6 траўня 2024, панядзелак, 2:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менск застаўся без шостага транша крэдыту ЕўрАзЭС

23
Менск застаўся без шостага транша крэдыту ЕўрАзЭС

Беларускія ўлады не атрымаюць у хуткім часе апошні транш стабкрэдыту АКФ ЕўрАзЭС.

Рада АКФ адклала на паўгода разгляд пытання аб вылучэнні Беларусі шостага транша крэдыту.

Рада Антыкрызіснага фонду (АКФ) ЕўрАзЭС адклала разгляд пытання аб вылучэнні Беларусі шостага транша фінансавага крэдыту ў сувязі з невыкананнем дзесяці паказчыкаў дзеючай стабілізацыйнай праграмы. Такое рашэнне, тэкстам якога валодае БелаПАН, было прынята 27 снежня па выніках трынаццатага (завочнага) пасяджэння Рады фонду.

Беларускаму боку рэкамендавана распрацаваць і рэалізаваць меры, неабходныя для выканання ўсіх паказчыкаў шостага транша, узгадніўшы гэтыя меры і тэрміны іх выканання з Еўразійскім банкам развіцця (ЕАБР), які з'яўляецца кіраўніком сродкамі АКФ, у рамках новага Ліста аб намерах. Пры гэтым Рада АКФ падоўжыла стабілізацыйную праграму да 1 ліпеня, а дату даступнасці фінансавага крэдыту да 31 снежня 2014 года. Пытанне аб вылучэнні Беларусі шостага транша Рада АКФ зноў разгледзіць у трэцім квартале 2014 года.

«Рашэнне Рады фонду аб адтэрміноўцы шостага транша фінансавага крэдыту АКФ не выпадковае, паколькі рашэннем Рады ў чэрвені гэтага года быў узгоднены спіс з 14 паказчыкаў, выкананне якіх было неабходна для вылучэння шостага транша. На 1 кастрычніка - кантрольную дату шостага транша - з 14 паказчыкаў 10, у тым ліку пяць кантрольных, не дасягнутыя», - паведаміў намеснік старшыні праўлення Еўразійскага банка развіцця Сяргей Шаталаў.

Ён растлумачыў, што да невыканання паказчыкаў прывяло спалучэнне як знешніх фактараў, «якія непадуладныя ўраду і Нацыянальнаму банку Беларусі», так і ўнутраных, спароджаных крокамі беларускіх уладаў.

«Да ліку знешніх фактараў адносяцца тармажэнне эканамічнага росту ў Расеі, эфекты ад уступлення Расеі ў СГА, што знізіла мытную абарону рынкаў Мытнага саюза і аслабіла канкурэнтаздольнасць беларускіх экспарцёраў, а таксама падзеі на рынку калійных угнаенняў», - адзначыў Сяргей Шаталаў.

Аднак, падкрэсліў ён, «не меншую ролю ў знясіленні міжнародных рэзерваў і пагаршэнні плацёжнага балансу Беларусі адыграў працяг палітыкі крэдытнай экспансіі, тэмпы якой не знізіліся ў параўнанні з 2012 годам, роўна як і павышэнне заработнай платы тэмпамі, якія значна апярэджвалі рост прадукцыйнасці працы».

Таму лагічна, канстатаваў Шаталаў, што Рада АКФ прыняла рашэнне падоўжыць крэдытную праграму, «каб даць уладам Беларусі магчымасць да сярэдзіны 2014 года дасягнуць названых кантрольных паказчыкаў».

Кіраўніцтва Еўразійскага банка развіцця выказвае надзею, што рэалізацыя Плана сумесных дзеянняў беларускага ўрада і Нацбанка дазволіць у будучыні выканаць паказчыкі крэдытнай праграмы.

«Прыняты 10 кастрычніка урадам і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь План сумесных дзеянняў з'яўляецца крокам у правільным кірунку. Мы бачым першыя пазітыўныя вынікі яго рэалізацыі: аслаб спекулятыўны ціск на курс нацыянальнай валюты, затармазілася знясіленне міжнародных рэзерваў. Калі гэтыя пазітыўныя вынікі будуць замацаваныя яшчэ больш рашучымі крокамі ўладаў РБ на працягу першага паўгоддзя 2014 года, усе паказчыкі шостага транша могуць быць дасягнутыя», - паведаміў Сяргей Шаталаў.

Пры гэтым ён адзначыў, што Еўразійскі банк развіцця працягне «актыўную працу з уладамі Беларусі па прывядзенню стабілізацыйнай праграмы, падтрыманай фінансавым крэдытам Антыкрызіснага фонду, да паспяховага завяршэння».

Нагадаем, пачатак дзеючай праграмы Беларусі з Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС быў пакладзены два з паловай гады таму. 4 чэрвеня 2011 года Рада АКФ ухваліла вылучэнне Беларусі фінансавага крэдыту ў аб'ёме 3 млрд. даляраў ЗША, сродкі накіроўваліся на стабілізацыю плацёжнага балансу і павышэнне канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі.

Меркавалася, што крэдыт будзе вылучацца шасцю траншамі на працягу 2011-2013 гадоў у адпаведнасці з выкананнем этапаў крэдытнай праграмы беларускім урадам. Мінфін Беларусі чакаў, што шосты транш крэдыту паступіць у краіну ў лістападзе 2013 года. Пяты транш крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС Беларусь, нагадаем, атрымала 30 красавіка бягучага года.

У ацэнцы фонду аб выкананні ўмоў пятага транша паведамлялася, што пазычальнік не выканаў некалькі індыкатыўных паказчыкаў. У прыватнасці, Беларуссю не былі выкананыя індыкатыўныя паказчыкі па велічыні паступленняў сродкаў ад прыватызацыі, па ўзроўню кампенсацыі насельніцтвам кошту паслуг ЖКГ і грамадскага транспарту. Акрамя гэтага, мэтавы ўзровень па росце патрабаванняў банкаў да іншых сектараў эканомікі (індыкатыўны паказчык) па выніках 2012 года ўдвая перавысіў запланаваны ўзровень.

У 2013 годзе пасля перамоваў з беларускімі ўладамі паказчык па росту крэдытавання эканомікі быў пераведзены ў разрад кантрольных і ўстаноўлены на ўзроўні 1,5% у месяц. На думку прадстаўнікоў фонду, абмежаванне тэмпаў крэдытавання спрыяе стабілізацыі плацёжнага балансу і стрымліванню інфляцыі. Тым не менш, як паведамляў раней АКФ ЕўрАзЭС, тэмпы крэдытавання беларускай эканомікі ў бягучым годзе істотна апярэджвалі прадугледжаныя планы.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках