8 траўня 2024, Серада, 23:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У цэнтры Менска квадрацыкл 200 метраў цягнуў за сабой даішніка

25
У цэнтры Менска квадрацыкл 200 метраў цягнуў за сабой даішніка

Даволі сумна скончылася сумніўная забаўка 22-гадовага маладога чалавека, кіроўцы магутнага квадрацыкла Stels 600.

Каля гадзіны ночы ён вырашыў пракаціцца па праспекце Незалежнасці з сябрамі. «Машына рухалася па тратуары (з боку вул. Сурганава ў бок вул. Калініна), - распавяла onliner.by Таццяна Харлінская, кіраўнік прэс-службы Менскай ДАІ. - У якасці пасажыраў ехалі тры чалавекі. Інспектары заўважылі парушальнікаў і паспрабавалі іх спыніць, аднак маладыя людзі не падпарадкаваліся патрабаванням. Пачаўся пераслед».

«Нейкі час патрульная машына пераследвала квадрацыкл, рухалася паралельна па праезнай частцы з уключанымі маячкамі, - апісала развіццё падзей Таццяна Харлінская. - Stels працягваў хавацца. На скрыжаванні з вул. Калініна інспектары перакрылі дарогу парушальніку, адзін супрацоўнік выбег з аўтамабіля, наблізіўся да машыны. У гэты момант кіроўца рэзка націснуў на газ і ўрэзаўся ў заднюю частку кузава аўтамабіля. Тады выбег другі інспектар і паспрабаваў заглушыць рухавік Stels, дастаць ключ з замка запальвання. Але малады чалавек, які знаходзіўся за рулём, зноў пачаў рух. Інспектар павіс, трымаючыся адной рукой за руль».

«Такім чынам яны праехалі каля 200 метраў, супрацоўнік ДАІ ўвесь гэты час трымаўся за машыну, калі б ён адпусціў руль - патрапіў бы пад колы, - дапоўніла кіраўнік прэс-службы Менскай ДАІ. - У выніку квадрацыкл сутыкнуўся з перашкодай: на яго шляху апынуўся плот гарадскога батанічнага саду. Кіроўцу тут жа затрымалі. Ім аказаўся 22-гадовы малады чалавек. Быў ён цвярозы або п'яны, інфармацыі няма. Па лініі Дзяржаўтаінспекцыі на яго склалі некалькі адміністрацыйных пратаколаў. Матэрыялы справы перададзеныя ў Следчы камітэт для рашэння аб тым, распачынаць крымінальную справу ці не».

Паводле інфармацыі ДАІ, інспектар пацярпеў, але сур'ёзных траўмаў не атрымаў. Ён быў шпіталізаваны, аднак пагрозы яго жыццю няма.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках