Тарас Чарнавіл: Украіне пагражае «беларусізацыя» ў яе найгоршым варыянце
72- 23.11.2013, 8:52
- 23,325
Прыпыненне еўраінтэграцыі абернецца для Украіны «беларускім сцэнарам».
Пра гэта заявіў народны дэпутат Тарас Чарнавіл у інтэрв'ю выданню «Тиждень».
«У нас, акрамя закручвання гаек таталітарызму, увядзенне расейскага фактару і паўзучай расейскай акупацыі яшчэ і жорстка крыміналізаваная ўлада. Таму [Украіну чакае] беларускі сцэнар - толькі яшчэ ў горшым выглядзе», - адзначыў ён.
Гаворачы пра перспектывы еўраінтэграцыі краіны, Тарас Чарнавіл адзначыў, што ў другі раз сабраць такі кворум падтрымкі пагаднення аб асацыяцыі з Украінай краінамі ЕЗ, які ёсць цяпер, наўрад ці ўдасца.
«Другі раз сабраць такі кворум згоды немагчыма. Ёсць некалькі прычын. Па-першае, часавы чыннік - да 2015 года нічога не адбудзецца. Наперадзе выбары ў ЕЗ, новы склад Еўракамісіі. Не думаю, што новае кіраўніцтва будзе асабліва добразычлівае да пашырэння. Думаю, што пасля 2015 года ў нас таксама адбудуцца падзеі, якія тэму еўраінтэграцыі закрыюць на шмат гадоў», - заявіў Тарас Чарнавіл.
На яго думку, калі ў бліжэйшы час не адбудзецца змены ўлады, то «верагоднасць аднаўлення перамоў да 2020 года нерэальная, а потым гэта ўжо не будзе тэмай размовы».
Разам з тым, Тарас Чарнавіл адзначае, што не мог прагназаваць такі сцэнар падзей вакол ўкраінскай еўраінтэграцыі.
«Я мог прагназаваць зрыў, які мог адбыцца рукамі ЕЗ, а не рукамі нашай улады, - сказаў ён. - У мяне ўсё ж была надзея, што ён не дурань. Напэўна, я памыліўся. Мне даводзілася з ім [Януковічам] працаваць і здавалася, што ўсё ж гэта чалавек, які можа ацэньваць пэўныя наступствы сваіх дзеянняў і нешта пралічваць. Напэўна, не можа... Прынамсі, што раней ён і сам казаў у сваім асяроддзі, што Пуціну верыць нельга ні пры якіх абставінах», - адзначыў Тарас Чарнавіл.
Нагадаем, у чацвер Украіна заявіла, што спыняе падрыхтоўку да падпісання дамовы аб асацыятыўным сяброўстве і свабодным гандлі з ЕЗ, якое павінна было адбыцца на саміце Усходняга партнёрства на наступным тыдні ў Вільні.
Урад краіны матываваў гэта жаданнем пашырыць гандлёвыя сувязі з Расеяй. У паведамленні Кабміна гаворыцца, што такая пастанова прынятая «на карысць нацыянальнай бяспекі».
Акцыі пратэсту супраць зрыву пагадненняў праходзяць ужо другі дзень у многіх гарадах краіны.