26 красавiка 2024, Пятніца, 23:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мазырскі НПЗ прадаюць Расеі

105
Мазырскі НПЗ прадаюць Расеі

Мазырскі НПЗ прададуць Расеі за павелічэнне паставак нафты.

У якасці адной з умоў прыватызацыі Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Беларусь прапанавала расейскай кампаніі «Раснафта» павялічыць да 2020 года пастаўкі нафты ў Беларусь да 20 мільёнаў тон. Пра гэта паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Пётр Пракаповіч, выступаючы 20 снежня на сумесным пасяджэнні дзвюх «палат» «нацыянальнага сходу».

«Размова ідзе, каб частка нафты, якая пастаўляецца ў Еўропу, перапрацоўвалася ў Беларусі і прадавалася на экспарт», - сказаў ён.

На думку Пракаповіча, на працягу месяца расейскі бок вызначыцца па гэтым пытанні. Калі Расея падтрымае гэтую прапанову, гэта будзе азначаць для Беларусі буйны інвестыцыйны праект, падкрэсліў Пётр Пракаповіч.

«Гасіць» даўгі будуць новымі крэдытамі

Пракаповіч лічыць, што ў 2014 годзе пагашэнне і абслугоўванне знешняга дзярждоўгу павінна ажыццяўляцца толькі за кошт знешніх і ўнутраных запазычанняў, піша «Інтэрфакс».

«Стаіць задача па рэструктурызацыі знешняй запазычанасці. У праекце бюджэту запісана, што $2 млрд мы атрымаем за кошт унутраных і знешніх запазычанняў. Але я думаю, што гэта будзе $2,6 млрд», - сказаў ён.

Ён нагадаў, што менавіта такую суму ў 2014 годзе Беларусь павінна накіраваць на абслугоўванне і пагашэнне знешняга дзярждоўгу.

«Мы павінны вырашыць гэтую задачу, каб не чапаць золатавалютныя рэзервы, расплаціцца па сваіх даўгах, не чапаючы залаты запас», - сказаў ён.

«Калі б у нас было 2,5 млн кароў, праблемаў бы не было»

Віцэ-прэм'ер Беларусі Пётр Пракаповіч перакананы, што каровы выратуюць беларускую эканоміку.

«У вытворчасці малака ёсць вялікія рэзервы, а мы ўжо два гады топчамся на месцы. Калі б мы маглі сёння мець 2,5 млн кароў, як у 1992 годзе, і кожная карова давала бы 5 тыс. літраў малака, у нас бы наогул сёння ніякіх праблем у эканоміцы не было», - заявіў Пётр Пракаповіч, выступаючы ў пятніцу ў беларускім «парламенце».

Ён адзначыў, што ў 2013 годзе экспарт харчавання перавысіць, як чакаецца, $5 млрд, а за 10 месяцаў 2013 года прафіцыт знешняга гандлю харчаваннем склаў $1,4 млрд, піша «Інтэрфакс».

Пракаповіч дадаў, што лічыць выканальнай задачай выйсці ў 2015 годзе на аб'ёмы экспарту прадуктаў харчавання ў $7 млрд.

Ён таксама паведаміў, што ў 2014 годзе ўзровень дзяржпадтрымкі аграпрамысловага комплексу складзе прыкладна такую ж суму, што і ў 2013 годзе. Паводле яго слоў, у 2014 годзе на фінансаванне дзяржпраграм у сферы АПК плануецца накіраваць Br22-24 трлн. «У бліжэйшыя дні гэтая лічба будзе ўрэгуляваная», - сказаў Пракаповіч.

Дзяржаўная доля ў МТС можа быць прададзеная ў I квартале

Пракаповіч лічыць, што здзелка па продажы долі дзяржавы ў СТАА «Мабільныя ТэлеСістэмы» можа быць ажыццёўленая ў I квартале 2014 года.

«Я думаю, што калі конкурс (па продажы дзяржпакета) пройдзе паспяхова, гэта будзе буйны праект, які будзе рэалізаваны ў I квартале», - сказаў ён.

Ён дадаў, што лічыць вопыт па продажы актываў «Белтрансгазу» станоўчым. «Вопыт «Белтрансгазу» станоўчы, і такі вопыт з'яўляецца нармальным. Прыцягненне прамых замежных інвестыцый - гэта галоўны шлях для нас», - падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Як паведамлялася раней, 11 снежня пачатковы кошт дзярждолі СТАА «МТС» быў зніжаны да $863 млн, Дзяржаўны камітэт па маёмасці Беларусі абвясціў конкурсны адбор для ажыццяўлення продажу дзярждолі ў кампаніі.

«Чаму мы зацыкліліся на ўласнасці? Гэта не мода XXI стагоддзя»

Акцыі прадпрыемстваў з дзярждоляй менш за 25% будуць прадавацца, паведаміў віцэ-прэм'ер Беларусі Пётр Пракаповіч, піша БелаПАН.

«Мы прынялі канкрэтныя даручэнні і рашэнні. Там, дзе доля дзяржавы менш за 25%, неабходна вырашыць пытанне аб продажы гэтых акцый», - сказаў Пракаповіч, падкрэсліўшы, што невялікія пакеты акцый у такіх прадпрыемствах з'яўляюцца «замарожанымі сродкамі» дзяржавы.

Акрамя гэтага, дадаў ён, урад даручыў прыцягваць беларускіх інвестараў на сістэматычна стратныя арганізацыі. «У нас у краіне вырас ўжо цэлы клас уласнікаў, якія маюць рэсурсы, маюць магчымасці, і паказалі, што ўмеюць працаваць. Мы павінны садзейнічаць таму, каб яны выкуплялі такія прадпрыемствы», - заявіў Пракаповіч.

Плануецца таксама прыцягваць інвестараў на некаторыя мадэрнізуемыя прадпрыемствы. «На тыя мадэрнізуемыя прадпрыемствы, якія закрэдытаваныя і не маюць сродкаў для развіцця, неабходна прыцягваць інвестараў», - адзначыў віцэ-прэм'ер.

Ён падкрэсліў, што прыватызацыя не з'яўляецца самамэтай, а накіраваная на павышэнне эфектыўнасці дзеючых прадпрыемстваў. «Чаму мы зацыкліліся на ўласнасці? Гэта не мода XXI стагоддзя. У XIX-XX стагоддзях вялі размовы пра ўласнасць, а ў XXI стагоддзі размова пра ўласнасць некарэктная, размову трэба весці пра эфектыўнасць», - лічыць Пракаповіч.

Пры гэтым ён прызнаў, што той аб'ём інвестыцый, якія прыцягвае сёння Беларусь, з'яўляецца недастатковым. «На жаль, зараз мы працуем ва ўмовах прыцягнення паўтары-двух мільярдаў даляраў інвестыцый. Калі б прыцягвалі 8-10 мільярдаў даляраў у год, то ў нас ніякіх праблем са збалансаванасцю эканомікі не было. Прыцягненне чужых рэсурсаў - самы эфектыўны спосаб збалансаваць эканоміку», - падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Напісаць каментар 105

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках