3 траўня 2024, Пятніца, 15:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Некалькі міністэрстваў Кітая распушчаныя праз карупцыю

24
Некалькі міністэрстваў Кітая распушчаныя праз карупцыю

Кітайскія ўлады прадставілі план маштабнай рэформы ўрада, накіраванай на барацьбу з карупцыяй, пашырэнне паўнамоцтваў міністэрстваў і падвышэнне эфектыўнасці іх працы.

У прыватнасці, будзе расфармаванае ўплывовае міністэрства чыгункі, кіраўніцтва якога нярэдка было ў цэнтры скандалаў аб махлярстве і нямэтавым выдаткоўванні сродкаў. Цяпер чыгунка пяройдзе пад кантроль міністэрства транспарту, паведамляе ВВС.

Камісія ў пытаннях планавання сям'і, якая курыруе нацыянальную палітыку «адна сям'я - адно дзіця» будзе аб'яднаная з міністэрствам аховы здароўя.

Акрамя таго, у краіне будзе створаны адзіны медыярэгулятар - шляхам зліцця ўсіх устаноў, адказных за друкаваныя і электронныя СМІ, а таксама тых, што курыруюць работу выдавецтваў і кінавытворчасць.

У Кітаі праходзіць Нацыянальны кангрэс народных прадстаўнікоў, на якім павінна быць фармальна зацверджанае новае кіраўніцтва краіны на бліжэйшыя 10 гадоў.

Кіраўнік Камуністычнай партыі Cі Цзыньпін стане прэзідэнтам, змяніўшы на гэтай пасадзе Ху Цзыньтао.

Новым прэм'ерам замест Вэнь Цзябао, як чакаецца, стане Лі Кэцян.

Карупцыя і бюракратыя

Адкрываючы кангрэс на мінулым тыдні, прэм'ер-міністр Вэнь Цзябао выступіў з дакладам, у якім абяцаў Кітаю стабільны рост эканомікі, узмацненне антыкарупцыйных захадаў і рост узроўню жыцця.

Рацыяналізацыя структуры ўрада адлюстроўвае заклапочанасць уладаў узроўнем карупцыі і залішняй забюракратызаванасцю дзяржаўных органаў.

Са словах гэнеральнага сакратара Дзяржрады Ма Кай, барацьба з перавышэннем службовых паўнамоцтваў і выкарыстаннем іх у асабістых мэтах вялася недастаткова эфектыўна.

Паўнамоцтвы міністэрстваў нярэдка дубляваліся, што прыводзіла да сітуацый, калі чыноўнікі перакладалі адказнасць адзін на аднаго.

У выніку рэформы будзе расфармавана чатыры міністэрствы, і іх колькасць скароціцца да 25. Пры гэтым міністэрскі статус атрымае камісія кантролю за харчовай і фармацэўтычнай прамысловасцю - пасля серыі скандалаў, дзе фігуравалі пратэрмінаваныя прадукты ці прэпараты.

Былому кіраўніку міністэрства чыгункі Лю Чжыцзюню, звольненаму ў 2011 годзе, выстаўленыя абвінавачванні ў карупцыі.

Згодна з новай схемай, паўнамоцтвы расфармаванага міністэрства будуць падзеленыя напал. Карпарацыя Кітайская чыгунка будзе адказваць за будаўніцтва чыгунак і адказваць за напрамкі цягнікоў, а міністэрства транспарту - рэгуляваць гэтую працу і кантраляваць выкананне нормаў бяспекі.

Пакуль незразумела, ці з'яўляецца ўключэнне камісіі ў пытаннях планавання сям'і ў структуру міністэрства аховы здароўя спробай перагледзець афіцыйную палітыку «адна сям'я - адно дзіця».

Аднак кіраўніцтва Камуністычнай партыі заяўляе, што прадоўжыць рэгуляваць нараджальнасць «на аснове стабільнага і нізкага паказчыка нараджальнасці».

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках