1 траўня 2024, Серада, 21:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Людзі на вуліцах - страх, ад якога ўлада не акрыяла з 19 снежня 2010 года»

38
«Людзі на вуліцах - страх, ад якога ўлада не акрыяла з 19 снежня 2010 года»

Пасля разгону Еўрамайдана ў ноч на 30 лістапада, падзеі ў Кіеве развіваюцца з хуткасцю ляснога пажару.

Пакуль Украіна, здзіўленая жорсткасцю спецназа, ладзіць мільённыя мітынгі і патрабуе адстаўкі прэзідэнта, афіцыйны Менск ніяк не рэагуе на падзеі ў суседзяў. Маўчаць пра Кіеў і беларускія афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі.

«Салідарнасць» пацікавілася ў палітолага Валерыя Карбалевіча, як будзе паводзіць сябе ў сітуацыі, якая склалася, афіцыйны Менск, і чаго варта чакаць ад развіцця пратэстнай сітуацыі ва Украіне.

«Сцэнар змены ўлады ва Украіне пакуль выглядае вельмі гіпатэтычным, - адзначыў ён. - Пакуль да змены ўлады справа не дайшла і наўрад ці дойдзе. Аднак такога ўзроўню геапалітычнага супрацьстаяння паміж Еўропай і Расеяй мы не бачылі з часоў распаду СССР».

Карбалевіч адзначае, што Украіна, безумоўна, самы сур'ёзны рэгіён ва Усходняй Еўропе, за які ідзе сур'ёзная барацьба. Пры гэтым сітуацыя на Еўрамайдане істотна адрозніваецца ад «аранжавай рэвалюцыі» 2004 года.

«Тады была рэальная магчымасць паўплываць на выбар прэзідэнта, былі пацверджанні фальсіфікацый, а сёння - няма сумневаў у тым, што прэзідэнт легітымны, і зрушыць яго не так проста, як здаецца, - выказаў меркаванне эксперт. - У пачатку пратэсту патрабаванні тычыліся еўраінтэграцыі, а не адстаўкі прэзідэнта. Усё змянілася пасля сілавога сцэнара на Майдане. Паглядзім, як будуць развівацца падзеі ў далейшым».

Разам з тым палітолаг адзначае, што беларускія ўлады занялі насцярожана-чакальную пазіцыю ў дачыненні да ўкраінскіх падзей.

«Відавочна, што для беларускай улады людзі на вуліцах - гэта такі страх, ад якога яна не можа акрыяць з 19 снежня 2010 года, - канстатуе Валерый Карбалевіч. - Дастаткова ўспомніць, як у 2004 годзе Лукашэнка рэагаваў на «аранжавую рэвалюцыю». Ён кожны дзень, нават падчас візіту ў царкву, паўтараў, што «ў Беларусі рэвалюцыі не будзе». Падзеі ў Кіеве яго сур'ёзна турбавалі, бо рэвалюцыйны настрой можа перакінуцца адтуль і на суседзяў».

На думку суразмоўца, дзяржаўныя СМІ будуць адмоўчвацца пра падзеі ва Украіне да таго моманту, пакуль ім не будзе дадзеная адмашка зверху:

«А афіцыйны Менск, у сваю чаргу, заняў чакальную пазіцыю. У любым выпадку, падобнае замоўчванне выглядае недарэчна, таму што даведацца пра сітуацыю ў Кіеве можна з тэленавінаў або інтэрнэту».

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках