5 траўня 2024, Нядзеля, 21:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Акадэмія навук: Дэвальвацыя павернецца скачком інфляцыі

84
Акадэмія навук: Дэвальвацыя павернецца скачком інфляцыі

Наступствы дэвальвацыі стануць згубнымі для беларускай эканомікі.

У сітуацыі, якая склалася ў беларускай эканоміцы, праводзіць яе немэтазгодна, лічыць намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Гарагін Вардэванян.

«Станавіцца на шлях дэвальвацыі беларускага рубля да даляра ЗША ў сітуацыі, якая склалася, немэтазгодна і багата вельмі негатыўнымі наступствамі для эканомікі ў цэлым і для банкаўскай сістэмы ў прыватнасці, якія па сваіх маштабах будуць несупаставімыя з сумніўнымі станоўчымі эфектамі», - піша эксперт у артыкуле, апублікаваным у кастрычніцкім нумары «Банковского вестника, які выдае Нацыянальны банк. Вытрымкі з артыкула прыводзяць «Белорусские новости».

Да ліку негатыўных наступстваў дэвальвацыі эксперт адносіць «страту перавагі па даходнасці інструментаў у нацыянальнай валюце ў параўнанні са свабодна канвертоўнай валютай», «лавінападобны рост» попыту на замежную валюту, «рост тэмпаў інфляцыі ў сілу высокай імпартаёмістасці асноўных таварных пазіцый айчыннага экспарту».

На думку эксперта, дэвальвацыя таксама прывядзе да павелічэння «разрыву паміж сярэднім узроўнем заработнай платы ў даляравым эквіваленце ў Беларусі і Расеі».

Акрамя таго, працягвае намеснік дырэктара Інстытута эканомікі, дэвальвацыя выкліча «неабходнасць павышаць стаўку рэфінансавання, што прывядзе да зніжэння даступнасці крэдытных рэсурсаў для суб'ектаў гаспадарання».

Гарагін Вардэванян падкрэслівае, што ў беларускіх умовах дэвальвацыю нельга разглядаць як інструмент стымулявання экспарту.

«Сцвярджэнне аб вычарпанні эфекту дэвальвацыі беларускага рубля, якая адбылася ў 2011 годзе, якое часта сустракаецца ў цяперашні час у сродках масавай інфармацыі, не адпавядае рэчаіснасці, паколькі дадзенага эфекту практычна не было першапачаткова», - перакананы Вардэванян.

На яго думку, тлумачыць пазітыўныя вынікі знешняга гандлю таварамі ў 2011-2012 гадах эфектам дэвальвацыі «неправамерна, паколькі львіная доля ў росце экспарту і скарачэнні адмоўнага сальда знешняга гандлю прыпадае на фактары, не звязаныя з карэкціроўкай абменнага курсу, якая адбылася ў 2011 годзе».

Намесніца дырэктара Інстытуту эканомікі нагадвае, што «амаль 70% прыросту экспарту ў 2011 годзе прыпадала на долю мінеральна-сыравінных тавараў, кошты на якія фармуюцца на сусветным рынку і, як правіла, не схільныя ўплыву змяненняў абменнага курсу нацыянальнай валюты».

У мінулым годзе, падкрэслівае Вардэванян, рост экспарту таксама быў абумоўлены павелічэннем паставак на знешнія рынкі мінеральна-сыравінных тавараў - нафтапрадуктаў, растваральнікаў, змазачных матэрыялаў.

У першым паўгоддзі 2013 года ўклад адзначаных трох таварных пазіцый у агульным аб'ёме зніжэння экспарту тавараў, які склаў 6 млрд. даляраў, дасягнуў амаль 98%, канстатуе эксперт.

«Такім чынам, дынаміка экспарту тавараў у 2012 годзе і першым паўгоддзі 2013 года таксама пераважна абумоўлівалася кан'юктурнымі фактарамі ў гандлі прадуктамі нафтаперапрацоўкі. У сувязі з гэтым узнікаюць сур'ёзныя сумневы адносна значнасці ролі курсавога фактару, якія патрабуюць больш глыбокага і дэталёвага аналізу прычынна-следчых сувязяў у разгляданай сферы», - мяркуе Вардэванян.

Эксперт лічыць неабходным «перайсці да новай парадыгмы макраэканамічнай палітыкі, якая не дапускае значных дысбалансаў у знешнім сектары і ўзнікнення паніжальнага ціску на абменны курс беларускага рубля».

«Мэты падтрымання фінансавай стабільнасці і макраэканамічнай збалансаванасці павінны пераважаць у якасці прыярытэту эканамічнай палітыкі адносна мэтавых установак у галіне эканамічнага росту», - мяркуе Гарагін Вардэванян.

Пры гэтым, на яго думку, «ужо на стадыі праектавання гадавога макраэканамічнага прагнозу неабходна мінімізаваць рызыкі ўзнікнення парываў плацёжнага балансу», звязаныя «са складанасцю выканання мэтавых параметраў прыцягнення прамых замежных інвестыцый або іншых крыніц знешняга фінансавання».

Нагадаем, што ўрадавыя варыянты прагнозных дакументаў на 2014 год ужо некалькі разоў пераглядаліся. Так, на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў 30 кастрычніка быў прадстаўлены праект афіцыйнага прагнозу, які прадугледжвае рост ВУП у наступным годзе на ўзроўні 3,3%.

Напісаць каментар 84

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках