21 траўня 2024, aўторак, 23:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дырэктар «Фандока» трапіў пад следства

19
Дырэктар «Фандока» трапіў пад следства

Былога дырэктара бабруйскага ААТ «Фандок» Уладзіміра Майко абвінавачваюць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі.

Справа па ч.3 арт.424 узбуджаная па выніках праверкі, праведзенай Бабруйскім міжраённым аддзелам УДФР Камітэта дзяржкантролю Беларусі па Магілёўскай вобласці сумесна з УУС Бабруйскага гарвыканкама. Былому дырэктару пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі, паведамляе БелТА.

Як паведаміў сёння намеснік дырэктара Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Віктар Франскевіч, прадпрыемствам у 1994 годзе за кошт замежных крэдытаў пад гарантыю ўрада была набытая лінія сартавання круглага лесу коштам больш за 1,5 млн. даляраў. У сувязі з памяншэннем аб'ёмаў перапрацоўкі круглых лесаматэрыялаў лінія доўгі час не ўводзілася ў эксплуатацыю. Па дамове з фірмай «Шпрынгер» дадаткова была праведзеная пастаўка электроннай і электрычнай сістэм кіравання, зроблены іх мантаж, за што ў сакавіку 2010 года дадаткова праведзеная аплата ў суме 365 тыс. еўра. У траўні 2010 года лінія ўведзеная ў эксплуатацыю, аднак да гэтага часу так і не пачала працу.

Лінія сартавання круглага лесу прастойвае па прычыне незапатрабаванасці, так як прызначаная для цэха па вытворчасці піламатэрыялаў. Яна мае шэраг недахопаў і недапрацовак у сувязі з тым, што ўсталяваная ў значным выдаленні ад асноўнай вытворчасці. Гэта абцяжарвае дастаўку сыравіны ў лесапільны цэх.

Папярэдняе расследаванне крымінальнай справы ажыццяўляецца Бабруйскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта Беларусі па Магілёўскай вобласці.

Як паведаміў першы намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Беларусі па Магілёўскай вобласці Алег Садоўскі, у ходзе праверкі ААТ «Фандок» выяўленыя шматлікія факты безгаспадарчасці.

Па словах Алега Садоўскага, тэрміны рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па мадэрнізацыі дзеючай вытворчасці па шэрагу аб'ектыўных і суб'ектыўных прычын праваленыя, і гэта нягледзячы на тое, што пераносіліся 6 разоў. З-за гэтага кошт праектных работ вырас больш чым на 30%. Больш за тое, па некаторых уведзеных у эксплуатацыю аб'ектах маецца шмат сур'ёзных недапрацовак і дэфектаў, з-за чаго яны выкарыстоўваюцца неэфектыўна, што прывяло ў тым ліку да пагаршэння фінансавага стану прадпрыемства.

Напрыклад, з-за частых паломак кацельнага абсталявання новай міні-ЦЭЦ таварыства нясе значныя выдаткі па яго рамонту, не мае магчымасці выкарыстоўваць турбагенератар для выпрацоўкі электраэнергіі, а ўведзеная ў строй лінія сартавання круглага лесу наогул прастойвае па прычыне незапатрабаванасці.

У ААТ застаюцца незавершанымі будаўніцтва завода ДСП і мадэрнізацыя дзеючага цэха па вытворчасці піламатэрыялаў, па ўводу ў эксплуатацыю якіх таксама маюцца праблемныя пытанні.

Акрамя таго, значная частка тэрыторыі прадпрыемства заваленая будаўнічым смеццем і адходамі, на шэрагу вытворчых аб'ектаў нездавальняючыя санітарныя ўмовы, не выконваецца працоўная і тэхналагічная дысцыпліна, адсутнічае элементарны парадак.

У цяперашні час вядуцца актыўныя работы па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі, прыступілі да вывазу і ўтылізацыі прамысловых адыходаў. Плануецца ў бліжэйшы час пачаць перапрацоўку бетоннага бою, у шэрагу цэхаў усталяваць вентыляцыю. Таксама пачаўся дэмантаж старых будынкаў, якія не выкарыстоўваюцца.

Фінансавы стан прадпрыемства застаецца вельмі складаным - пакуль яно нават не выйшла на бясстратную працу.

Інвестыцыйны праект па мадэрнізацыі ААТ «Фандок» рэалізуецца з 2007 года і прадугледжвае арганізацыю вытворчасці драўнянастружкавых пліт таўшчынёй 2-6 мм магутнасцю 23 тыс.куб.м пліт у год і мадэрнізацыю дзеючых вытворчасцяў. На яго рэалізацыю выдаткавана 37 млн. даляраў.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках