8 траўня 2024, Серада, 22:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Размеркаванне па-беларуску: заробак у $300 і дом без ацяплення

102

Маладога спецыяліста Алега Ляха размеркавалі ў аграгарадок Расна ў Дрыбінскім раёне.

Ён уладальнік каштоўнай штукі - беларускага дыплома аб вышэйшай адукацыі. Малады спецыяліст адкрывае ключом масіўныя дзверы, збівае з чаравікоў снег. У цёмным калідоры - банкі, скрыні, хлам. Алег праводзіць журналістаў у пакой, у якім спіць. Абуральна яркая лямпачка боўтаецца на столі, асвятляючы спартанскі інтэр'ер: ложак з жалезнымі бакавінамі, расхістаную тумбачку, кампутар у куце. У такой абстаноўцы можна хутка спіцца ад тугі, але маладому размяркаванцу трэба пачынаць тут новае жыццё. Ён распавёў onliner.by пра працу, заробак, шэрасць і будучыню.

Пра размеркаванне

У 2008 годзе я паступіў у Беларускую дзяржаўную сельгасакадэмію ў Горках. На факультэт механізацыі сельскай гаспадаркі. Сам я са Слуцка, там бацькі жывуць.

Мая спецыяльнасць - тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці. Як і ўсе, вучыўся пяць гадоў, адбываў практыку. У снежні мінулага года ў нас было размеркаванне. Раздалі спісы гаспадарак, дзе патрабуюцца маладыя спецыялісты. У мяне дзяўчына ў Горках, таксама ў акадэміі вучыцца, таму абраў што бліжэй - Дрыбінскі раён.

Як я наогул апынуўся ў сельскай гаспадарцы? Абмяркоўвалі з бацькамі, куды паступаць. Маці жартавала, што ў выканкамах працуюць больш за 50% выпускнікоў акадэміі. Ды і тэхнічная адукацыя заўсёды ў цане. Як у нас казалі, пасля Горак варыянтаў шмат - ад трактарыста да міністра.

Пра жыллё

У канцы ліпеня, калі прыехаў на адпрацоўку, перш за ўсё спытаў: «Што з жыллём?» Кажуць: дамо табе домік. Той, які па прэзідэнцкай праграме пабудаваны. Але я пра гэты дом ужо шмат чуў.

Там да мяне чатыры маладыя спецыялісты жылі, якія тут жа, у гаспадарцы, працавалі. Два хлопца і дзве дзяўчыны ў розных пакоях. І спалі яны, нават калі працаваў кацёл... у куртках. Ацяпленне ў доме - ручное. Трубы няспраўныя. Тапіць трэба па-старому, а гэта, самі разумееце, клапотна. Напэўна, можна было б і ў такіх умовах пражыць, калі захацець застацца ў аграгарадку з каранямі, надоўга. Але ў мяне іншыя планы. Ёсць жыллё ў родным горадзе.

Звяртаўся да кіраўніка з нагоды жылля, рашэнне пастаянна адкладвалася. Звязаўся з намеснікам старшыні райвыканкама. Ён паведаміў, што разбярэцца з пытаннем. У выніку я напісаў заяву, што адмаўляюся ад прадастаўленага дома. Неўзабаве з выканкама прыйшоў адказ. Маўляў, раз адмовіўся, станавіся на агульных умовах на жыллёвую чаргу ў Дрыбіне. Агульныя ўмовы - гэта безнадзейна. Ды і дзе жыць у гэты час?

Паехаў у Магілёў, у аблвыканкам. Растлумачыў сітуацыю начальніку аддзела кадраў і аграрнай адукацыі камітэта па сельскай гаспадарцы Арцёму Белаглазаву. Ён выслухаў, задаў некалькі пытанняў, падбадзёрыў. У канцы наступнага дня на працу прыехаў старшыня Дрыбінскага выканкама Алег Маслак. Дамовіліся з ім, што застаюся працаваць у гаспадарцы, а мне дадуць асобны пакой у інтэрнаце ў Дрыбіне. Мэблю (канапу, шафу, стол і іншае) закупяць ў мясцовым райпо. Мяне гэта цалкам задавальняла. Яшчэ праз дзень мне паведамілі, каб я падрыхтаваў неабходныя дакументы і пісаў заяву на прадастаўленне ложка-месца ў тым інтэрнаце, гэта значыць з падсяленнем. Я зноў адмовіўся. З'ездзіўшы ў інтэрнат, даведаўся ад каменданта, што ён цалкам заняты і свабодныя пакоі адсутнічаюць.

Праз месяц зноў ператэлефанаваў у вобласць, чаканне зацягнулася... А пазней атрымаў дазвол на перавод ад наймальніка да наймальніка ў Горацкім раёне. Размеркаванне ніхто не адмяняў. Перадам тэхніку і паеду шукаць працу ў Горках. Магчыма, што-небудзь знойдзецца.

Пакуль ішлі гэтыя пярэчанні, расклеіў па аграгарадку аб'явы. Знайшоў тут бабулю-дачніцу, здымаю ў яе пакой за 300 тыс. у месяц. Плюс камуналка.

Пра пасаду

Прадпрыемства, на якое я трапіў, называецца «Дрыбінрайаграпрамтэхзаб». Былі тры гаспадаркі, іх аб'ядналі, зрабілі адну вялікую. Гаспадарка ў Расне не моцная і не слабая - звычайная.

Адразу мяне размеркавалі на пасаду галоўнага інжынера. Нядрэнна. Прыехаў - а тут аказалася, што галоўнага інжынера ўжо знайшлі. Гэта звычайная справа. Загваздка ў тым, што размеркаванне ў нас праходзіць у снежні, а адпрацоўка стартуе ў жніўні. Пакуль час прыйдзе, існуючыя вакансіі закрываюць.

Прыйшлося працаваць механікам. Праз паўтара месяца загадам перавялі на пасаду інжынера па эксплуатацыі машынна-трактарнага парку. Думаю, яно і правільна, галоўнага інжынера я б адразу не пацягнуў. Трэба хаця б гады два «паварыцца», атрымаць вопыт. Таму не скарджуся.

Пра працоўны дзень

Мой працоўны дзень пачынаецца ў восем раніцы. Раней дабіраўся да працы ці спадарожкай, ці пешшу. Адлегласць - два кіламетры. Цяпер дадалі ранішні нарад нашаму аўтобусу, езджу на ім.

Асноўны абавязак - выпуск тэхнікі на лінію. Выдача дазволу на выезд, праверка дакументаў... Шмат усяго.

Парк тэхнікі невялікі. Ёсць чатыры энерганасычаных трактара «Беларус 3022», якія даволі часта выходзяць з ладу і патрабуюць вялікіх выдаткаў на рамонт. Ёсць камбайны «КЗС-12», 7 штук на маім участку. Тэхнікі не шмат, а клопатаў - мора.

Раніцай у нас праходзіць нарад планавання, вырашаем, каго на якія работы адпраўляць, а потым пачынаем рамонт. Большая частка тэхнікі няспраўная, а запчасткі дастаць - праблема. Грошай на закупку няма. Вось зараз здаем металалом, каб атрымаць свабодныя сродкі. А так абыходзімся сваімі рукамі.

Працоўны дзень заканчваецца ў пяць гадзін вечара, хоць часам прыходзіцца затрымацца. На самой справе, графік ненармаваны, але я настаяў на тым, што буду працаваць да пяці з двума выходнымі. За гэта мне знізілі каэфіцыент за перапрацоўку. Каля 800 тыс. страціў. Але затое ў мяне ёсць вольны час.

Як яго заняць? У Расне ёсць школа, садок, некалькі крам, пошта, аддзяленне банка. Трэнажорная зала ў школе маецца. Народ, як і ўсюды, выпівае. У суседняй вёсачцы спытаў у прадаўца, колькі «чарніла» прадаюць. Распавяла: скрыні дзве ў дзень сыходзіць. А жыхароў у вёсцы - чалавек трыццаць...

Мясцовыя альбо працуюць у сельскай гаспадарцы, альбо ездзяць на заробкі ў Расею. Будаўнікамі ў асноўным. Напэўна, зарабляюць разоў у пяць больш.

Калі вяртаюся з працы, гатую вячэру, чытаю або сяджу ў інтэрнэце. На выходных еду ў Горкі, да дзяўчыны. Бавім час разам, часам ходзім у кіно.

Пра складанае

Самая вялікая складанасць - зразумець, як працаваць ва ўмовах, калі нічога няма. Няма фарбы, няма запчастак. Ці вось сітуацыя. Тэхніку трэба памыць, перш чым паставіць на захоўванне. Тая ж сеялка - у бруду, у пылу. Спачатку трактарыст яе чысціць, потым патрабуецца мыйка. Зрабілі так-сяк мотапомпу. За шлангам едзем на пажарную станцыю, просім: пазычце гадзіны на дзве-тры. І так ва ўсіх пытаннях.

Складана арганізаваць працу так, каб кожны выконваў сваю справу без лішніх настаўленняў. Падыходзіш да трактарыста, просіш яго прыбраць кола, якое валяецца пад нагамі, аднесці яго на склад. А ён у адказ: «А навошта? Чаму я? Хай ляжыць!»

Ды столькі такіх незразумелых сітуацый... Валяецца мост ад «Кіраўца». Прыязджае «іпэшнік», хоча яго купіць. Прапануе добрыя грошы. А прыватнікам прадаваць нельга-незаконна.

Па п'янстве дысцыпліна здаецца ёсць. Крадзеж за час маёй працы здарыўся адзін. Узялі блок рухавіка, каб здаць на каляровы метал.

Ужо аплаціў штраф - 520 тыс. Наш уазік трапіў у дробнае ДТЗ, кіроўца быў не вінаваты. Але тэхагляд не быў пройдзены, а я як асоба, якая адказвае за выпуск, аддаў машыну на лінію, падпісаў пуцёўку... Вытворчая неабходнасць. Па-дурному, карацей, выйшла.

Пытаеце, што трэба зрабіць, каб гэту гаспадарку «падняць»? Усё аднавіць, што запушчана. Але гэтыя ўкладанні наўрад ці адаб'юцца. Вось калі б кошты на малако, як на Захадзе, у нас не трымалі пры сабе, тады быў бы шанец. Наогул, пытанне цяжкае, тут трэба шмат чаго абмяркоўваць.

Пра заробак і траты

Мой заробак - каля 2 300 000 рублёў. Плюс надбаўка для маладога спецыяліста, якую даюць, каб нас тут утрымаць. Яна складае дзве тарыфныя стаўкі, гэта значыць 500 тыс. У выніку атрымліваецца 2 800 000. Бацькі дапамагаюць няшмат.

350 тыс. я аддаю за кватэру. З ежай асабліва не затлумляюся. На мінулым тыдні купіў пачак макаронаў, пачак грэчкі. Каўбасы якой-небудзь вазьму, зрэдку «Ролтан». У тыдзень на ежу сыходзіць 200 тыс., не болей. З адзеннем яшчэ прасцей. Купіў што-небудзь раз у паўгода - і носіш.

Пакуль адзін, такой зарплаты цалкам хапае. Я рэаліст і разумею, што больш у дадзеных умовах плаціць мне не могуць. Зарплата намесніка дырэктара - каля 4 млн.

Збіраць на машыну? Гэта дадатковыя выдаткі, пакуль пра аўтамабіль не думаю. Збіраліся з дзяўчынай ажаніцца. Праўда, пагаварыўшы з бацькамі, вырашылі вяселле адкласці - пакуль я на гэтай працы.

Пра будучыню

Мне 22 гады. Поўны сіл і запалу. Паглядзім, якую працу знайду ў Горках. Размеркаванне трэба адпрацаваць, я ж вучыўся за дзяржбюджэт. Падаю дакументы ў Вышэйшую школу аграбізнесу пры акадэміі. Мне цікавы маркетынг.

А далей план такі. У марах - пераехаць куды-небудзь у заходнюю Беларусь, можа, у Брэст. Дзяўчына праходзіла там сваю практыку геадэзіста, прыязджаў да яе, прагуляліся па горадзе. Спадабалася. Неяк у тых месцах чысцей, больш акуратна, прыстойна. Прафесію кідаць не думаю. Пра тое, што вырашыў працаваць у сельскай гаспадарцы, не шкадую. І ныць не збіраюся. Пакуль усё ў маіх руках.

Напісаць каментар 102

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках