26 красавiка 2024, Пятніца, 9:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Х'ю Грант: Беларусы, заставайцеся моцнымі (Відэа)

16

Вядомы брытанскі акцёр звярнуўся да беларусаў з нагоды трэцяй гадавіны Плошчы.

Х'ю Грант запісаў свой відэазварот 19 снежня.

«Ад свайго імя і ад імя акцёрскай супольнасці Лондана і Брытаніі, думаю што і ад усіх брытанцаў, я хачу выказаць падтрымку рабоце Беларускага свабоднага тэатра і тым вельмі адважным людзям, якія супрацьстаяць Лукашэнку - апошняму дыктатару Еўропы. Мы разам з вамі! Мы з вамі салідарныя, асабліва ў гэты дзень.

Сёння 19 снежня, і я ведаю, што 19 снежня - вельмі важны дзень у гісторыі Беларусі. Я выдатна памятаю, што здарылася ў гэты дзень у Беларусі ў 2010 годзе. Брытанцы з вамі! Усе тыя людзі, хто браў удзел у выступленнях у Беларусі і хто цяпер, магчыма, у турме, заставайцеся моцнымі і ведайце, што ў вас вельмі шмат сяброў у нас у краіне, у тым ліку я. Жыве Беларусь!» - заявіў Х'ю Грант ў відэазвароце, запісаным прадстаўнікамі Беларускага свабоднага тэатра.

Вядомы брытанскі акцёр раней неаднаразова выказваўся ў падтрымку беларускіх палітвязняў і іх сем'яў. Летам 2013 года ён сустрэўся ў Лондане з былым кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Андрэем Саннікавым.

19 снежня 2010 года ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Пасля закрыцця выбарчых участкаў дзесяткі тысяч чалавек выйшлі на дэманстрацыю супраць фальсіфікацый вынікаў выбараў. Яна стала самай масавай акцыяй пратэсту ў Беларусі за апошнія гады. Але мірны пратэст быў жорстка падаўлены міліцыяй і ўнутранымі войскамі.

Затрыманні, допыты і арышты актывістаў апазіцыі працягнуліся некалькі месяцаў. Больш за 700 чалавек былі кінутыя за краты, дзесяткі збітых патрапілі ў бальніцы. У дачыненні да 46 лідараў і актывістаў апазіцыі, у тым ліку супраць кандыдатаў у прэзідэнты распачалі крымінальныя справы, многія з іх трапілі ў турмы на тэрмін ад двух да шасці гадоў. Тысячы беларусаў былі вымушаныя пакінуць радзіму, баючыся крымінальнага пераследу.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках