20 траўня 2024, панядзелак, 12:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БКК папрасіла «Уралкалій» вярнуцца

26
БКК папрасіла «Уралкалій» вярнуцца

Беларуская калійная кампанія гатовая аднавіць супрацоўніцтва з «Уралкаліем».

З-за разрыву кантракту страты Беларусі, па словах Лукашэнкі, складаюць мільярды даляраў, а аднавіць кліенцкую сетку беларусам так і не ўдалося. «Уралкалій» прыме любую выгадную здзелку. Аднак дыктаваць свае кошты сусветнаму калійнаму рынку, які абрынуўся на 20 %, альянс адразу не зможа, піша Gazeta.ru.

Пасля афіцыйнай аб'явы аб змене асноўнага акцыянера «Уралкалію» расейскае прадпрыемства можа аднавіць сумесную працу з беларускімі калегамі. Першы намеснік гендырэктара Беларускай калійнай кампаніі Аляксандр Палякоў у панядзелак заявіў, што БКК гатовая да аднаўлення супрацоўніцтва.

«Для рынку наяўнасць дамоўленасці паміж беларускім і расейскім бокам пазітыўная, гэтага нават чакаюць. Мы гатовыя да гэтага, не закрытыя», - заявіў Палякоў.

Паводле яго слоў, на расейскім рынку са зменай уласніка «Уралкалію» (долю Сулеймана Керымава, як мяркуецца, выкупіць Міхаіл Прохараў) адбываюцца «пазітыўныя змены».

Раней «Уралкалій» і «Беларуськалій» супрацоўнічалі ў рамках БКК, якая была адзіным экспартным каналам. Долі экспарту кампаній у сумесным прадпрыемстве былі парытэтнымі. Але ў ліпені гэтага года расейская кампанія заявіла, што беларускія партнёры парушаюць дамоўленасці па экспарту і разарвалі супрацоўніцтва. Гэта прывяло да абвальвання сусветнага рынку калію, найбуйнейшыя кампаніі - гульцы калійнага рынку страцілі да 15% капіталізацыі. Сам «Уралкалій» на сённяшні дзень страціў каля 10% свайго кошту ў параўнанні з паказчыкамі на момант абвяшчэння аб разрыве. У панядзелак паперы кампаніі каштавалі 169,18 руб., капіталізацыя складала 498,358 млрд руб.

Але па беларускай кампаніі разрыў адносінаў ударыў значна мацней. «Уралкалій» перайшоў да палітыкі дэмпінгу і фактычна пачаў перахопліваць кліентаў у беларускіх канкурэнтаў. «Беларуськалію» зніжаць кошты аказалася значна складаней, так як сабекошт здабычы ў беларускай кампаніі вышэй, чым у расейскай. Акрамя таго, як раней паведамляла крыніца ў БКК, беларусы практычна страцілі збытавую сетку, так як адзіны экспартны канал ствараўся ў асноўным сіламі мэнэджмэнту «Уралкалію».

«Сёння з непрыстойнымі дзеяннямі гэтых расейскіх нягоднікаў у нас склаліся пэўныя праблемы з рэалізацыяй калійных угнаенняў», - казаў у пачатку верасня Лукашэнка.

У канцы жніўня намеснік гендырэктара «Беларуськалію» Анатоль Махлай заяўляў, што кампанія спыніла здабычу калійнай руды на двух з чатырох рудаўпраўленняў, якія належаць ёй, а значная частка работнікаў пераведзеная на дзве траціны акладу. У верасні Лукашэнка нагадаў, што ў рэспублікі ёсць прадстаўнікі на ўзроўні амбасадараў прыкладна ў 50 краінах свету. «Бярыце і гандлюйце калійнымі ўгнаеннямі, - заявіў ён. - Сёння ўсе намеснікі міністра замежных спраў ездзяць па краінах і вядуць за руку прадстаўнікоў Беларускай калійнай кампаніі для таго, каб заключыць дамовы і пераадолець гэты крызіс». Лукашэнка тады падкрэсліў, што «напружвацца павінны ўсе».

Лукашэнка заяўляў, што Беларусь страціла ад $1,5 млрд да $2 млрд у сувязі з выхадам «Уралкалію» з БКК. Пры гэтым Расея, паводле яго слоў, страціла больш за $3 млрд.

Беларускі кіраўнік адзначаў таксама, што «Беларуськалій» гатовы працаваць самастойна, але магчымы і варыянт аднаўлення супрацоўніцтва - пры ўмове змены ўласніка «Уралкалію» Сулеймана Керымава. Лукашэнку ён не задавальняў з-за таго, што менавіта Керымаў, па версіі беларускага боку, ініцыяваў разрыў адносінаў. Беларускія праваахоўныя органы нават спрабавалі абвясціць расейскага мільярдэра ў вышук па лініі Інтэрпола. Аднак ёсць яшчэ адзін момант: менавіта Керымаў, стаўшы асноўным акцыянерам «Уралкалію», спрабаваў набыць «Беларуськалій», які застаецца ключавым беларускім актывам (кампанія з'яўляецца найбуйнейшым пастаўшчыком валюты ў бюджэт). Беларускія крыніцы раней казалі, што Лукашэнка расцэньвае Керымава як асабістага ворага.

«Адно толькі аднаўленне нашых партнёрскіх сувязяў абавязкова ўздыме кошты на гэты тавар у паўтара-два разы на працягу гэтага - пачатку наступнага года», - казаў Лукашэнка.

Што тычыцца коштаў, цяпер яны ў сярэднім складаюць каля $320-330 за тону калію ў залежнасці ад кантракту. У той час як да разрыву расейска-беларускага супрацоўніцтва тона ўгнаенняў каштавала каля $400. Пры гэтым да крызіснага 2008 года кошт дасягаў $1 тыс. за тону. «І збольшага гэта тлумачылася менавіта сінэргіяй, якую дала сумесная камерцыйная палітыка расейскай і беларускай кампаній (БКК займала каля 43% сусветнага рынка), - каментуе дырэктар па развіцці бізнесу ў краінах СНД агенцтва Argus Вячаслаў Мішчанка. - Кампаніі на кожным тэндэры паступова ўздымалі кошты».

Аднак ужо ў гэтым годзе сінэргія не спрацоўвала, так як рынак калійных угнаенняў сам па сабе стаў падаць з-за зніжэння спажывання. Яшчэ мацней рынак абваліўся з-за разрыву адносінаў «Уралкалію» і «Беларуськалію».

«Стан калійнага рынку і кошты цяпер не залежаць ад аб'яднання «Уралкалію» і «Беларуськалію», - падкрэслівае аналітык ІЧ «Метраполь» Сяргей Фільчанкоў. - На сённяшні дзень важней аднаўленне попыту асноўных спажыўцоў - Кітая і Індыі, а такога пакуль не назіраецца».

«Уралкалій» ужо ў наступным годзе прагназуе рост попыту да 60 млн тон з цяперашніх 50-52 млн тон. «У любым выпадку «Уралкалій» сябе добра адчувае і ў цяперашніх умовах, - кажа Фільчанкоў. - Пры падзенні рынку расейская кампанія выглядае мацней за іншых гульцоў». Крыніца на калійным рынку кажа, што цяпер БКК аб'яднанне канала збыту было б цікава, з тым каб «Уралкалій» перастаў дэмпінгаваць і перахопліваць кліентаў.

Сама БКК, аднак, сцвярджае, што на дадзены момант узровень яе продажаў нават вышэй, чым у перыяд супрацоўніцтва з «Уралкаліем». Пра гэта заявіў у панядзелак намеснік гендырэктара кампаніі Канстанцін Дзядук.

«Цяпер мы набіраем абароты. У кастрычніку БКК выканала запланаваныя аб'ёмы пастаўкі і рэалізавала больш за 400 тыс. тон калійных угнаенняў, што перавышае аб'ёмы продажаў прадукцыі «Беларуськалію» ў 2012 годзе, гэта значыць па аб'ёмах кастрычнік 2013 года лепш, чым кастрычнік 2012-га, калі праца вялася разам з расейскімі партнёрамі», - заявіў Дзядук.

Дзядук сцвярджае, што топ-мэнэджмэнту БКК удалося захаваць усю геаграфію паставак, хоць некаторыя рынкі для беларускай кампаніі «спрабавалі зачыніць калі не назаўсёды, то надоўга». Па словах Дзядука, на сённяшні дзень БКК практычна аднавіла сваю долю на рынку, а ў 2014 годзе плануе пашырыць спіс краін, куды ажыццяўляюцца пастаўкі.

Аднак заявы беларускай кампаніі выклікаюць пэўныя сумневы. «Па нашых дадзеных, усе новыя тэндэры ў ключавых рэгіёнах збыту (Індыя, Кітай і Бразілія) выйгравала менавіта расейская кампанія, - адзначае Мішчанка. - «Уралкалію» гэта атрымоўваецца за кошт больш гнуткай коштавай палітыкі, у той час як беларускае прадпрыемства вымушана трымаць больш высокія кошты, выконваючы ўказанне ўладаў Беларусі».

А па дадзеных кампаніі Fertecon, беларускія пастаўкі калію на такі буйны рынак, як Бразілія, у кастрычніку 2013 года склалі толькі 47,99 тыс. тон, у той час як у кастрычніку 2012 года аб'ёмы складалі 270,14 тыс. тон. Пастаўкі ў Бразілію беларускага калію са студзеня па кастрычнік таксама значна адрозніваюцца па аб'ёмах: 1,05 млн тон у бягучым годзе супраць 1,368 млн тон у мінулым.

«Уралкалій» раней заяўляў, што ў прынцыпе не супраць аднаўлення супрацоўніцтва з беларускімі партнёрамі, але на новых умовах, так як гэта супрацоўніцтва трэба ў першую чаргу беларусам. Пра якія канкрэтна умовы ідзе гаворка, расейская кампанія не ўдакладняла, эксперты рынку меркавалі, што «Уралкалій» можа захацець вялікую долю экспарту пры сумесных пастаўках.

«Наша кіраўніцтва раней з нагоды аднаўлення супрацоўніцтва неаднаразова заяўляла, што мы прымем любую здзелку, выгадную для кампаніі», - сказалі ва «Уралкаліі».

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках