Януковічу пагражае міжнародная ізаляцыя
31- 30.11.2013, 10:29
- 23,819
Прымяненне сілы ўкраінскіх уладаў у дачыненні да дэманстрантаў прывядзе да ізаляцыі прэзідэнта Украіны з боку ЗША і ЕЗ.
Пра гэта заявіў былы амбасадар ЗША ў Украіне Стывен Пайфэр, перадае «Корреспондент».
«Януковіч ужыў сілу супраць дэманстрантаў, гэта небяспечны паварот падзей на Украіне. Ён будзе яшчэ больш ізаляваць яго ад ЕЗ і ЗША», - напісаў амерыканскі дыпламат на сваёй старонцы ў «Твітэры».
Увечары 29 лістапада ўдзельнікі кіеўскай акцыі прынялі рэзалюцыю, прызначыўшы народны сход апоўдні 1 снежня. Мітынгоўцы таксама запатрабавалі адстаўкі прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча і прапанавалі стварыць каардынацыйную раду Еўрамайдана.
Сёння ноччу, а 4 раніцы, беркутоўцы ачапілі плошчу, а затым сілком выціснулі мітынгоўцаў. Пры гэтым, як адзначаюць відавочцы, сілавікі збівалі ўсіх запар.
Праваахоўнікі пры разгоне Еўрамайдана актыўна выкарыстоўвалі дубінкі і гукавыя гранаты.
Па расказах мітынгоўцаў, 35 удзельнікаў былі затрыманыя і знаходзяцца ў Шаўчэнкаўскім падраздзяленні.