18 траўня 2024, Субота, 10:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Руслана: Вельмі разлічваю на падтрымку беларусаў

79
Руслана: Вельмі разлічваю на падтрымку беларусаў

Вядомая ўкраінская спявачка звярнулася да беларусаў.

Руслана правяла гэтыя дні на Майдане Незалежнасці разам з сотнямі тысяч іншых пратэстоўцаў. Яе зварот да нашых суайчыннікаў прагучаў у эфіры «Радыё Рацыя».

«Я заўсёды ведала, што беларускі народ вельмі падтрымлівае Украіну. Дарагія браты! Я вельмі шмат разоў выступала ў Беларусі, мы вельмі любім Беларусь, вы павінны паверыць маім словам. Тое, што зроблена ва Украіне - гэта злачынства супраць украінскага народа. Украінскі народ бачыў для сябе будучыню, ён разумеў, што Еўропа дасць страхоўку, якую мы зможам выкарыстоўваць, каб пазбавіцца ад карупцыі, хабараў, гвалту, прававога бязмежжа. Ва Украіне суды набытыя, правасуддзе набытае, а законы працуюць выключна для тых людзей, якія імі кіруюць», - сказала яна.

Спявачка патлумачыла, чаму сотні тысяч грамадзян яе краіны выйшлі на акцыі пратэсту.

«Мы напраўду хочам у Еўразвяз, бо мы хочам, каб Украіну абаранілі стандарты і патрабаванні. Мы больш не жадаем прыватызацыі краіны, мы не хочам, каб нам адключалі газ, каб краіну прыніжалі і шантажавалі. Тут няма палітыкі - гэта простыя людзі, якія выйшлі на Майдан, над імі не было ніводнага палітычнага сцяга ў той дзень, калі білі студэнтаў. Студэнты - гэта самыя прынцыповыя людзі ў свеце, яны заўсёды ідэалісты і максімалісты, яны стаяць за ідэю, іх ніхто не здольны справакаваць, яны шчырыя і абсалютна ўпэўненыя ў сваіх перакананнях. Гэта былі простыя хлопцы, якіх збілі да паўсмерці. Дзяўчат, якія спалі, так жорстка збілі, што нават немагчыма ўявіць. Я бачыла гэтую кроў на ўласныя вочы, і магу вам сказаць - гэта жудаснае відовішча.

Не верце таму, што вам кажуць палітыкі ці правакатары ў навінах, калі ласка, верце простым чалавечым словам, людзі вам скажуць толькі адно - гэта зверства супраць дзяцей. Мы ніколі не зможам гэта забыць, бо гэта была сапраўдная крывавая ноч, іх збівалі з задавальненнем, з крывой усмешкай, ды яшчэ крычалі: «Хацелі атрымаць - атрымлівайце». Як такое магло адбыцца? Хто гэта зрабіў, прэзідэнт Януковіч? А чаму ж ён цяпер кажа, што не мае да гэтага дачынення? Улада памыла рукі і сказала, што гэта не яны. А хто тады, хто? Хто аддаў загад біць мірную моладзь? Я вельмі разлічваю на падтрымку беларускага народа. Простыя украінцы вельмі вас любяць і вельмі разлічваюць на разуменне ў цяжкую хвіліну, прыязджайце на Майдан, пабудзьце з намі пару гадзін», - сказала Руслана.

Нагадаем, на віленскім саміце Усходняга партнёрства 28-29 лістапада прэзідэнт Віктар Януковіч не падпісаў Пагадненне аб асацыяцыі Украіны з ЕЗ. Кіеў прапанаваў Брусэлю прыцягнуць Расею да абмеркавання палажэнняў пагаднення. ЕЗ пакуль на такую прапанову не згаджаецца.

Пасля саміту ў Вільні шэраг польскіх высокапастаўленых чыноўнікаў скасавалі візіты ва Украіну.

Жыхары краіны ўжо адказалі на зрыў падпісання пагаднення беспрэцэдэнтнай акцыяй пратэсту. Яна праходзіць ва ўсёй Украіне ўжо другі тыдзень і б'е рэкорды колькасці ўдзельнікаў падзей 2004 года. Кульмінацыяй акцыі, якую ўжо называюць «еўрарэвалюцыяй», былі ўчорашнія падзеі ў Кіеве. У мірнай акцыі на Майдане Незалежнасці ўзялі ўдзел ад 500 да 700 тысяч чалавек. Каля рэзідэнцыі Януковіча адбыліся сутыкненні, справакаваныя некалькімі сотнямі невядомых хуліганаў у масках. Апазіцыя асудзіла правакатараў і заявіла аб працягу акцыі. Сёння ва Украіне абвешчаны агульнанацыянальны страйк.

Фота: «Радыё Рацыя»

Напісаць каментар 79

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках