Лукашэнка павіншаваў новага мітрапаліта Паўла праз тры дні
89- 28.12.2013, 15:33
- 28,477
Тэкст віншаванні з'явіўся сёння на яго сайце.
«Праваслаўная царква з'яўляецца вядучай канфесіяй нашай краіны, робіць значны ўклад у захаванне і ўзбагачэнне духоўных і маральных традыцый беларускага народа. У Беларусі склаліся сапраўды партнёрскія дзяржаўна-царкоўныя адносіны, вядзецца зацікаўлены, канструктыўны дыялог, накіраваны на развязанне важнейшых сацыяльных пытанняў грамадства», - гаворыцца ў віншаванні.
«Вы маеце багаты вопыт працы ў праваслаўных прыходах, размешчаных у розных краінах, карыстаецеся аўтарытэтам і павагай сярод святароў і вернікаў. Перакананы, што на высокай пасадзе кіраўніка Беларускага Экзархата вы зробіце ўсё магчымае для захавання і развіцця традыцый супрацоўніцтва краіны і царквы, будзеце актыўна спрыяць умацаванню стабільнасці, згоды і міру ў беларускім грамадстве», - адзначыў дыктатар.
Як паведамлялася, 25 снежня Свяшчэнны сінод пастанавіў задаволіць прашэнне Правялебнага Мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, аб адпраўцы яго на спакой у сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту.
Правялебны Мітрапаліт Разанскі і Міхайлоўскі Павел нарадзіўся 19 лютага 1952 года ў Карагандзе ў сям'і рабочых. У 1973-1976 гадах вучыўся ў Маскоўскай духоўнай семінарыі. У 1980 годзе скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя. Пастановай Святога Сінода ад 19 лютага 1992 года быў прызначаны біскупам Зарайскім, які кіраваў патрыяршымі прыходамі ў ЗША і часова ў Канадзе. У 1999 годзе прызначаны біскупам Венскім і Аўстрыйскім. У 2001 годзе ўзведзены ў сан арцыбіскупа з тытулам Венскі і Будапешцкі. Пастановай Святога Сінода ад 5-6 кастрычніка 2011 года яму прысвоены тытул Разанскі і Міхайлаўскі, ён прызначаны кіраўніком новастворанай Разанскай мітраполіі. 8 кастрычніка 2011 года ўзведзены ў сан мітрапаліта.