На волю выйшаў удзельнік групы «Стоп-падатак»
44- 29.12.2013, 19:36
- 23,442
Пасля трохсутачнага адміністрацыйнага арышту выйшаў на свабоду 23-гадовы актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі Антон Касцоў.
24 снежня супрацоўнікі міліцыі абвінавацілі Касцова ў парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў, палічыўшы яго стваральнікам групы «Стоп-падатак» у сацыяльнай сетцы «Вконтакте». На юнака склалі пратакол па частцы 1 артыкула 23.34 КаАП, канфіскавалі ў яго ноўтбук. 26 снежня Антон Касцоў быў выкліканы ў Кастрычніцкі РАУС Магілёва для вывучэння яго перапіскі ў сацсетцы. З міліцыі яго даставілі ў суд, які прыняў пастанову пакараць Касцова трыма суткамі арышту.
«Абвінавачванне было перакваліфікавана на частку 2 артыкула 23.34 КаАП - што я ўсё ж з'яўляўся арганізатарам акцыі «Стоп-падатак» 20 снежня. У судзе справа разглядалася 10-15 хвілін, на пасяджэнні прысутнічалі два міліцыянты, я нават нікому не змог паведаміць - усё вельмі хутка адбылося», - распавёў БелаПАН Антон Касцоў пасля выхаду з ІЧУ.
Стаўленне з боку супрацоўнікаў міліцыі ў ізалятары, паводле яго слоў, было нармальнае - «не такое, як да дэбашырам і хуліганам».
Пра свой удзел у групе «Стоп-падатак» Антон Касцоў не шкадуе, нават улічваючы, што ў Магілёве акцыі пратэсту супраць увядзення новага транспартнага падатку, па сутнасці, не адбыліся. «Хтосьці гэтым павінен быў займацца», - мяркуе ён.
Сустрэць вязня з ІЧУ прыйшло блізу 15 чалавек - яго родныя, журналісты, праваабаронцы, мясцовыя актывісты апазіцыі.
У Магілёве 20 снежня ў акцыі «Стоп-падатак» узялі ўдзел усяго некалькі аўтамабіляў, 27 снежня - толькі адзін.
Фота: nn.by