27 красавiка 2024, Субота, 1:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіроўцу «Паршэ» прысудзілі да 4 гадоў калоніі-пасялення

371
Кіроўцу «Паршэ» прысудзілі да 4 гадоў калоніі-пасялення

Прысуд абвясціла 15 лютага суддзя суда Фрунзенскага раёна Менска Юлія Блізнюк.

Кіроўца «Паршэ-Кайена» Андрэй Забабура, які ў лістападзе мінулага года збіў да смерці трэцякласніка СШ № 23 Уладзіслава Грудзьева, прысуджаны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі-пасяленні, піша БелаПАН.

38-гадовы дырэктар адной з прыватных фірмаў прызнаны вінаватым па артыкуле 317 частка 2 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека).

Да такога пакарання (чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі-пасяленні) запрасіла для абвінавачанага 13 лютага дзяржабвінаваўца Ірына Лапцэвіч.

Выступаючы ў спрэчках, яна звярнула ўвагу на супярэчнасці ў паказаннях абвінавачанага на папярэднім следстве і падчас суда аб абставінах ДТЗ, у якім загінуў хлопчык. На думку абвінавачвання, гэта - «выбудаваная лінія абароны». Сведчанні Забабуры ў судзе Лапцэвіч расцаніла як няшчырыя.

Дзяржабвінаваўца таксама заявіла, што безумоўна давярае вынікам праведзенай у ходзе следства афіцыйнай экспертызы і ўпэўненая ў тым, што кіроўца меў час (3 секунды) і тэхнічныя магчымасці прадухіліць наезд на дзіця. Высновы прыцягнутага да працэсу абаронай Забабуры незалежнага эксперта, які спрабаваў пераканаць суд у тым, што кіроўца фізічна не меў магчымасці зрэагаваць на дзіця, якое кінулася на дарогу, і прадухіліць ДТЗ, Лапцэвіч назвала абсурднымі.

У сваю чаргу адвакат Забабуры Ігар Папкоўскі лічыць трагічнае ДТЗ «збегам абставінаў». «Няма ні віны дзіцяці, яго немагчыма вінаваціць, ні кіроўцы, які не парушаў правілы дарожнага руху», - заявіў абаронца, выступаючы ў спрэчках.

Папкоўскі перакананы, што ў яго падабароннага не было часу прадухіліць ДТЗ: не было трох секунд, як заяўляе следства і Дзяржабвінавачанне, у яго было максімум 0,6 секунды - час рэакцыі кіроўцы.

Трагедыя, па словах адваката, стала магчымай у тым ліку з-за неўладкаванасці тэрыторыі каля школы, з-за таго, што яна не была абгароджаная, не было створана нармалёвых умоў для школьнікаў і іх бацькоў.

Як адзначыў Папкоўскі, яго падабаронны лічыў, што мае права ўехаць пад знак «Рух забаронены", паколькі ў гэтай школе ў секцыі каратэ займаецца яго сын. Пры гэтым адвакат падкрэсліў: ён упэўнены, што Забабура не заязджаў пад знак, а трапіў да школы праз стаянку, не парушыўшы, такім чынам, правілы дарожнага руху.

Варта адзначыць, што суд двойчы адмовіў абароне ў хадайніцтве аб прызначэнні яшчэ адной аўтатэхнічнай экспертызы, нягледзячы на тое, што дзве папярэднія - афіцыйная і незалежная - паказалі розныя вынікі.

Адвакат таксама заклікаў суддзю пры вынясенні прысуду ўлічваць асобу абвінавачанага, наяўнасць у яго дваіх малалетніх дзяцей і жонкі, якая знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцем. Акрамя таго, адзначыў абаронца, Забабура стварыў прадпрыемства і забяспечвае працай 50 чалавек.

Андрэй Забабура у сваім апошнім слове сказаў, што перажывае тое, што здарылася, «як асабістую трагедыю». «З маральнага пункту гледжання я вінаваты, таму што стаў удзельнікам трагедыі, якая здарылася. Я перажываю тое, што здарылася як асабістую трагедыю, прызнаю маральную віну і гатовы яе загладзіць», - заявіў падсудны.

Забабура заявіў, што не бачыў хлопчыка, як і той - яго. Звяртаючыся да маці загінулага Алены, кіроўца «Паршэ-Кайена» паабяцаў ёй дапамагаць пры любым рашэнні суда.

Напярэдадні вынясення прысуду, 14 лютага, Андрэю Забабуры споўнілася 38 гадоў.

Напісаць каментар 371

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках