20 траўня 2024, панядзелак, 9:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Міхалок звярнуўся да чытачоў charter97.org (Відэа)

34

Перад канцэртам у Вільні лідар «Ляпіса Трубяцкога» звярнуўся да чытачоў нашага сайта.

Канцэрт, на якім гурт прэзентуе свой беларускамоўны альбом «Грай», прайшоў на самай вялікай пляцоўцы Літвы - Siemens Arena. На яго сабраліся амаль 11 тысяч гледачоў.

Перад канцэртам Сяргей Міхалок сустрэўся з галоўным рэдактарам сайта charter97.org Наталляй Радзінай і дырэктарам сайта Фёдарам Паўлючэнкам. Лідару гурту «Ляпіс Трубяцкой» была ўручана Нацыянальная прэмія ў галіне абароны правоў чалавека «За асабістую мужнасць», якая была яму прысуджана сайтам charter97.org.

Сяргей Міхалок звярнуўся да чытачоў нашага сайта:

«Мне здаецца, што цяпер вельмі модна і звычайна казаць пра артыстаў «парваў залу», «падарваў залу». Словы выкарыстоўваюць такія мілітарыстычныя. Я ўпэўнены, артыстам пара аб’ядноўваць залу, кансалідаваць людзей. Цяпер стаіць пытанне пра раскол у грамадстве. Многія сварацца паміж сабой, спрачаюцца з нагоды таго, куды ісці - налева або направа. А пытанне стаіць адно - наперад або назад. Дык вось, мы за тых беларусаў, якія хочуць ісці наперад, якія хочуць бачыць Беларусь незалежнай еўрапейскай краінай. Мы не нейкія маргіналы, мы не «вашывая інтэлігенцыя», мы не пятая калона, не ЦРУшнікі. Паглядзіце на мяне, хлопцы: хіба нейкі сур'ёзны спецагент будзе звязвацца з такім чалавекам, як я? Я б і рады мець такіх знаёмых. У фільме «Мсціўцы» была такая арганізацыя - «Шчыт». Там быў чалавек, які развязваў усе пытанні. Я б з задавальненнем з ім пазнаёміўся, сарваўся б і папіць гарэлкі і растлумачыў бы, як наладзіць мір і парадак.

Карацей, мы на сваіх канцэртах збліжаем публіку, таму што раскол настолькі сур'ёзны, што з некаторымі людзьмі немагчыма ехаць у адным вагоне цягніка. А ў нас жа няма нейкай мяжы, водападзелу, як ва Украіне. Мы не з падвалаў і не кватэрнікі граем. Рок-н-рол - масавая маштабная культура. Ён павінен быць на стадыёнах, арэнах, футбольных палях і плошчах.

Жыве Беларусь!»

Нагадаем, гурт «Ляпіс Трубяцкой» забаронены ў Беларусі. Яе лідар Сяргей Міхалок доўгі час не мог вярнуцца на радзіму праз крытыку ўладаў. У лістападзе ў Міхалка нарадзіўся сын, і ён наважыў прыехаць да яго ў Менск.

Лідар гурта «Ляпіс Трубяцкой» Сяргей Міхалок. Фота: charter97.org
Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках