19 траўня 2024, Нядзеля, 0:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Плацяжы па знешнім дзярждоўгу складуць $3,2 мільярда

11
Плацяжы па знешнім дзярждоўгу складуць $3,2 мільярда

Плацяжы па абслугоўванні і пагашэнні знешняга дзярждоўгу Беларусі складуць у 2014 годзе каля 3,2 млрд. даляраў.

Такія даныя прыведзеныя ў тлумачальнай запісцы Міністэрства фінансаў да праекту бюджэту на будучы год, тэкстам якой валодае БелаПАН.

Пры гэтым плацяжы па абслугоўванні знешняга дзярждоўгу вырастуць у будучым годзе амаль у 1,5 разы ў параўнанні з 2013 годам. «Плацяжы па абслугоўванні знешняга дзяржаўнага доўгу павялічацца ў параўнанні з узроўнем 2013 года на 255,8 млн. даляраў ЗША і складуць 785,3 млн. даляраў ЗША», - гаворыцца ў тлумачальнай запісцы.

Павелічэнне плацяжоў па абслугоўванні знешняга дзярждоўгу абумоўлена прыцягненнем новых запазычанняў у 2013-2014 гадах, тлумачыць Мінфін.

Акрамя плацяжоў па абслугоўванні Беларусь у наступным годзе будзе ажыццяўляць плацяжы па пагашэнні асноўнага доўгу, у тым ліку больш за 1,8 млрд. неабходна будзе накіраваць міжнародным крэдыторам.

«Пагашэнне крэдытаў міжнародных фінансавых арганізацый ў 2014 годзе ў параўнанні з чаканым выкананнем 2013 года ўзрасце на 174,1 млн. даляраў ЗША і складзе 1 млрд. 843,4 млн. даляраў ЗША. Рост абумоўлены галоўным чынам надыходам тэрмінаў пагашэння крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС», - канстатуе беларускі Мінфін.

На пагашэнне асноўнага доўгу па іншых крэдытах (узятых у ЗША, ФРГ, Расеі, банкаў Кітая, Венесуэлы) неабходна будзе ў будучым годзе накіраваць 588,6 млн. даляраў. «Агульная сума плацяжоў па пагашэнні знешняга дзяржаўнага доўгу складзе 2 млрд. 432 млн. даляраў», - гаворыцца ў тлумачальнай запісцы Мінфіна да бюджэту.

З улікам плацяжоў па абслугоўванні (785,3 млн. даляраў) і пагашэнні асноўнага доўгу (2,43 млрд. даляраў) Беларусі неабходна будзе выплаціць па знешнім дзярждоўгу ў 2014 годзе каля 3,2 млрд. даляраў.

Нагадаем, на 2013-2014 гады прыпадае пік плацяжоў Беларусі па знешнім дзяржаўным доўгу. У сувязі з гэтым, як адзначаюць эксперты, фінансавыя магчымасці беларускага бюджэту вельмі абмежаваныя.

Нагадаем, на мінулым тыдні ў «палаце прадстаўнікоў» адбылася сустрэча «дэпутатаў» з членамі беларускага ўрада - прэм'ер-міністрам, міністрам фінансаў і міністрам эканомікі. Дэпутаты, азнаёміўшыся з прадстаўленымі ў палату прагнознымі дакументамі (праектам бюджэту, афіцыйным прагнозам) на 2014 год, выступалі за павелічэнне выдаткаў бюджэту па некаторых артыкулах.

У сваю чаргу міністр фінансаў Андрэй Харкавец, звяртаючыся да дэпутатаў, акцэнтаваў увагу на абмежаванасці бюджэтных рэсурсаў. «Усё, што можа сёння бюджэт прапанаваць, - гэта прапанавана ў рамках таго праекта дакумента (бюджэту), які прадстаўлены вашай увазе», - сказаў ён.

Мяркуецца, што прагнозныя дакументы на будучы год, у тым ліку бюджэт, будуць разглядацца на гэтым тыдні падчас нарады ў Лукашэнкі, якая пройдзе арыентыровачна 29 альбо 30 лістапада.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках