18 траўня 2024, Субота, 11:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка прайграў калійную вайну

126
Лукашэнка прайграў калійную вайну

Здабыча калію ў кастрычніку склала 110 тысяч тон, рабочыя пераведзеныя на чатырохдзённы тыдзень.

Беларускае кіраўніцтва не дасягнула пастаўленых мэтаў, прайграла калійнае супрацьстаянне па ўсіх франтах і пакуль дамаглося толькі аднаго - помсты Уладзіславу Баўмгертнеру, усклаўшы на яго адказнасць за страты «Беларуськалію» і адмову ад супрацоўніцтва з былым сумесным трэйдарам Беларускай калійнай кампаніяй, піша Deutsche Welle.

Вораг пераможаны, а шчасця няма

Рэха калійнай вайны яшчэ доўга будзе аўкацца Менску. Яе вынікі несуцяшальныя. Не апраўдаўся разлік Лукашэнкі атрымаць 100 мільёнаў за выдачу ў Расею Уладзіслава Баўмгертнера. Але галоўнае, што ўтрыманне закладніка ніякім чынам не спрыяла аднаўленню аб'ёмаў рэалізацыі калійных угнаенняў і ніяк не палепшыла эканамічнае самаадчуванне Беларусі.

Здабыча калію ў Салігорску ў кастрычніку склала ўсяго 110 тысяч тон, рабочыя пераведзеныя на чатырохдзённы тыдзень, перыядычна вымушаная прастойваць адна з шахт. Высветлілася, што без расейцаў беларускія мэнэджэры проста не ўмеюць гандляваць. Кошт страт ідзе на мільёны даляраў.

У той жа час «Уралкалій», які вырабляе адну пятую частку калійных угнаенняў у свеце, адрапартаваў у тым жа кастрычніку аб продажы 900 тысяч тон, і ў новым годзе разлічвае на яшчэ большае павелічэнне попыту на калій, які ўпаў у кошце.

Для Менска было б выгадна рэанімаваць экспартны расейска-беларускі калійны саюз. Але беларускі бок паказаў сябе занадта канфліктным кампаньёнам, які не грэбуе забароненымі прыёмамі. Таму змена асноўнага ўласніка расейскага калійнага гіганта, на якой настойваў беларускі прэзідэнт, зусім не абавязкова павінна прывесці да аднаўлення картэля, або «Уралкалій» будзе вымушаны абумовіць супрацоўніцтва жорсткімі патрабаваннямі да скандальнага партнёра ў Беларусі.

Дзе грошы ляжаць

Заводзячы крымінальную справу на кіравальную верхавіну «Уралкалію», у Менску спадзяваліся такім задзірлівым спосабам прыцягнуць увагу Крамля, які ніяк не рэагаваў на сігналы аб фінансавай дапамозе з боку Лукашэнкі. У абмен на Баўмгертнера ён разлічваў выгандляваць дамоўленасць на штогадовыя пастаўкі 23 мільёнаў тон расейскай нафты і на чарговы 2-мільярдны крэдыт, якога прэзідэнт Беларусі дамагаецца ад Масквы яшчэ з мінулага года.

Цяпер жа слушней казаць пра тое, чаго не ўдалося дабіцца беларускім уладам. Перспектыў на атрыманне новага крэдыту пакуль няма, як няма і нафтавых рамачных пагадненняў, якія раней складаліся з Менскам на ўвесь год, а цяпер толькі паквартальна, паколькі беларускі бок не выконвае сваіх абавязацельстваў аб прыватызацыі на карысць расейскага капіталу. Падпісанне дамовы аб аб'ёмах транспарціроўкі нафты ў Беларусь зноў адкладзена.

Акрамя таго, у чацвёртым квартале беларускія НПЗ атрымаюць замест чаканых 5,75 усяго 3,1 мільёна тон нафты. Гэта яшчэ больш абвострыць дэфіцыт валюты ў рэспубліцы. Сканчаецца лістапад, а ў Менск так і не паступілі 440 мільёнаў даляраў апошняга крэдытнага траншу ЕўрАзЭС. А на іншыя крэдытныя інстытуты беларускаму ўраду разлічваць не прыходзіцца.

Нулявы кіламетр

Фактычна Беларусь засталася з тым жа грузам праблем у эканоміцы, як і ў той жнівеньскі дзень 2013 года, калі Лукашэнка прыняў рашэнне арыштаваць Баўмгертнера ў менскім аэрапорце. Адвечнае беларускае пытанне пра грошы павісла ў паветры цяпер яшчэ і таму, што сітуацыя вакол адносінаў Украіны з Еўразвязам займае Уладзіміра Пуціна больш, чым фінансавыя праблемы беларускага кіраўніка.

Калі ж Кіеў прыме рашэнне больш цесна «сябраваць» з Масквой і адмовіцца ад падпісання пагаднення з ЕЗ, Менску і зусім давядзецца прыцішыць апетыт на фінансавае расейскую падсілкоўванне. Праўда, кіраўніцтва Беларусі з яго энергетычнай залежнасцю ўжо нікуды не дзецца з інтэграцыйнай падводнай лодкі. Але і разлічваць на папаўненне бюджэту, магчыма, прыйдзецца не толькі ад Расеі, а яшчэ і ад прыватызацыі, якой так адчайна супраціўляўся беларускі прэзідэнт і пра якую пасля сустрэчы з кіраўніком урада Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым раптам загаварыў беларускі прэм'ер Міхаіл Мясніковіч.

Толькі хто рызыкне ўкладаць сродкі ў краіну з такім недасканалым інвестыцыйным іміджам? Так што калійнае супрацьстаянне скончылася відавочна не на карысць Беларусі і прынесла краіне адны мінусы. Яна трапляе ва ўсё большую залежнасць ад рашэнняў, якія прымаюцца ў Крамлі.

Напісаць каментар 126

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках