4 траўня 2024, Субота, 1:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сёння патрэбны міжнародны трыбунал аб сітуацыі ў Беларусі»

55
«Сёння патрэбны міжнародны трыбунал аб сітуацыі ў Беларусі»

У Сэйме Літвы сёння прайшлі спецслуханні аб Беларусі.

Яны былі прымеркаваныя да саміту «Усходняга партнёрства», які пачынаецца ў Вільні, і праводзіліся з мэтай выпрацоўкі рэкамендацый для Еўрапейскага Звязу і яго палітыкі ў дачыненні да Менску.

Слуханні вялі намеснік старшыні Камітэта па замежных справах Сейма Літвы, былы кіраўнік Міністэрства замежных спраў Аўдроніс Ажубаліс і дэпутат Сейма Літвы Мантас Адаменас. У іх узялі ўдзел кіраўнік камітэта замежных справах Сэйма Бенедыктас Юодка, лідэр парламенцкай апазіцыі і былы прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс, сваякі беларускіх палітвязняў Наталля Пінчук, Марына Лобава, Марына Адамовіч, маці выкрадзенага журналіста Дзмітрыя Завадскага Вольга Завадская, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, чалец Рады праваабарончага цэнтра «Вясна» Таццяна Равяка, галоўная рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна, дырэктар Беларускага дома правоў чалавека ў Вільні Ганна Герасімава, прадстаўнікі палітычнай апазіцыі - сустаршыні аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі, лідэр партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, кіраўнікі руху «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў і Андрэй Дзмітрыеў, намеснік старшыні руху «За свабоду» Аляксандр Лагвінец, а таксама юрыст выканаўчага бюро Асамблеі няўрадавых арганізацый Юры Чавусаў і каардынатар Форуму грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства» ад Беларусі Андрэй Ягораў.

На мерапрыемстве таксама прысутнічалі дэпутаты Сэйма Літвы, упаўнаважаны ў правах чалавека ў парламенце, прадстаўнікі замежных пасольстваў і фондаў.

Адкрываючы слуханні, дэпутат Сейма Літвы Мантас Адаменас заявіў, што нельга забываць пра правы чалавека і клапаціцца толькі пра транзіт і экспарт. Паводле яго слоў, трэба, каб Літва стала рупарам у Еўропе беларусаў, якія імкнуцца да свабоды. «Тое, што адбываецца ў Беларусі, нагадвае пра часы Савецкага Саюза», - сказаў ён і падкрэсліў, што ў Літве зараз немагчыма ўявіць, каб «журналістам забаранялі казаць, што яны хочуць». «У гэтым і розніца паміж Літвой і Беларуссю. Я з цяжкасцю зараз уяўляю, каб у Літве былі палітычныя зняволеныя», - заявіў Мантас Адаменас.

Лідэр апазіцыі ў літоўскім парламенце Андрус Кубілюс адзначыў, што слуханні з'яўляюцца сведчаннем таго, што сітуацыя ў Беларусі не забытая. Ён заявіў, што часам сапраўды трэба саміх сябе прымусіць зразумець, што «тое, што адбываецца ў Беларусі і тое, што людзі адчуваюць у сваім штодзённым жыцці, не проста парушэнне правоў чалавека і дэмакратыі. За гэтымі словамі хаваюцца чалавечыя трагедыі». «Згадзіцца з цяперашняй сітуацыяй у Беларусі немагчыма, але для гэтага патрэбныя нашы агульныя намаганні», - сказаў на заканчэнне ён.

Першымі на слуханнях выступілі былыя палітвязні і сваякі рэпрэсаваных беларусаў.

Павел Севярынец падзякаваў Еўропе за прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да палітычных зняволеных. «Калі б не вашая прынцыповасць, то, магчыма, я цяпер бы не сядзеў з вамі, бо толькі цвёрдая пазіцыя Еўропы стрымлівае сённяшні беларускі рэжым ад яшчэ больш жорсткіх рэпрэсій. У свой час такая прынцыповая пазіцыя прывяла да прызнання ўсім светам факту савецкай акупацыі Літвы, Латвіі і Эстоніі», - заявіў ён. Павел Севярынец падкрэсліў, што беларускія палітвязні - закладнікі ў першасным сэнсе слова. «Рэжым працягвае ўтрымліваць крытычна важную колькасць людзей для гандлю. У МЗС Беларусі нават не хаваюць факт, што ёсць палітвязні. ЕЗ павінен працягваць прытрымлівацца сваіх прынцыпаў і намагаць на іх вызваленні і рэабілітацыі», - сказаў палітык. Ён падкрэсліў, што яшчэ адным вагаром ціску на Лукашэнку можа стаць чэмпіянат свету у хакеі, правядзенне якога запланаванае ў наступным годзе ў Менску.

Затым выступіла жонка палітвязня Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук. Яна распавяла пра сітуацыю, у якой знаходзіцца цяпер яе муж. Паводле яе слоў, умовы яго ўтрымання ў турме пагоршыліся. На працягу апошняга года ён наогул не меў доўгатэрміновага спаткання і атрымаў толькі адну перадачу.

Маці зніклага журналіста Дзмітрыя Завадскага Вольга Завадская нагадала пра тое, што ў справе выкрадзеных беларусаў цягам апошніх 12 гадоў нічога не змянілася. «Праходзяць усе тэрміны, і мы баімся, што праблема гвалтоўных знікненняў можа сысці ў нябыт. Вельмі важна, каб гэтыя злачынствы, якія з'яўляюцца злачынствамі супраць чалавечнасці, не былі забытыя», - заявіла яна.

Жонка палітвязня экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч падрабязна паведаміла апошнія навіны аб сітуацыі з ім. Становішча яе мужа пагоршыўся. Марына Адамовіч падкрэсліла, што рэабілітацыя палітвязняў не павінна здымацца з парадку дня незалежна ад таго, пойдуць на яе ўлады Беларусі ці не.

На слуханнях выступіла маці палітвязня сустаршыні «Маладога фронту» Эдуарда Лобава Марына Лобава. Яна заявіла, што ўмовы ўтрымання ў турме яе сына можна прыраўняць да катаванняў. «Толькі эканамічныя санкцыі, якія былі ўведзеныя адразу пасля падзей 2010 года, дапамаглі вызваліць многіх палітвязняў. Толькі дзякуючы тым кропкавым эканамічным санкцыям, якія мелі месца, у сёння 10 палітвязняў, а не 50, як было раней. Неабходна патрабаваць ад рэжыму Лукашэнкі вызвалення палітвязняў і правядзення сумленных дэмакратычных выбараў. Ужо пасля выканання гэтых патрабаванняў можна казаць пра нейкія дыялогі і нейкае супрацоўніцтва», - падкрэсліла Марына Лобава.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна распавяла пра сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі, адзначыўшы, што кантроль над СМІ ў краіне стаў татальным. Яна пералічыла апошнія небяспечныя тэндэнцыі: практыку ўжывання закона аб экстрэмізме ў дачыненні да выдавецтваў, з'яўленне такіх фармулёвак, як «дзейнасць, якая мэтамі супярэчаць інтарэсам Рэспублікі Беларусь», а таксама яна выказала заклапочанасць намерам уладаў увесці рэгістрацыю найбольш папулярных інтэрнэт-рэсурсаў.

Праваабаронца Таццяна Равяка распавяла аб сітуацыі з Алесем Бяляцкім і пералічыла імёны ўсіх палітвязняў у Беларусі, нагадаўшы што заўтра пачнецца чарговы крымінальны працэс паводле справы моладзевага актывіста Васіля Парфянкова. Гэта паказвае, з яе слоў, наколькі ўразлівыя палітвязні пасля выхаду на волю. «Калі актывісты праяўляюць палітычную актыўнасць, іх тут жа рэпрэсуюць», - сказала яна. Праваабаронца адзначыла што Беларусь ігнаруе свае абавязацельствы ў рамках паміж арганізацыямі: ніводная з пастаноў Камітэта правоў чалавека ААН дагэтуль невыкананая.

Палітолаг Юрый Чавусаў распавёў аб парушэнні ў Беларусі свабоды асацыяцыяў. Ён адзначыў, што шэраг арганізацый не могуць зарэгістравацца цягам 10 гадоў. Многія выціскаюцца з краіны за мяжу, далей існуе крымінальная адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый.

Каардынатар Форуму грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства» ад Беларусі Андрэй Ягораў адзначыў праблему атрымання дэмакратычнымі арганізацыямі дапамогі ЕЗ. Ён заявіў, што часам пры падтрымцы Еўрапейскага Звязу рэалізуюцца праграмы, якія выкарыстоўваюцца ўладамі для пераследу актывістаў грамадзянскай супольнасці.

Сустаршыня аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі працытаваў словы першага старшыні парламента незалежнай Літвы Вітаўтаса Ландсбергіса, які сказаў, што праз тое, што краіны Захаду пачынаюць прагматычна ставіцца да дыктатур, адбываецца экспарт карупцыі з усходу на захад. Беларускі палітык адзначыў, што сёння такое стаўленне, realpolitik, прымяняецца з боку Еўропы да беларускага рэжыму. Таму, з ягоных слоў, пара падымаць пытанне аб абароне дэмакратычных каштоўнасцях у краінах ЕЗ.

Кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька нагадаў, што сёння ў Вільні праходзіць бізнэс-форум. «Вось перад кім нам трэба было б выступіць. Магчыма ў літоўскіх бізнэсоўцаў пасля гэтага расплюшчыліся б вочы. Ім таксама пайшло б на карысць паслухаць Уладзіслава Баўмгэртнэра - блізкага да Крамля бізнэсоўца, які правёў некалькі месяцаў у зняволенні ў Беларусі», - сказаў ён. Палітык падкрэсліў, што кіраўнік МЗС Макей, які возьме ўдзел у саміце «Усходняга партнёрства - зусім не міністр, а «звычайны паштальён», які выконвае ўказанні дыктатара.

Уладзімір Някляеў заявіў, што Макей - не толькі паштальён, але і хаўруснік злачынстваў рэжыму Лукашэнкі. Паводле ягоных слоў сёння Беларусі патрэбны свой «спіс Магніцкага», бо людзі, якія парушаюць правы чалавека, паводле ягоных слоў, адчуваюць сваю беспакаранасць. Уладзімір Някляеў адзначыў, што адных візавых абмежаванняў для чыноўнікаў, якія праводзяць рэпрэсіі, недастаткова.

Намеснік старшыні руху «За свабоду» Аляксандр Лагвінец адзначыў, што Беларусі патрэбная, перш за ўсё, еўрапейская перспектыва. Паводле ягоных слоў, гэта - адзіная гарантыя нармальнага жыцця ў нашай краіне.

Лідэр партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін выступіў з канкрэтнай прапановай. Паводле ягоных слоў, у Беларусі сёння не 10-12 палітвязняў.

«Імі з'яўляюцца ўсе жыхары краіны. Дзясяткі тысяч чалавек знаходзяцца ў турмах і над кожным з іх праходзяць здзекі. Гіганцкая колькасць людзей зазнае рэпрэсіі. З ведама ўлады адбываюцца злачынствы супраць чалавецтва. Трэба ініцыяваць стварэнне міжнароднага трыбунала аб сітуацыі ў Беларусі», - заявіў ён.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках