19 траўня 2024, Нядзеля, 17:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Воўчак: Праз год беларускія салдаты могуць апынуцца на афганскай мяжы

41
Алег Воўчак: Праз год беларускія салдаты могуць апынуцца на афганскай мяжы

У рамках аказання тэхнічнай дапамогі АДКБ беларусаў могуць адправіць на афгана-таджыкскую мяжу.

Лукашэнка заявіў пра гэта адназначна. На гэтым фоне дзіўнымі выглядаюць дзеянні ўладаў, якія дзеляць афганцаў на пяць катэгорый і зганяюць усіх у нікому не вядомы «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», піша «Беларускі партызан».

Сустаршыня аргкамітэта РГА ветэранаў вайны ў Афганістане «Абаронцы Айчыны» Алег Воўчак распавёў аб дачыненні беларускага рэжыму да «афганцаў».

- Лукашэнка адназначна заявіў, што беларускія вайскоўцы могуць апынуцца ў Таджыкістане. У рамках АДКБ Таджыкістану будзе аказвацца тэхнічная дапамога, а тэхнічнай дапамогі без людзей не бывае; ёсць засцярогі, што Беларусь будзе задзейнічаная ў ахове афгана-таджыкскай мяжы. А гэта - баявыя дзеянні, у якіх беларускія салдаты могуць удзельнічаць.

На гэтым фоне Міністэрства працы і сацыяльнай абароны дае дзіўны адказ на зварот сустаршыняў аргкамітэта РГА ветэранаў вайны ў Афганістане «Абаронцы Айчыны» Аляксандра Камароўскага і маё да Мясніковіча. Мы спадзяваліся, што за пяць мінулых гадоў, на працягу якіх мы падымаем праблему, пачуем больш канкрэтны адказ - што льготы афганцаў будуць адноўленыя ў поўным аб'ёме, згодна з пагадненнем у рамках СНД 1993-1994 гадоў.

Адказ не толькі засмуціў нас; мы зразумелі, што нават тыя льготы, што засталіся, урэзаныя.

Пяць гадоў таму ўдзельнікі вайны (больш за 18 тысяч ветэранаў), якія не маюць раненняў, кантузій, калецтваў, пазбаўленыя наступных ільготаў: бясплатныя лекі, зубапратэзаванне, бясплатныя санаторыі ў Беларусі, бясплатны праезд у гарадскім і прыгарадным транспарце. Пры выхадзе на пенсію афганцы мелі 50-адсоткавую зніжку на 20 метраў жылой плошчы - натуральна, і гэтую зніжку ў нас забралі.

Паводле беларускага заканадаўства мы пазбаўленыя права бясплатнага праезду ў гарадскім і грамадскім транспарце - мы ездзім незаконна. Не ведаю, на якой падставе з нас не бяруць аплату, хоць паводле дамовы ў рамках СНД мы можам ездзіць бясплатна.

Сёння ўсе ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых краін СНД маюць права на павелічэнне памеру пенсій, ільготнае падаткаабкладанне, атрыманне жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання, ільготных крэдытаў, субсідый на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў, прыватызацыі (з ліку вайскоўцаў), а таксама гарантыі ў галіне працоўных адносін (дадатковыя адпачынкі, выплата адмысловых стыпендый, гарантыі пры скарачэнні штата або штату работнікаў).

Што гэта азначае?

Прадугледжана павышэнне пенсій афганцам праз 15 гадоў. З 550 афганцаў, якія падпісвалі зварот да ўрада каб вярнуць льготы, за пяць мінулых гадоў памерлі больш за дзясятак чалавек. Што будзе яшчэ праз 15 гадоў - Бог яго ведае.

Што тычыцца ільготнага падаткаабкладання - з нас не вылічваецца 12% падаходнага падатку, ці крыху больш за 100 тысяч беларускіх рублёў.

З нагоды ільготных крэдытаў, субсідый на будаўніцтва (рэканструкцыю) Мінпрацы схлусіла. Так, у нас ёсць права ільготных крэдытаў, субсідый на будаўніцтва, але з 2012 года мы можам прэтэндаваць на гэтую ільготу ў парадку агульнай чаргі. Нас адкінулі ў 90-ты год, гадоў на 20 назад.

Нас больш цікавіла іншае: чаму закон аб ільготах супярэчыць дамове СНД аб узаемным прызнанні льгот? Мінпрацы нам адказала, што «не нададзенае правам тлумачэння дзеяння іх нормаў». Калі Мінпрацы не можа тлумачыць, звярніцеся да Мясніковіча - няхай патлусачыць.

Калі 5 гадоў таму мы казалі аб аднаўленні льгот, цяпер чыноўнікі перавярнулі праблему з ног на галаву і заяўляюць, што «ўпарадкаванне сацыяльных ільгот і гарантый не прадугледжвае пашырэння кола ільготных катэгорый грамадзян». Мы не патрабуем дадатковых ільгот, мы патрабуем аднавіць старыя сацыяльныя гарантыі і льготы для ветэранаў вайны.

Вельмі падрабязна распісана, якая праграма рэалізуецца ў дачыненні да ветэранаў афганскай вайны, інвалідаў, чальцоў іх сем'яў. Але мы бачым агульныя фразы, за якімі няма рэальнасці.

У кастрычніку я тры тыдні праляжаў у шпіталі імя П.Машэрава для інвалідаў і ўдзельнікаў ВАВ; размаўляючы з афганцамі, мы прыйшлі да высновы, што гэта адзіны шпіталь у Беларусі, дзе можна атрымаць бясплатную медыцынскую дапамогу - прайсці 21-дзённы курс.

Але праз 25 гадоў пасля вайны ў многіх афганцаў абвастрыліся праблемы з вестыбюлярным і апорна-рухальным апаратам, касцёва-мышачнай сістэмай, неўралогіяй, захворваннямі стрававання. Для рэабілітацыі гэтых захворванняў штодня патрабуюцца лекі. Шмат хто меў баявыя калецтвы, лёгкія раненні, але ў тыя маладыя гады яны не задумваліся, што гэта трэба неяк юрыдычна зафіксаваць. Права на бясплатныя лекі мы пазбаўленыя.

Мы прасілі: раз эканоміка дыхае на ладан, зрабіце, як у Расеі, - замяніце ільготы на грашовыя дапамогі. Такі варыянт існуе ў Расеі, Азербайджане, Казахстане, Малдове: натуральныя ільготы замянілі грашовымі выплатамі. Людзі кожны месяц атрымліваюць пэўныя грашовыя выплаты і самі вызначаюць, на што выдаткаваць іх - на зубы, на лекі... Але ўрады названых краін не парушылі міждзяржаўнае пагадненне 1993 года, зрабіўшы такія змены ў нацыянальным заканадаўстве.

Сацыяльныя гарантыі афганцаў рэгулююцца міжнародным пагадненнем аб узаемным прызнанні правоў на льготны праезд для інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама асобаў, прыроўненых да іх, 12 сакавіка 1993 года і аб узаемным прызнанні ільгот і гарантый для ўдзельнікаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, сем'яў загінулых вайскоўцаў, ад 15 красавіка 1994 года.

Аказваецца, з 2005 года будзе створана міждзяржаўная рабочая група ў далейшай рэалізацыі пагаднення 1993-1994 гадоў, у працы якой удзельнічаюць незлічоная колькасць міністэрстваў і ведамстваў. Але мы не бачым, каб наша жыццё паляпшалася.

Больш за тое, пайшоў слых, што пры абмене пасведчанняў удзельнікаў Афганскай вайны ўлады плануюць падзяліць афганцаў на 5 катэгорый. Цяпер ідзе перарэгістрацыя пасведчанняў афганцаў; мы абураныя - хто даў права чыноўнікам дзяліць нас на групы? Паводле пагаднення СНД, ёсць дзве групы ўдзельнікаў баявых дзеянняў: інваліды і прыраўнаваныя да іх удзельнікі, якія маюць раненні, кантузіі, калецтвы, і проста ўдзельнікі вайны. Сюды ўваходзяць і маці загінулых, грамадзянскія асобы, якія бралі ўдзел у баявых дзеяннях, займаліся забеспячэннем войскаў. Іншых катэгорый няма. І калі такое адбудзецца, то і тут Беларусь апынецца на першым месцы, парушыўшы Пагадненне 1994 года.

Мала таго, ёсць неафіцыйная інфармацыя, што новыя пасведчанні будуць выдаваць толькі тым, хто ўвойдзе ў Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане, які ўзначальвае былы камандуючы ўнутранымі войскамі Валерый Гайдукевіч. Матывацыя такая: толькі гэтая арганізацыя будзе абараняць правы афганцаў.

Мы не ведаем і не бачым рэальнай працы гэтай структуры, чамусьці не да іх, а да нас усё больш і больш афганцаў звяртаецца за дапамогай, за тлумачэннямі - што адбываецца з ільготамі, чаму перавялі іх агульную чаргу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, чаму ў рэгіянальных цэнтрах яны не маюць права ездзіць на аўтобусах і электрычках бясплатна і наконт іншых бытавых пытанняў?

Праз год беларускія салдаты, хутчэй за ўсё, апынуцца на афгана-таджыкскай мяжы. Варта было б дзяржаве павярнуцца тварам да салдата і падтрымаць афганцаў, а не дзяліць на катэгорыі. Многія задумаюцца, у тым ліку і кантрактнікі: ці варта рызыкаваць? У рамках АДКБ статус вайскоўцаў не вызначаны. І галоўнае пытанне, а ці трэба зноў беларускім маці адпраўляць туды сваіх сыноў?

Фота: bymedia.net

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках