14 траўня 2024, aўторак, 17:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лявон Вольскі: Улады не прымусяць мяне працаваць вартаўніком

22
Лявон Вольскі: Улады не прымусяць мяне працаваць вартаўніком

Апошні запіс у працоўнай кніжцы вядомага музыкі датаваны 1997 годам.

На днях стала вядома, што ўлады сур'ёзна збіраюцца ўвесці нейкі падатак на «дармаедаў» - афіцыйна нідзе не працуючых грамадзян у працаздольным узросце. Такіх, па падліках прэм'ера Міхаіла Мясніковіча, каля паўмільёна чалавек, сярод якіх ёсць і шмат вядомых у краіне людзей.

«Салiдарнасць» пацікавілася, што думае пра ўвядзенне падатку забаронены музыка з «чорнага спісу».

«Гэтая кантора нічога не здольная нармальнага прыдумаць»

Музыка Лявон Вольскі афіцыйна нідзе не працуе. Апошні запіс у яго працоўнай кніжцы датаваны 1997 годам.

«У 1992 годзе, калі праводзіўся курс на беларусізацыю, патрэбныя былі беларускамоўныя выканаўцы, і я ўладкаваўся ў рэспубліканскую дырэкцыю эстрадна-цыркавога мастацтва як артыст-вакаліст другой катэгорыі. Я так разумею, патрэбныя мы былі для галачкі, так як ніводнага канцэрту мы не далі, проста там рэпетавалі. Нам не плацілі ніякіх грошай. Праз пяць гадоў усё стала згортвацца, беларускамоўныя выканаўцы, наадварот, перайшлі ў разрад ворагаў, і нас папрасілі забраць працоўныя кніжкі», - кажа ён.

Ініцыятыва ўлады ўвесці падатак на непрацуючых у выпадку з Вольскім выглядае абсурднай.

«Адной рукой дзяржава забараняе мне даваць канцэрты. Другой - будзе браць з мяне грошы за тое, што я не магу гэта рабіць, - іранізуе музыка. - У нармальнай дзяржаве тым, хто не працуе, плацяць дапамогу фінансавую.

Разважаючы пра тое, чаму ў Беларусі людзі не хочуць працаваць на дзяржаву, Вольскі кажа, што магчыма, як і ў часы СССР, гэта не мае ніякага сэнсу.

«Ты будзеш восем гадзін сядзець, чытаць газеты, лазіць у Інтэрнэце, паліць, піць каву - адбываць пакаранне. Бывала ў дзяржустановах і такое, калі патрэбны адзін чалавек, а працуюць два. То яны працуюць, то цэлымі днямі нічога не робяць - проста сядзяць ад званка да званка.

Напрыклад, я працаваў афарміцелем у аўтобусным парку. Некалькі разоў нас зрывалі на суботнік, які заключаўся ў тым, што мы павінны былі ў збудаваных дамах прыбіраць смецце або парэнчы зачышчаць наждачкай. І, вядома, нас адпраўлялі на бульбу.

А з другога боку, у 80-я, калі музыкі, каб не паўтарыць сумны лёс Іосіфа Бродскага (які не змог даказаць, што займаецца перакладамі і быў прыцягнуты да адказнасці за дармаедства), рабіліся дворнікамі, вартаўнікамі, качагарамі.

Музыка заявіў, што ён так паступаць не збіраецца.

«Дзесяць гадоў таму было б цяжка сабе такое ўявіць. Плаціць за тое, што ты не працуеш... Я не буду ўладкоўвацца вартаўніком. Супраць гэтага варта было б пратэставаць. І плаціць не буду нічога. Будзе весела! Створым прэцэдэнт для міжнароднай грамадскасці.

Увогуле, сітуацыя з падаткам на непрацуючых, напэўна, сведчыць пра тое, што ў нас праблемы з бюджэтам.

А наш народ прывык да такіх заяваў. Ніхто нічому не дзівіцца. Вы паглядзелі б, што рабілася на мяжы, калі збіраліся ўводзіць пошліну 100 даляраў за выезд. З Польшчы і так усё тэлевізары возяць, а тады сталі браць па тры, па чатыры - каб паспець азалаціцца. Цяпер хітры народзец будзе фіктыўна ўладкоўвацца на працу ці ствараць фіктыўныя ІП. І пралічваць, якая розніца паміж платай за фіктыўнае працаўладкаванне і падаткам - што больш выгадна», - сказаў ён.

Лявон Вольскі параіў аўтарам закона аб «дармаедах» сысці ў адстаўку:

«Я б параіў ім сысці ў адстаўку з усімі гэтымі інстытутамі, вызваліць пасады для маладых людзей. Таму што гэтая кантора не здольная нічога нармальнага прыдумаць. Яна ўжо ўсё даказала».

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках