Галоўрэду апазіцыйнай азербайджанскай газеты далі 9 гадоў
5- 12.03.2013, 15:09
У Баку вынесены прысуд галоўнаму рэдактару апазыцыйнай газэты «Хурал» Авазу Зейналы, абвінавачанаму ў вымагальніцтве і ўхіленні ад выплаты падаткаў.
Журналіст быў прызнаны вінаватым і прысуджаны да дзевяці гадоў турмы, паведамляе Lenta.ru.
Сам Аваз Зейналы адхіліў абвінавачванні ў свой адрас, заявіўшы, што за яго арыштам стаіць адміністрацыя прэзідэнта Азербайджана. Прыхільнікі журналіста, якія прысутнічалі ў судзе, сустрэлі прысуд крыкамі «Свабода».
Са свайго боку, адвакат асуджанага Эльчын Садыгаў, як паведамляе «Каўказскі вузел», назваў прысуд абсурдным і несправядлівым, адзначыўшы, што падасць на яго апеляцыю.
Аваз Зейналы быў арыштаваны ў кастрычніку 2011 года па скарзе дэпутата Гюляр Ахмедавай. Яна сцвярджала, што рэдактар газеты вымагаў у яе грошы, пагражаючы ў адваротным выпадку публікацыяй кампрамату.
Сам Зейналы пісаў у сваёй газеце, што Ахмедава сама прапаноўвала яму буйную суму грошай у абмен на лаяльнасць уладам. На гэтую прапанову, па словах журналіста, ён адказаў адмовай.
Пазней арыштаванага рэдактара газеты абвінавацілі таксама ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Суд па ягонай справе пачаўся ў траўні 2012 года.