Міністра фінансаў Балгарыі звольнілі з-за пратэстаў
7- 18.02.2013, 15:20
Сімяон Дз'янкоў адпраўлены ў адстаўку праз дзень, пасля таго як па краіне пракацілася хваля пратэстаў з-за расцэнак на электраэнергію.
Пра гэта паведамілі сёння прадстаўнікі балгарскага кабінета міністраў, перадае РБК.
«Прэм'ер-міністр краіны Бойка Барысаў неўзабаве прапануе прагаласаваць па зменах у складзе ўрада ў сувязі са зняццем з пасады віцэ-прэм'ера і міністра фінансаў Балгарыі Сымона Дз'янкова», - адзначаецца ў паведамленні.
Па іх звестках, месца С.Дз'янкова ў кабінеце міністраў зойме Таміслаў Дончаў, які будзе сумяшчаць абавязкі міністра фінансаў краіны з абавязкамі міністра па кіраванні сродкамі Еўразвяза.
С.Дз'янкоў заняў пасаду міністра фінансаў Балгарыі ў 2009г. Да гэтага з 1995г. ён працаваў у Сусветным банку эканамістам.
Ён выступаў за правядзенне жорсткай фіскальнай палітыкі, якая дазваляла валюце Балгарыі ўтрымлівацца на адносна стабільным узроўні ў адносінах да еўра. Дзякуючы ўзятаму С.Дз'янковым курсу Балгарыі атрымалася скараціць бюджэтны дэфіцыт да 0,5% ВУП у 2012 г. з 2% ВУП у 2011г. Палітыка скарачэння выдаткаў набыла павагу калегаў С.Дз'янкова ў Еўразвязе.
Аднак у ліпені 2013г. у Балгарыі пройдуць парламенцкія выбары. На іх будзе абраны 42-і Народны сход Балгарыі і 88-ая міністэрская рада. Напярэдадні выбараў балгарскія ўлады імкнуцца заручыцца падтрымкай электарату, незадаволенага скарачэннем выдаткаў на сацыяльную сферу. У мінулыя выходныя па Балгарыі пракацілася хваля пратэстаў у сувязі з высокімі коштамі на электраэнергію.
Балгарыі (адной з самых бедных дзяржаў у складзе Еўразвязу) да гэтага часу не ўдаецца выбрацца з рэцэсіі: у 2009г. эканоміка краіны скарацілася больш чым на 5% і з тых часоў ВУП расце вельмі павольна.