніках, то такі намер можа стаць памылковым.

«У краіне могуць адбыцца такія сацыяльныя ўзрушэнні, што перацінанне грузавікамі дарогі М1 здасца дробяззю, - кажа Алег Новікаў. - У мяне пяцёра дзяцей і дачка памерлай сястры на апецы, а мяне пазбаўляюць заробку. Прычым я вымушаны прадаць свае аўтамабілі, каб заплаціць штраф. Я адэкватны чалавек, калі я парушыў, гатовы заплаціць. Аднак я павінен быць упэўнены ў сваім парушэнні».

Алег Новікаў мяркуе, што «калі правілы гульні такія, што 90% перавознікаў іх не разумеюць, значыць, нешта не так з правіламі, і хтосьці павінен адказаць за гэта».

Другі суразмоўца Сяргей рыхтуе калектыўны зварот у Мінтранс з просьбай «аб штрафной амністыі» для беларускіх перавознікаў за перыяд з пачатку працы сістэмы BelToll - гэта значыць з 1 жніўня. «Калі амністыі не будзе, мы будзем вымушаныя ісці на экстрэмальныя захады», - сказаў ён.

Перавознікі самі вінаватыя?

Мэнэджэр маркетынгу і сувязяў з грамадскасцю кампаніі-аператара сістэмы BelToll ЗТАА «Капш Тэлематык Сервісіз» Сяргей Буры заявіў сёння журналістам, што можа гарантаваць абгрунтаванасць налічэнняў аплаты ў павялічанай суме.

«З боку кампаніі-аператара магу гарантаваць, што неабгрунтаваных налічэнняў аплаты ў павялічанай суме не адбываецца. Падазроныя выпадкі ўсе без выключэння разглядаюцца ў індывідуальным парадку і праходзяць шматступенную сістэму праверкі. Толькі пасля таго, як у нас не застаецца сумневаў ў факце парушэння, інфармацыя перадаецца ў Транспартную інспекцыю», - сказаў Сяргей Буры.

З ягоных слоў, колькасць парушэнняў у сістэме BelToll складае менш за 1% ад усіх транзакцый, якія праходзяць у сістэме і рэгіструюцца ёй. «Фіксуецца максімум 600 парушэнняў у дзень. Абсалютная большасць транзакцый прайшлі ў штатным рэжыме», - адзначыў прадстаўнік кампаніі-аператара сістэмы BelToll.

Са слоў Сяргея Бурага, часта да парушэнняў прычыняецца невыкананне карыстальнікам патрабаванняў да ўсталёўкі бартавых прыладаў, а таксама няўважлівасць да гукавых і светлавых сігналаў, якія выдаюць прылады падчас руху платнымі дарогамі, невыкананне карыстальнікам умоў дамовы аб карыстанні сеткай платных дарог.

Парушэнні, абумоўленыя збоямі ў працы сістэмы BelToll, што было зафіксавана некалькі разоў, - гэта выключны выпадак, запэўніў Сяргей Буры.

Сістэму мяняць не будуць

Са слоў намесніка начальніка Транспартнай інспекцыі Аляксея Куцаева, інспекцыя разлічвае да снежня ўрэгуляваць пытанне аператыўнага атрымання апавяшчэнняў парушальнікамі сістэмы праезду платнымі дарогамі.

«Паводле той дынамікі, якую мы наладзілі, да канца лістапада мы выходзім на нулявую кропку афармлення актаў. Гэта значыць тое, што сёння атрымана ў выглядзе інфармацыі аб парушэнні, назаўтра будзе адпраўляцца (парушальнікам)», - заявіў Куцан 13 лістапада на прэс-канферэнцыі.

«Тэрмін на складанне акта ў адрозненне ад адміністрацыйнага працэсу не прадугледжаны. Гэты тэрмін рэгулюецца цывільным заканадаўствам, і гэта як мінімум тры гады. Гэта тэрмін пазоўнай даўніны, у адпаведнасці з якім мы маем права выстаўляць патрабаванні аб унясенні платы за праезд у павялічанай суме», - падкрэсліў прадстаўнік інспекцыі.

Ён растлумачыў, што на пачатковым этапе камерцыйнай працы нацыянальнай сістэмы электроннага збору платы за праезд прыкладна на працягу аднаго-паўтара месяца выяўленая асноўная маса парушэнняў. Тады не было магчымасці аператыўна рэагаваць на парушэнні з прычыны іх вялікай колькасці. Так, са слоў Куцаева, на той момант фіксавалася 2,5-3 тысячы парушэнняў у дзень.

«Прасцей кажучы, тэхнічнай і фізічнай магчымасці ў работнікаў інспекцыі на афармленне патрэбнай дакументацыі і яе накіраванні не было», - падкрэсліў ён.

Цяпер колькасць фіксаваных парушэнняў у сістэме BelToll зніжаецца, а аб'ём іх апрацоўкі павялічваецца, працягнуў Куцан.

«На гэтым этапе нашыя тэхнічныя магчымасці апрацоўкі і адпраўкі актаў парушэнняў з патрабаваннямі аб падвышанай аплаце парушальнікам складае блізу 1,3 тысяч лістоў у дзень. Але тут застаецца яшчэ адзін немалаважны факт, які не залежыць ні ад аператара, ні ад інспекцыі, - гэта магчымасці «Белпошты», якая на гэтым этапе не зусім гатовая да такога аб'ёму», - сказаў прадстаўнік Транспартнай інспекцыі.

З ягоных слоў, сітуацыя з аператыўным паведамленнем парушальнікам аб патрэбе ўнясення падвышанай платы за праезд нармалізуецца, калі колькасць парушэнняў знізіцца прыкладна да 300-400 у дзень.

Мінтранс Беларусі абяцае да 1 студзеня прааналізаваць пачатковы досвед і наяўнасць праблем у працы электроннай сістэмы збору платы за праезд. Пра гэта падчас жывой тэлефоннай лініі, арганізаванай газетай «Рэспублiка», паведаміў міністр транспарту і камунікацый Беларусі Анатоль Сівак.

На працягу названага часу органы дзяржкіравання будуць абавязаныя правесці аналіз негатыўных водгукаў і прапаноў ад грамадзян. Аднак Сівак звярнуў увагу на тое, што аўтаўладальнікі, каб пазбегнуць штрафаў самі павінны быць больш упільнымі.

«Калі грамадзяне трапляюць на штраф - гэта не значыць, што мы будзем праз месяц мяняць сістэму», - падкрэсліў ён.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках