12 траўня 2024, Нядзеля, 12:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрамайданаўцы пікетавалі беларускую амбасаду (Відэа)

27

На Еўрамайдане ў Кіеве сёння прайшла акцыя салідарнасці з беларускім народам.

Яна была прымеркаваная да трэцяй гадавіны выбараў прэзідэнта Беларусі 2010 года, якія закончыліся жорсткім разгонам удзельнікаў мірнай дэманстрацыі на плошчы Незалежнасці ў Менску.

Як паведаміў БелаПАН з Кіева лідэр руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, на знак салідарнасці з беларусамі на Майдане Незалежнасці быў расцягнуты вялікі (пяць на дзесяць метраў) бел-чырвона-белы сцяг. «Са сцэны я распавёў пра падзеі 19 снежня 2010 года ў Менску, пералічыў прозвішчы палітзняволеных, заклікаў выказаць з імі салідарнасць. Таксама выступіў кіраўнік украінскага Камітэта вызвалення палітвязняў Мікалай Каханоўскі. Успрынялі нас вельмі цёпла», - распавёў Вячаслаў Сіўчык, які вымушаны быў пакінуць Беларусь пасля падзеяў трохгадовай даўніны.

Затым, са слоў палітыка, беларускія і ўкраінскія актывісты прайшлі калонай да будынку амбасады Беларусі ў Кіеве, дзе прынялі зварот з патрабаваннем вызваліць усіх беларускіх палітвязняў і правесці свабодныя выбары.

«Прадстаўнікі беларускіх і ўкраінскіх грамадскіх арганізацый выказваюць знак салідарнасці з беларускім народам, разумеючы, што ўлады давялі яго да рысы выжывання», - значыцца ў звароце. Яго аўтары заклікалі Лукашэнку «зрабіць адзіна магчымы адэкватны крок - разам з сям'ёй сысці з беларускай палітыкі і з'ехаць у Маскву, калі яна так яму падабаецца».

Але папярэдне, падкрэсліваецца ў адозве, Лукашэнка павінен вызваліць усіх палітвязняў. Толькі такое развіццё падзей можа быць выгадна беларускаму народу і дазволіць вярнуць у Беларусь дэмакратыю, перакананыя ўдзельнікі акцыі ў Кіеве.

Са слоў Сіўчыка, прадстаўнікі беларускай амбасады адмовіліся выйсці да іх, каб забраць тэкст звароту. У выніку пасланне было распаўсюджанае сярод журналістаў.

Беларускі апазіцыйны палітык таксама паведаміў, што ў шэсці да амбасады ўзялі ўдзел некалькі сотняў чалавек, а каля дыппрадстаўніцтва стаяла блізу сотні ўдзельнікаў акцыі. Пікет працягваўся больш за дзве гадзіны.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках