19 траўня 2024, Нядзеля, 13:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гонар Ладуцькі: прыпіскі і масавы падзеж кароў

41

На малочна-таварным комплексе пад Менскам масава гінуць каровы.

Амаль год таму ў 18 кіламетрах ад Менска быў уведзены ў эксплуатацыю новы малочна-таварны комплекс «Лугавая слабада». Адкрываў яго асабіста старшыня Менскага гарвыканкама Мікалай Ладуцька і дырэктар КУП «Менская агароднінная фабрыка» Уладзімір Парчэўскі. Сам комплекс узнік з далучанага да фабрыкі гародніны калгаса. І тады было шмат слоў пра самае сучаснае абсталяванне і пра іншыя «дасягненні народнай гаспадаркі»

24 лістапада 2012 года быў уведзены ў эксплуатацыю комплекс на 1670 галоў дойнага статка. Тады яго запаўняльнасць складала 72%, а да канца года было намечана выйсці на 100-адсоткавы ўзровень. Новая ферма абсталяваная рабатызаванымі даільнымі ўстаноўкамі, увесь працэс па абслугоўванні жывёлы, уключаючы маладняк, механізаваны. Асаблівую функцыю выконвае самаходны кормараздатчык. На ферме працуюць усяго 22 работніка. Штодзённы аб'ём малака запланаваны на ўзроўні 20 тон. Гэты прадукт будуць пастаўляць на малочныя камбінаты горада.

Комплекс быў на асаблівым кантролі ў Менгарвыканкама і асабіста Ладуцькі. Горад вылучыў і частку сродкаў на будаўніцтва, а крэдыт на ферму прадпрыемства атрымала па ўказе Лукашэнкі. Пры яго праектным кошце ў 152 млрд. рублёў будаўніцтва комплексу абышлося ў 134 млрд.

Сена і салома гніюць проста пад адкрытым небам.

Аб адкрыцці гэтага комплексу з помпай пісалі нават недзяржаўныя СМІ. «Новая малочна-таварная ферма - гэта сфера высокіх тэхналогій. Уся праца механізаваная, асноўныя рабочыя - 16 робатаў і аператары. Ручной працы няма, і гэта самае галоўнае. Кармленне аўтаматычнае. Усё, што трэба маладняку, карова атрымлівае спаўна і ў тэрмін», - распавядаў тады спадар Парчэўскі.

А цяпер у гэтым комплексе адбываецца масавы падзеж жывёлы. Кажуць, што змяншэнне дойнага статка складае 60-70% у год.

Як распавёў charter97.org адзін з былых работнікаў гэтай фермы, зараз гэты комплекс трымаецца толькі на прыпісках, а штомесяц змяншэнне дойных кароў і цялятаў складае да 30 галоў, гэта значыць, памірае ці забіваецца па адной карове у дзень.

Яшчэ да афіцыйнага адкрыцця на гэтым комплексе ў траўні 2012 года значылася 530 галоў жывёлы. «Пры адкрыцці сапраўды там было прыкладна 850 кароў. Грошы ў комплекс былі ўкладзеныя вялікія, закупленае суперсучаснае абсталяванне і робаты. Аднак уся гэта вытворчасць меркавала жорсткае выкананне тэхналогіі ўтрымання жывёл, кармлення, даення і гэтак далей. Але гэтага так і не змаглі дамагчыся», - паведаміў суразмоўца charter97.org.

Пра тэхналогію нарыхтоўкі і захоўвання кармоў, а таксама саломы для кароў лепш не казаць, усё гэта відаць на фатаграфіях.

«З-за парушэння тэхналогіі ў комплексе штогод меншае да 60-70% дойнага статка. Між тым, дойныя каровы ў комплекс завозяцца пастаянна: яны купляюцца ў лепшых гаспадарках Беларусі, а фактычна, атрымліваецца, ідуць на забой. Мала таго, што на поўную запаўняльнасць гэты комплекс так і не выйшаў, дык яшчэ і калі цяпер там правесці праверку, галоў 30 хапаць не будзе дакладна. Тым больш, што ідзе падзеж не толькі дойных кароў, але і цялятаў», - кажа былы работнік МТК «Лугавая слабада».

Прычым, праблемы ў комплексе пачаліся з самага пачатку. «Я не ведаю, як на гэтую ферму патрапілі дарагія робаты. З самага пачатку сама пабудова ферм не меркавала там наяўнасці такой тэхнікі - гэта значыць, не было адпаведных камунікацый, ангары для жывёлы не прадугледжвалі там ўсталёўкі такіх машын. Але бліжэй да канца рэканструкцыі, мабыць, хтосьці прыйшоў да дырэктара фермы, і было закуплена 16 робатаў па 160 тысяч еўра кожны. Аднак працаваць на гэтай тэхніцы, уласна кажучы, няма каму. Напрыклад, каб карова пасля родаў увайшла ў форму, яе трэба раздаіваць. І калі яна раздаіваецца звычайным даільным апаратам, то такім жа апаратам яе даіць трэба і далей. Інакш у яе прападае малако. Спецыялісты пра гэта казалі яшчэ тады, калі робаты ставіліся. Такая тэхналогія даення не выконваецца, раздаіваюць адным апаратам, потым пераходзяць да робата, а толку ад гэтага - нуль», - кажа суразмоўца.

А ўсё таму, што ў прадпрыемства - цякучка кадраў, прычым, на працу прыходзяць, мякка кажучы, не зусім кваліфікаваныя людзі. «Спецыялістаў на «Лугавой слабадзе» практычна не засталося. Старыя пасыходзілі, а новых прывозяць аж са Слоніма. Могуць прывесці і з Менска - тых, хто стаіць на біржы працы, беспрацоўныя і гэтак далей. Што можа зрабіць такі чалавек на ферме, які паняцця не мае пра карову - незразумела», - сказаў былы работнік прадпрыемства.

Вядома, па словах суразмоўцы, на прадпрыемстве былі і праверкі. Але ўсе яны застаюцца без рэакцыі. «Справа ў тым, што малочна-таварны комплекс «Лугавая слабада» тэрытарыяльна знаходзіцца ў Менскім раёне. І спецыялісты ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі райвыканкама прыязджалі, выносілі нейкія загады, патрабавалі ліквідаваць безгаспадарчасць і недахопы. Аднак кіраўніцтва комплексу на гэтыя прадпісанні пляваць хацела - адміністрацыйна МТК «Лугавая слабада» падпарадкоўваецца Менгарвыканкаму. Там, можа, і ёсць які-небудзь адзін спецыяліст па сельскай гаспадарцы, але зразумела, што ў горада сваіх праблем хапае, і ўсяму гораду няма справы да нейкай малочнай фермы», - лічыць былы работнік прадпрыемства.

Больш усяго работнікаў абурае тое, якая колькасць грошай была ўкладзеная ў гэты комплекс, і тое, як гэтыя грошы знікаюць: «Нядаўна Лукашэнка быў на «Барысаўдрэве» і зладзіў там маштабны разнос. Дык вось, «Барысаўдрэў» у параўнанні з нашай фермай - гэта кветачкі. Калі б ён заехаў сюды, ён з бруду б не выбраўся».

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках