21 траўня 2024, aўторак, 8:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вуліцу Леніна патрабуюць перайменаваць у Францысканскую

69
Вуліцу Леніна патрабуюць перайменаваць у Францысканскую

«Малады фронт» лічыць, што на прыкладзе Леніна сёння «можна выхаваць толькі злачынцаў і вар'ятаў».

7 лістапада ў межах кампаніі па дэкамунізацыі беларускага грамадства актывісты арганізацыі «Малады фронт» пераслалі ў Менскі гарвыканкам і Савет міністраў Беларусі лісты з патрабаваннем вяртання сталічнай вуліцы Леніна яе гістарычнай назвы - Францысканская.

Як паведаміла БелаПАН актывістка арганізацыі Анастасія Дашкевіч, па двух адрасах заказнымі лістамі накіраваныя каля двухсот подпісаў. «Мы зрабілі гэта сімвалічна 7 лістапада. Прыйшлося перасылаць подпісы заказнымі лістамі, так гэты дзень у Беларусі лічыцца святочным», - патлумачыла Дашкевіч.

У звароце да ўладаў актывісты «Маладога фронту» нагадалі «пра адну з самых злачынных акцый камуністаў і непасрэдна Леніна - тэроры супраць хрысціянскай царквы». «Менавіта Леніну належаць словы: «Нам у што бы то ні стала неабходна правесці канфіскацыю царкоўных каштоўнасцяў самым рашучым і самым хуткім чынам, чым мы можам забяспечыць сабе фонд у некалькі сотняў мільёнаў залатых рублёў (трэба ўспомніць гіганцкія багацці некаторых манастыроў і лаўр). Чым большую колькасць прадстаўнікоў рэакцыйнага духавенства і рэакцыйнай буржуазіі атрымаецца з гэтай нагоды расстраляць, тым лепш. Трэба менавіта цяпер правучыць гэтую публіку так, каб на некалькі дзесяткаў гадоў ні пра які супраціў яны не смелі і думаць», - гаворыцца ў звароце.

Актывісты «Маладога фронту» лічаць, што «нягледзячы на шматлікія факты злачынстваў» асоба Леніна да гэтага часу «станоўча прапагандуецца ў Беларусі, падаецца як прыклад для моладзі і ўсяго грамадства». На іх думку, на такім «прыкладзе можна выхаваць толькі злачынцаў і вар'ятаў».

Збор подпісаў за перайменаванне вуліцы Леніна праводзіўся ў рамках кампаніі па дэкамунізацыі беларускага грамадства. Збіраць подпісы актывісты «Маладога фронту» пачалі 3 лістапада падчас акцыі «Дзяды». 6 лістапада падчас збору подпісаў каля ГУМа быў затрыманы сустаршыня «Маладога фронту», былы палітвязень Зміцер Дашкевіч.

Напісаць каментар 69

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках