18 траўня 2024, Субота, 10:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мышалоўка для Лукашэнкі

31
Мышалоўка для Лукашэнкі

Расейскі крэдыт - не дабрачыннасць, а цвярозы разлік Крамля.

Гатоўнасць да інтэграцыі, якую кіраўнік Беларусі прадэманстраваў на пасяджэннях Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і Вышэйшага дзяржаўнага савета «саюзнай дзяржавы», атрымала матэрыяльную ацэнку Крамля. Па выніках сустрэч у Маскве, 24 і 25 снежня, Менску будзе вылучана 2 мільярда даляраў крэдыту тэрмінам на 10 гадоў, перадае Deutsche Welle.

Падтрымка прыйдзецца вельмі дарэчы. Краіна на парозе чарговага валютнага крызісу, і ў адсутнасці знешніх запазычанняў беларускага рубля пагражае немінучая дэвальвацыя. Праўда, сума расейскай дапамогі Беларусі відавочна малая, у параўнанні з абяцанымі Украіне 15 мільярдамі даляраў. Але ў беларускага кіраўніцтва няма выбару. Грошы трэба браць, пакуль даюць. Пры гэтым у Менска застаецца ўсё менш шанцаў, што сваю інтэграцыйную лаяльнасць ён зможа прадаваць Маскве бясконца.

«Запаветная мэта» кіраўніка Беларусі

Крэмль па-майстэрску падвёў да таго, што на абодвух маскоўскіх самітах на вышэйшым узроўні беларускі прэзідэнт быў вымушаны пазбягаць крытыкі праекта дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС), якую мог дазволіць сабе, напрыклад, прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў. Два мільярда даляраў Лукашэнка прасіў у прэзідэнта Расеі яшчэ са снежня мінулага года.

Таму, у адрозненне ад Нурсултана Назарбаева, які адмаўляе палітызацыю інтэграцыйнага праекта, і палажэнні, якія выходзяць за межы эканамічнай інтэграцыі, Лукашэнка казаў толькі тое, што ад яго хацелі пачуць у Крамлі. Ён назваў ЕАЭС «запаветнай мэтай», пагадзіўся з абавязковым выкананнем усіх рашэнняў вышэйшых органаў Еўразійскага саюза і загадзя абвясціў пра тое, што будзе лічыць «ганьбай, калі новае саюзнае аб'яднанне не запрауе ў запланаваны тэрмін - з 1 студзеня 2015 года».

Пафасная рыторыка кіраўніка Беларусі на адрас пуцінскага праекта тлумачыцца проста. Хуткая эканамічная дапамога ў выглядзе новых пазык, 440 мільёнаў даляраў апошняга транша крэдыту ЕўрАзЭС і энергарэсурсаў «па братэрскіх коштах» можа прыйсці толькі з Расеі. Але галоўнае, Лукашэнка разлічвае, што ў рамках ЕАЭС будуць ліквідаваныя экспартныя пошліны на вываз нафтапрадуктаў з расейскай нафты, якія Беларусь вымушаная плаціць у расейскі бюджэт.

Свята паслушэнства

Варта адзначыць, што сваю інтэграцыйную паслухмянасць Менск пачаў дэманстраваць усяго за тыдзень да Вышэйшага дзяржаўнага савета «саюзнай дзяржавы». 18 снежня беларускі ўрад нечакана адрапартаваў пра гатоўнасць прадаць акцыі Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, аб'яднаць актывы МАЗа і КАМАЗа і прыватызаваць Менскі завод колавых цягачоў, чаму яшчэ нядаўна супрацівіўся Лукашэнка.

21 снежня віцэ-прэм'еры Расеі і Беларусі абмеркавалі ў Маскве графікі рэалізацыі даўно чаканых расейскім бізнесам сумесных прыватызацыйных праектаў і ўзгаднілі аб'ём паставак расейскай нафты. Праўда, нафтавы баланс «звярстаны» не на ўвесь 2014 год, а толькі на першае паўгоддзе. Гэта сведчыць пра тое, што Крэмль больш не падмане паказная згодлівасць Менска, звычайна спадарожная крайняй патрэбе ў крэдытах.

Цвярозы разлік

Трэба сказаць, афіцыйна аб выніках сустрэч кіраўнікоў Беларусі і Расеі паведамляецца толькі тое, што «ўладжаныя вострыя пытанні двухбаковых адносінаў», і ні слова пра тое, якія актывы і калі гатовы аддаць расейцам беларускі бок. Пры гэтым, акрамя абяцаных Пуціным 2 мільярдаў даляраў, у 2014 годзе Расея адкрые для Беларусі яшчэ адну крэдытную лінію ў 500 мільёнаў даляраў на будаўніцтва АЭС у Астраўцы.

Але залаты дождж уліванняў у беларускую эканоміку - зусім не калядная дабрачыннасць, а цвярозы разлік Крамля. У Маскве разумеюць, што любыя субсідыі без эканамічных рэформаў банальна праядаюцца, як гэта і адбываецца ў Беларусі. А ў 2015 годзе, калі плануецца запуск Еўразійскага эканамічнага саюза, да чарговых прэзідэнцкіх выбараў Менску для падтрымання стабільнасці зноў спатрэбіцца і валюта, і гарантаваныя пастаўкі расейскай нафты ў аб'ёме не менш як 23 мільёна тон у год.

Так што сваю інтэграцыйную лаяльнасць Менск не зможа прадаваць Маскве бясконца. У кіраўніка Беларусі застаецца ўсё менш шанцаў на выманьванне крэдытаў і на шантаж Крамля адмовай падпісаць дамову аб ЕАЭС.

Фота: Дзмітрый Азараў / Коммерсантъ

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках