20 траўня 2024, панядзелак, 11:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Надзея Талаконнікава: Я заклікаю да байкоту Алімпіяды ў Сочы (Відэа)

68

Удзельніца Pussy Riot таксама заклікала ЕЗ не купляцца на расейскія нафту і газ.

23 снежня ўдзельніца панк-гурта Pussy Riot Надзея Талаконнікава выйшла на волю. Пасля выхаду з турмы актывістка заявіла, што будзе ўсяляк падтрымліваць тых, хто знаходзіцца ў зняволенні.

Талаконнікава таксама адказала на пытанні журналістаў, перадае «Дождь».

- Тыя захады, якія зробленыя цяпер, безумоўна, недастатковыя. Гэта смешна, трэба вызваляць людзей у значна большым маштабе. У кожным выпадку еўрапейскія краіны могуць перагледзець сваё меркаванне наконт Алімпіяды, а так я заклікаю. Я заклікаю да байкоту, я заклікаю да сумленнасці, я заклікаю не купляюцца на нафту і газ, якія можа даць Расея. Заклікаю ўжыць усе гуманістычныя нормы, традыцыі і правілы, пра якія кажа Еўропа. Гэта было б сапраўды сумленна. Я за праўду, сумленнасць. Ува мне нічога не змянілася з тых часоў, як я села. Я стала больш моцная, гартоўная. Я спадзяюся, што цяпер я здолею змяняць сітуацыю ў краіне да лепшага. Я буду старацца гэта рабіць.

- Вы з’едзеце з краіны?

- Ні ў якім разе. Тыя людзі, якія акупавалі Расею, не павінны тут знаходзіцца ні ў якім разе. Я не ведаю, што яшчэ можна запалохаць чалавека, які адседзеў амаль два гады. Ува мне дадалося рашучасці.

- Да Вас хто-небудзь звяртаўся з патрыярхаў Рускай праваслаўнай царквы з прапановай памірыцца? Плануеце з імі выйсці на кантакт?

- Калі яны звернуцца, я пагавару з імі. У мяне няма ніякіх крыўдаў.

- Вы будзеце сустракацца з Марыяй Алехінай? Калі? І якія ў Вас далейшыя планы, супольная дзейнасць?

- Бліжэйшым часам я меруся сустрэцца з Алехінай. У нас ёсць праект, які трэба абмеркаваць. Гэта праект праваабарончай арганізацыі для дапамогі зняволеным у Расеі.

- Надзежда, сапраўды яна зараз ляціць у Краснаярск, каб сустрэцца з Вамі?

- У нас было гэта ў планах. Паколькі я выйшла з-за брамы 2 хвіліны таму, я не магу вам сцвярджальна сказаць, што дакладна. Нам трэба сустрэцца з ёй як мага раней для таго, каб разам працаваць і выкарыстоўваць той досвед, які мы набылі за гэтыя амаль два гады, не пакінуць гэты час проста так. Я не ўважаю гэты час за страчаны для сябе. Я набыла ўнікальны досвед. Таму займацца канкрэтнай праваабарончай дзейнасцю будзе значна прасцей, чым раней. Я пасталела і спазнала дзяржаву знутры, я ўбачыла гэтую маленькую таталітарную машыну, якая яна ёсць знутры. Расея сапраўды пабудавана паводле мадэлі калоніі. Таму так важна мяняць калоніі цяпер, каб разам з гэтымі калоніямі змяніць Расею. Калонія і турма - гэта твар краіны.

- Як Вы ставіцеся да супрацоўнікаў ФСВП? Усе аднолькавыя?

- Ні ў якім разе. Ёсць годныя і сумленныя супрацоўнікі ФСВП, але ёсць і людзі, якія парушаюць нашы правы штодня, правы тых людзей, якія могуць патрапіць туды. Ад астрогу няма перасцярогу, як той казаў, таму кожны павінен змагацца за тое, каб варункі былі сапраўды годныя як побытавыя, так і псіхалагічныя. Стаўленне да зняволенага павінна быць такое ж, як да звычайнага, нармальнага чалавека, можа быць, нават больш трапяткое, больш уважлівае, але ні ў якім выпадку не як да падоння грамадства, як адбывалася ў тым рэгіёне, з якога я з'ехала, як гэта адбывалася ў Мардовіі. Я хачу, каб вы зразумелі, што я не пэцкаю ўсіх супрацоўнікаў адной бруднай фарбай. За час свайго зняволення я ўбачыла, што яны могуць быць сапраўднымі, яны могуць праўдзіва весці службу. Мне хацелася б, каб такіх станавілася больш. Вельмі шмат залежыць ад кіраўніка таго рэгіёну, у якім знаходзіцца крымінальна-выканаўчая сістэма. У прыватнасці, у Краснаярску сітуацыя значна лепшая. Краснаярскай сітуацыяй апекуецца жанчына, а ў Мардовіі - Сімчанкоў. Мне, шчыра кажучы, вельмі хацелася б папрацаваць над тым, каб Сімчанкова зняць. Бо я баюся, што да таго часу, пакуль Сімчанкоў будзе пры ўладзе, у Мардовіі нічога не зменіцца, людзей будуць таксама забіваць маральна і фізічна, гэта будзе таксама хаваць, таму што ў рэгіёне квітнее «круговая порука». Пракурор прыязджае і кажа пра тое, што ён не бачыць нічога, хоць за некалькі дзён да гэтага там была велізарная маскоўская камісія, і яна сказала, што выяўленая вялізная колькасць парушэнняў. І які цынізм, калі прыязджае пракурор і кажа, што ніякіх парушэнняў няма. Безумоўна, я за гэта буду змагацца, каб усе гэтыя парушэнні былі прызнаныя. Я выйшла, але там засталіся тыя людзі, якія мне дарагія. Я б хацела заступіцца за іх.

- Ёсць нешта, чаго Вы баіцеся?

- Не.

- А Вы баіцеся за сваё жыццё, калі будзеце працягваць змаганне з ФСВП?

- Я не баюся за сваё жыццё, гэта было б непрыстойна, гэта няправільна. Чалавеку дадзенае жыццё для таго, каб дзейнічаць, мяняць свет да лепшага, як ён мяркуе, прыслухоўваючыся да навакольных людзей. Баяцца - гэта няправільна.

- Калі Вы плануеце пабачыць дачку?

- Я планую паляцець у Маскву і ўбачыць яе там бліжэйшым часам.

- Ну, а цяпер да бабулі...

- Цяперака, вядома, бабуля доўга мяне чакала, яна вельмі хоча мяне ўбачыць, таму я думаю, што акурат цяпер да яе адпраўлюся. Магчыма, з кімсьці я буду рада сустрэцца пазней, а так я адпраўлюся.

Нагадаем, удзельніцы Pussy Riot былі асуджаныя на два гады калоніі кожная ў жніўні мінулага года. Суд прыняў панк-набажэнства ў храме Хрыста Збаўцы за акт хуліганства і распальвання сацыяльнай нянавісці. Дзве ўдзельніцы групы - Надзежда Талаконнікава і Марыя Алехіна - былі вызваленыя паводле амністыі.

Напісаць каментар 68

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках