18 траўня 2024, Субота, 14:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Айцец Надсан: Жадаю сілы, каб пераадолець цяжкасці і не зламацца

8
Айцец Надсан: Жадаю сілы, каб пераадолець цяжкасці і не зламацца

Апостальскі візітатар беларусаў грэка-каталікоў замежжа Аляксандар Надсан звярнуўся да вернікаў.

Яго зварот прыводзіць сайт «Радыё Свабода».

«Калі я гляджу на нябёсы Твае, - твор Тваіх рук, на месяц і зоркі, якія Ты паставіў, тое што ёсць чалавек, што Ты памятаеш, і сын чалавечы, што Ты наведваеш яго?» (Пс 8:4-5 )

Гэтыя словы псалма добра перадаюць пачуцці чалавека, які, узіраючыся ў веліч Божага тварэння, імкнецца зразумець, чаму Бог надае так шмат увагі такой нязначнай сутнасці, як чалавек.

Падсвядома аўтар адчувае, што ў плане Божага тварэння чалавек займае асаблівае, хоць яшчэ не зусім для яго зразумелае месца.

Гэты план Божы знайшоў сваё завяршэнне ў падзеі, памяць аб якім мы святкуем і пра якое святы Павел сказаў: «Але калі прыйшла паўната часу, Бог паслаў Сына Свайго, які нарадзіўся ад жанчыны і хадзіў пад законам, каб адкупіць падзаконных, каб нам атрымаць усынаўленне.» (Гал 4:4-5).

Іншымі словамі, Гасподзь і Бог наш Ісус Хрыстос стаў чалавекам, адным з нас, каб даць нам магчымасць стаць дзецьмі Божымі, удзельнікамі Боскага жыцця.

Нам давялося бачыць розныя чалавечыя спробы зрабіць нас «шчаслівымі», не пытаючыся нашай згоды. Нашы «дабрачынцы» думаюць, што ведаюць лепш за нас, што нам трэба для шчасця. І калі мы з імі не пагаджаемся, яны не супраць прымяніць сілу, каб нас, неразумных, ашчаслівіць. Вынікі іх «дабрачыннай» дзейнасці нам добра вядомыя.

Не так дзейнічае Бог. Таму Ён па ўласнай волі прыйшоў у свет, як малое бездапаможнае дзіця, якое не толькі не пагражала нікому, але і мела патрэбу ў нашай дапамозе і спагадзе. Потым, у дарослым узросце, Ён адмовіцца ад ужывання сілы і не будзе абяцаць «неадкладнага шчасця», але скажа: «Прыйдзіце да Мяне, усе струджаныя і прыгнечаныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорлівы сэрцам, і знойдзеце спакой душам вашым. Бо ярмо Маё добрае, і цяжар Мой лёгкі ёсць» (Мф 11:28-30). Іншымі словамі, Ён абяцаў тым, што пайшлі за ім, не вызваленне ад цяжкасцяў, а даць сілу пераносіць іх.

Вось гэтай сілы духоўнай, каб перанесці цяжкасці жыццёвыя і не зламацца, хай Госпад і Бог наш Ісус Хрыстос, чыё нараджэнне ў целе сёння радасна святкуем, дасць нам усім», - гаворыцца ў звароце айца Надсана.

Фота: bymedia.net

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках