9 траўня 2024, Чацвер, 4:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эксперт у адукацыі: Многім беларусам танней навучацца ў Літве і Польшчы

17
Эксперт у адукацыі: Многім беларусам танней навучацца ў Літве і Польшчы

Дыплом, які прызнаецца ў краінах ЕЗ, таксама дае больш шырокія магчымасці для пошуку працы.

Аб атрыманні адукацыі за мяжой журналісты «Комсомольской правды» гутарылі з дырэктарам кансультацыйнага агенцтва наконт навучання за мяжой Паўлам Жукоўскім.

Павел, навошта ўчорашняму школьніку ехаць за ведамі за межы Беларусі?

- Перш за ўсё, каб атрымаць дыплом, які прызнаецца ў краінах ЕЗ і большасці краін свету, і значыць, атрымаць больш шырокія магчымасці для пошуку працы. Каб па-сапраўднаму свабодна валодаць замежнай мовай. Каб пасталець і набыць досвед жыцця сярод людзей з іншай культурай, традыцыямі, менталітэтам. Па-мойму, нямала. Шкада, што не ўсе гэта часам разумеюць.

- А з якімі мэтамі едуць вучыцца ў большасці выпадкаў?

- Самы часты адказ - каб атрымаць высокааплатную прафесію. Выдатнае жаданне. Толькі для яго ажыццяўлення не абавязкова заканчваць ВНУ, тым больш за мяжой - у добрага будаўніка заўсёды будзе праца, прычым з куды больш высокім, чым у сярэднім у краіне, заробкам.

Яшчэ едуць за тым, каб «там» зачапіцца. Так, эміграцыя праз адукацыю існуе, але ў сучасным свеце яна набыла зусім іншыя формы. Ключавое слова ў Балонскім працэсе - мабільнасць і студэнта, і выпускніка ВНУ. Каб працадаўца ў кожнай краіне Еўропы чытаў дадатак да дыплома і разумеў, што стаіць за гэтымі адзнакамі і акадэмічнымі гадзінамі і што ўладальнік дыплома ўмее рабіць. Дарэчы, дзякуючы праграме «Эразмус» студэнт кожнай еўрапейскай ВНУ мае права адзін семестр правесці за мяжой. Але ўсё гэта задумвалася перш за ўсё для таго, каб чалавек з вышэйшай адукацыяй быў мультыкультурным.

Нядаўна я сустрэў маці юнака, які ад'язджаў вучыцца ў Англію. Пасля заканчэння ўніверсітэта ён вярнуўся ў Беларусь, працуе ў буйной фінансавай кампаніі, шчаслівы - ён тут суперспецыяліст, а там быў адным з многіх. І мама шчаслівая, бо яна чатыры гады фактычна не бачыла сына. Што далёка хадзіць - мая ўласная дачка атрымлівала французскі дыплом, а цяпер працуе ў Расеі, і ёй яе праца падабаецца.

Перш чым адказваць на пытанне: «Якія мэты вы ставіце, плануючы вучыцца за мяжой?» - Я заўсёды раю і бацькам і дзецям прадставіць будучыню гадоў праз дзесяць. Праца - якая? У касцюме банкаўскага служачага з дзевяці да шасці або ў джынсах і з вольным графікам? У якім доме вы жывяце? Калі плануеце абзаводзіцца сям'ёй? Бо выбар прафесіі залежыць менавіта ад таго, у якой будучыні можа апынуцца ўчорашні школьнік.

- Мяркуецца, што вучоба за мяжой - задавальненне дарагое, даступнае толькі абраным...

- З аднаго боку, 50 тысяч даляраў у год за навучанне ў брытанскай ВНУ - вялікія грошы. З іншага - у Менску ездзіць нямала машын, кошт якіх складае сотні тысяч еўра. Акрамя таго, у таленавітага студэнта, які прызнаны лепшым у чымсьці - у вучобе, навуковых даследаваннях, творчасці, спорце, - заўсёды ёсць магчымасць атрымліваць гранты, стыпендыі, зніжкі. Ёсць і іншыя варыянты. Можна з адзнакай скончыць беларускую ВНУ і на адзін год паехаць у Англію, каб скончыць магістратуру і атрымаць брытанскі дыплом. А можна атрымаць даступную еўрапейскую адукацыю на ангельскай мове ў краінах Усходняй Еўропы - у Венгрыі, Польшчы, Літве, Эстоніі, у некаторых выпадках паводле праграмы двайнога дыплома: польскі+брытанскі, літоўскі+брытанскі, венгерскі+брытанскі.

- І наколькі яна даступная?

- Для жыхароў Гародні або Берасця нават больш даступная, чым вучоба ў Менску! Вучоба на факультэце міжнародных адносін у Вышэйшай школе псіхалогіі ў Польшчы - 1430 еўра ў год, навучанне ў дзяржаўным літоўскім універсітэце паводле праграмы двайнога дыплома - 1800-2000 еўра ў год. Арэнда кватэры ў Варшаве ці Вільні сёння не даражэй, чым арэнда ў Менску, студэнцкі праязны танней, прадукты, адзенне, вольны час - танней на парадак. Магчыма, для менчукоў і не танней вучыцца за мяжой - усё ж такі ёсць бацькоўскі дом. Але для жыхароў іншых рэгіёнаў дакладна танней.

- І больш якасна?

- Усё залежыць ад канкрэтных мэтаў. Неяк да нас звярнуўся адзін мужчына: хачу, кажа, адправіць дзіця вучыцца за мяжу. Пытаюся: «Якую мэту вы ставіце?» - «Каб сын стаў кіраўніком адміністрацыі раёна». Але навошта для гэтага ехаць за мяжу, як там можна будаваць кар'еру кіраўніка ў Беларусі? Ідэальны ў гэтым выпадку варыянт - Акадэмія кіравання ў Менску.

- Паводле якіх крытэраў школьніку варта выбіраць прафесію?

- Я рэкамендую даведацца, кім працуюць выпускнікі факультэта, куды вы плануеце паступаць. Можна скончыць эканамічны ўніверсітэт, але праз адсутнасць годных вакансій усё жыццё прасядзець у касе банка. А можна стаць інжынерам з дыпломам еўрапейскага ўніверсітэта і быць вельмі запатрабаваным спецыялістам.

- А якія спецыяльнасці папулярныя ў нашых абітурыентаў, якія паступаюць у замежныя ВНУ?

- Універсальная адукацыя ў сферы эканомікі, фінансаў, бізнэсу. Бо ў нас няма прыкладаў вельмі паспяховых людзей не са свету бізнэсу. Гэта ў Лондане вы можаце апынуцца на вулачцы побач з Музеем мадам Цюсо, якая застаўленая «Бэнтлі» - гэта вуліца лекараў, якія займаюцца прыватнай практыкай. Магчыма, у нас таксама ёсць людзі з медыцынскай адукацыяй на «Бэнтлі», але наўрад ці яны зарабляюць на жыццё менавіта медычнай практыкай...

Спецыяльнасцяў, якія можна атрымаць за мяжой на ангельскай мове, маса. Вось дзяўчына з Менску з’ехала вучыцца ва ўніверсітэт Лос-Анджэлеса на аддзяленне сцэнічнага вакалу. Хлопец паступіў у Нью-Ёркскую акадэмію кіно, каб вывучаць рэжысуру. Можна асвоіць выдатную спецыяльнасць «мэнэджэр у галіне аўтапрамысловасці» ва ўніверсітэце Шкода Аўто, вывучаць турызм у Швейцарыі, дызайн у Турыне, правазнаўства ў Таліне, ангельскую філалогію ў Варшаве, робататэхніку ў Вільні, гукатэхніку ў Оклендзе, фармацэўтыку ў Каўнасе...

- Ці лёгка паступіць ў замежны ВНУ?

- Звычайна ў ЕЗ няма ўступных экзаменаў - залічэнне адбываецца на падставе сярэдняга бала атэстата, вынікаў моўнага тэсту і, у некаторых выпадках, асабістай гутаркі. Нельга забываць, што стандарт сярэдняй адукацыі ў Еўропе - 12 гадоў, таму ў еўрапейскія ВНУ беларусы могуць паступіць толькі пасля заканчэння 1-га курса беларускай ВНУ або ВНУ іншай краіны. Але наш атэстат аб сярэдняй адукацыі прызнаюць ВНУ Літвы, Латвіі, Эстоніі, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, Балгарыі, многія ВНУ ЗША і Канады.

- Узровень ангельскай пры паступленні як ацэньваецца?

- Звычайна паводле вынікаў экзаменаў IELTS ці TOEFL. Часам на падставе сумоўя ў скайпе, часам - паводле вынікаў моўнага тэсту самой ВНУ. У некаторыя ВНУ, напрыклад польскія, можна трапіць з досыць сярэднім узроўнем TOEFL-61. Але, на мой погляд, ангельская ў сучасным свеце павінна быць такім жа абавязковым навыкам, як уменне правільна зашпільваць гузікі.

- Добры атэстат, веданне мовы, правільны выбар прафесіі - што яшчэ важна для паспяховага паступлення і вучобы за мяжой?

- Асабістая матывацыя маладога чалавека, яго жаданне вучыцца. Праблема ў тым, што сучасныя дзеці часта не плануюць самі сябе. Мне школьнікі часам прыносяць аўтабіяграфіі, якія напісаны... ў трэцяй асобе. Аказалася, пісалі бацькі. І часцяком асабістай матывацыі вучыцца ў абітурыента няма. На мой погляд, праблема яшчэ і ў тым, што ў нас занадта шмат вышэйшай адукацыі. У Вялікабрытаніі ў гэтым годзе падалі заявы ў ВНУ 55% выпускнікоў, а ВНУ гатовыя прыняць толькі кожнага чацвёртага. А ў нас могуць прыняць ледзь не кожнага, хто падае дакументы. Я ведаю замежныя ВНУ, якія заканчваюць толькі 40% паступіўшых, бо там высокі акадэмічны кантроль якасці ведаў, вучыцца не проста. А ці шмат у нас студэнтаў адлічваюць за непаспяховасць? Каб у нас не паступіць і не скончыць універсітэт, трэба пастарацца. Так што з'язджаць вучыцца за мяжу можна хоць бы таму, каб захацець вучыцца.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках