2 траўня 2024, Чацвер, 23:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Deutsche Welle: Дзіравую беларускую казну латаюць падаткам на «дармаедаў»

61
Deutsche Welle: Дзіравую беларускую казну латаюць падаткам на «дармаедаў»

Беларускія чыноўнікі з іх невычарпальнай фантазіяй на розныя спосабы адабрання грошай у насельніцтва становяцца ўсё больш падобнымі на карыкатурных персанажаў.

То Аляксандр Лукашэнка, як ён прызнаўся, «ляпнуў, не падумаўшы», пра 100-даляравую мыту на выезд за мяжу. То мінфін заяўляе, што падрыхтаваў праект прэзідэнцкага ўказа аб падатку на беспрацоўных, які яны павінны плаціць дзяржаве за карыстанне сацыяльнымі паслугамі.

Зрэшты, апошняя задума хоць і абсурдная, але цалкам можа быць рэалізаваная ў Беларусі, дзе вышэйшыя функцыянеры адкрыта сабатуюць іншыя, акрамя фіскальных, спосабы папаўнення даходнай часткі бюджэту, паведамляе Deutsche Welle.

Працоўныя месцы для... функцыянераў

Першым яшчэ ў мінулым годзе прапанаваў браць грошы з дармаедаў віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік з мэтай «ліквідаваць утрыманскія настроі ў насельніцтва». Думку падлатаць дзіравую казну за кошт грамадзян ацанілі кіраўнік урада Міхаіл Мясніковіч і чыноўнікі з міністэрства працы і мінфіна. А МУС і міністэрства падаткаў і збораў бяруцца за стварэнне спецыяльнай базы звестак пра жыхароў працаздольнага ўзросту.

Вызначаная сума пабораў з дармаедаў - 240 еўра ў год. Падлічаны і прыкладны даход бюджэту - амаль 100 мільёнаў еўра, якія можна штогод адбіраць у больш чым 400 тысяч эканамічна актыўных, але паводле розных прычынаў беспрацоўных грамадзян.

Непрацуючых жанчын ва ўзросце ад 18 да 55 гадоў і мужчын ад 18 да 60 гадоў жадаюць прымусіць альбо плаціць падатак, альбо дакументальна пацвярджаць важкія прычыны немагчымасці свайго працаўладкавання. Такім геніяльным у сваёй прастаце спосабам сотні беларускіх столаначальнікаў вырашылі надоўга «заслупаваць» за сабой добра аплатныя працоўныя месцы кантралёраў.

Хто заплаціць за непрафесійнасць кіраўніцтва

За 19 гадоў урад Беларусі, які неаднаразова мяняўся, разам з нязменным дыктатарам дакіраваліся да таго, што амаль 10 адсоткаў з 450 тысяч працаздольных беларусаў не могуць знайсці годную працу ў сваёй краіне. Але структурныя рэформы і развіццё бізнэсу хвалююць чыноўнікаў толькі на словах, бо эканамічная свабода пагражае ім стратай наседжаных месцаў.

А гэта ж пад іх кіраўніцтвам рэгулярна не выконваюцца імі ж зададзеныя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. У 2013 годзе паводле вынікаў трох кварталаў тэмп росту ВУП склаў 1,2 адсоткі замест запланаваных 8 адсоткаў. Экспарт тавараў і паслуг упаў у параўнанні з мінулым годам да 80 адсоткаў. Прыватызацыя праваленая, крэдыты і расейскія субсідыі для энерганосьбітаў банальна праядаюцца, а новыя пазыкі Менску не даюць з прычыны бяздарнай інвестыцыйнай палітыкі беларускага кіраўніцтва.

Каб даказаць сваю незаменнасць у сістэме ўладнай вертыкалі, прызначанай асабіста дыктатарам, функцыянерам не застаецца нічога іншага, як шнарыць у кішэнях грамадзян і выдаваць на гара недарэчныя ідэі тыпу падатку на дармаедаў. Тым больш, што адказнасці за магчымыя наступствы новаўвядзення чыноўнікі не панясуць. Хіба што ператасуюць іх ва ўладнай калодзе з адной пасады на іншую.

Аперацыя «Ы»

У інтэрнэце рэакцыя беларускай грамадскасці на новую задуму чыноўнікаў самая з'едлівая. Каментатары ўпэўненыя, што беспрацоўныя не заплацяць нічога, а многія актыўныя беларусы, якія працуюць у суседняй Расеі, там і легалізуюцца або знойдуць іншыя спосабы ўхілення ад недарэчных пабораў. Больш за тое, ураду Мясніковіча прапануецца браць прыклад з прынца Лімона з казкі пра Чыпаліна і давесці «аперацыю «Ы» да поўнага абсурду - напрыклад, увесці падатак на паветра ды дождж. Ці на тое і другое разам узятае.

Зразумела, што чарговая недарэчная прапанова распарадчыкаў беларускай эканомікі не прынясе чаканых фінансавых вынікаў. Ды і працоўных месцаў у краіне ад гэтага не дадасца. Таму ў Беларусі ўжо даўно варта было б увесці падатак на чынавенскі абсурд. За гады кіравання Лукашэнкі ён прынёс бы ў бюджэт краіны нашмат большы даход, чым выдумка ўладаў аб аброку на дармаедаў.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках