Дзень незалежнасці Эстоніі
26- 24.02.2013, 10:20
Сёння адзначаецца 95-я гадавіна Эстонскай рэспублікі.
Паводле традыцыі, з узыходам сонца на вежы Доўгі Герман у Таліне ўзняты дзяржаўны сіне-чорна-белы сцяг. З прамовай на цырымоніі выступіць маршалак парламэнта Энэ Эргма (Ene Ergma). У цырымоніі возьмуць удзел прэзідэнт Тоамас Гэндрык Ільвэс (Toomas Hendrik Ilves), чальцы парламэнта, урада, запрошаныя прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, піша «Інтэрфакс».
У нядзелю адбудзецца ўскладанне вянкоў да падножжа помніка Вызваленчай вайне 1918-1920 гадоў, набажэнства ў Домскім саборы, адбудзецца маніфэстацыя акадэмічных таварыстваў, будуць уручаныя дзяржаўныя прэміі за дасягненні ў галіне мовы, спорту, культуры.
У Таліне на плошчы Свабоды пройдзе парад узброеных сіл Эстоніі і мілітарызаваных арганізацый.
Парад прыме кіраўнік дзяржаўнай абароны, прэзідэнт Т.Г.Ільвэс. Камандаваць парадам будзе гетман Сіл абароны генерал-маёр Рыго Тэрас (Riho Terras).
У парадзе возьмуць удзел амаль 1100 чалавек, будзе прадэманстраваная таксама вайсковая тэхніка на ўзбраенні Сіл абароны.
Як чакаецца, над пляцам Свабоды праляцяць знішчальнікі Ф-16 ВПС Даніі, якія ў парадку ратацыі ахоўваюць цяпер паветраную прастору Балтыйскіх краін.
Урачыстасці скончыць святочны канцэрт у канцэртнай зале тэатра «Эстонія» і прыйманне прэзідэнта Т.Г.Ільвэса ды ягонай жонкі Эвэлін Ільвэс.