6 траўня 2024, панядзелак, 1:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Улады выкарыстоўваюць неафашыстаў, а потым распраўляюцца з імі

18

КДБ выкарыстоўвае неанацыстаў для пераследу апазіцыі.

Былы супрацоўнік пракуратуры Зміцер Петрушкевіч распавёў пра магчымасць пераследу, збіцця і нават забойства прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл. Гэтыя заявы прагучалі пасля выхаду на волю расейскага неанацыста Максіма Марцінкевіча - так званага Цесака. Значна больш небяспечным, чым ён назвалі былога лідэра неанацысцкай групоўкі Сяргея Кароткіх па мянушцы Малюта.

Усё пачалося 15 лютага, калі адбылася бойка паміж членамі «антыфа» і Цесаком з Малютай. Пасля кароткага затрымання, іх выпусцілі на волю.

Як нагадаў у інтэрв'ю «Белсату» каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бандарэнка, Лукашэнка ў адным з інтэрв'ю выказаў захапленне дзяржаўнай мадэллю Германіі 1930-х гадоў: «Гэта не былі проста «прыгожыя» словы, гэта была пэўная практыка, і з тых часоў была ўзноўленая сістэма, падобная Германіі 1930-х гадоў. Лукашэнка стварыў мікс з камуністычнай ідэалогіі і канкрэтных напрацовак гітлераўскага рэжыму. У канцы 1990-х, калі паднялася хваля незадаволенасці беларускай моладзі дыктатурай, якая зараджалася, улады стварылі такую арганізацыю, як «Прамое дзеянне», у якую ўваходзілі такія асобы, як Усевалад Янчэўскі (цяпер кіраўнік Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення адміністрацыі Лукашэнкі), скандальна вядомы правакатар Чудзенцоў-Зуеў, Андрэй Пятроў і Глеб Самойлаў».

Пасля частка членаў «Прамога дзеяння» сышла ў БПСМ, а частка далучылася да РНА. «Самойлаў і Пятроў потым сталі лідэрамі РНА. Адным з куратараў РНА стаў таксама былы супрацоўнік «Алмаза» Валерый Ігнатовіч, якога пазней абвінавацілі ў дачыненні да «эскадронаў смерці», - нагадвае Бандарэнка.

Як распавядае госьць «Гарачага каментара», у пачатку 1999 года актывісты РНА напалі на Андрэя Саннікава: «На нас напалі каля двух дзесяткаў людзей, яны былі ў камуфляжнай форме. Усё было літаральна ў 100 метрах ад плошчы Перамогі, калі людзі са свастыкай здзейснілі гэта напад. Міліцыі ніякай не было, і я адбіваўся, як мог, і потым выскачыў на праезную частку. А Саннікава проста метадычна забівалі. У яго было страсенне мозгу, зламаны нос, рэбры. І тут выпадкова так атрымалася, што наш сябар, які пасля загінуў - Алег Бябенін - выйшаў з пераходу і адцягнуў увагу на сябе. Гэта справа нічым не скончылася, усе тыя, хто нападаў, да крымінальнай адказнасці не былі прыцягнутыя».

У хуткім часе знікаюць Юрый Захаранка, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі, памірае Генадзь Карпенка і арыштоўваюць Міхаіла Чыгіра. Па словах Бандарэнкі, Саннікаў застаўся ў жывых толькі таму, што атрымаў папярэджанне аб небяспецы і пакінуў Беларусь.

«У жніўні 1999 года на Саннікава выйшлі людзі, якія папярэдзілі яго, што ён будзе забіты. Ён тады пакінуў Беларусь і год жыў за мяжой. Цяпер мы таксама ведаем з кнігі Станіслава Шушкевіча, што яго таксама планавалі забіць у 1999 годзе, і ЗША таксама прапанавалі яму навуковую стажыроўку. Ён пра гэта даведаўся толькі праз 7 гадоў. Гэта быў страшны год. Але нельга казаць, што гэта нейкія арганізацыі, якія ўзначальваюцца людзьмі, якім па 20 гадоў. Гэтыя арганізацыі ўзначальваліся афіцэрамі спецслужбаў Рэспублікі Беларусь. Афіцыйна ў структуры менскага аддзялення РНА афіцэр «Алмаза» Ігнатовіч быў намеснікам кіраўніка. Глеб Самойлаў быў фармальным лідэрам. Яму было 20 гадоў, а Ігнатовічу - за 30. І хто кім кіраваў у гэтай сітуацыі? Гэтыя арганізацыі наўпрост былі створаныя беларускімі ўладамі», - кажа палітык.

На думку Бандарэнкі, людзі, якія выступаюць за дэмакратычныя змены ў Беларусі, страшней для ўладаў, чым неафашысты:

«Я адседзеў амаль паўтара года, мяне вінавацілі толькі ў тым, што я ўдзельнічаў у акцыі пратэсту і рухаўся па праезнай частцы. Я прайшоў праз турму КДБ, падвяргаўся катаванням. Мы для рэжыму больш страшныя, чым адкрытыя неафашысты, таму што яны ідэйна блізкія ўладам».

У Бандарэнкі ёсць таксама свая версія нападу на ўкраінскіх актывістак FEMEN у Менску:

«Cужу пра справу FEMEN па нюансах. Гэтыя людзі перагаворваліся па спецсувязі, у іх быў аўтобус, яны знаходзіліся ў памежнай зоне - тут не было неабходнасці ў шырме, што гэта РНА, якога сёння фактычна няма ні ў Беларусі, ні ў Расеі. Ёсць іншыя фашыстоўскія арганізацыі. Гэта былі проста людзі спецслужбаў».

Малюце, Цесаку і іншым фашыстам каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» раіць задумацца:

«Глеб Самойлаў быў зарэзаны ў пад'ездзе ўласнага дома, а Ігнатовіч, які меў дачыненне да «эскадронаў смерці», адбывае пажыццёвае зняволенне. Але хацеў бы нагадаць, што сумна вядомы палкоўнік Паўлічэнка быў арыштаваны па загадзе былога генеральнага пракурора Бажэлкі і старшыні КДБ Мацкевіча менавіта таму, што быў падазраваным у забойстве Глеба Самойлава. Гэтыя страшныя псеўдафігуры выкарыстоўваюцца рэжымам да пэўнага часу, а потым улады з імі распраўляюцца».

Пазней Паўлічэнка быў вызвалены па асабістым рашэння Лукашэнкі, а Бажэлка і Мацкевіч адпраўленыя ў адстаўку.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках