2 траўня 2024, Чацвер, 8:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тадэвуш Кандрусевіч: Мы чакаем новаабранага Папу на беларускай зямлі

9
Тадэвуш Кандрусевіч: Мы чакаем новаабранага Папу на беларускай зямлі

У сувязі з абраннем новага Папы Рымскага Францыска мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў са зваротам да вернікаў.

«Калі 11 лютага 2013 года папа Бенедыкт XVI абвясціў пра свой сыход з пасады пераемніка святога апостала Пятра ў сувязі са станам здароўя і для выгоды касцёла, то гэта яго рашэнне было ўспрынята як гром з яснага неба, - нагадвае Кандрусевіч, зварот якога прыводзіць сайт рыма -каталіцкага касцёла ў Беларусі. - Пасля 40 дзён, 13 сакавіка, з балкона базілікі Святога Пятра ў Ватыкане ўрачыста прагучалі словы: «Habemus Papam» - «У нас ёсць папа», абвяшчаючы гораду і свецу, што быў абраны новы пантыфік».

«Пачынаючы з 12 лютага з 18.30 па менскім часе свет, затаіўшы дыханне, нецярпліва ўглядаўся ў неба над Сікстынскай капэлай, жадаючы ўбачыць, якога колеру з яе з'явіцца дым - белы або чорны... І вось нарэшце 13 сакавіка ў 21.06 з коміна Сікстынскай капэлы пайшоў белы дым і зазванілі званы базілікі Святога Пятра. Гэта азначае, што новы пантыфік абраны. Зазванілі таксама званы менскага кафедральнага сабора імя Марыі, абвясцілі радасць з нагоды выбрання новага папы», - заявіў Кандрусевіч.

Мітрапаліт сказаў, што асабіста сустракаўся з Хорхе Марыё Бергольё некалькі разоў, піша cайт catholic.by.

«Адзін са святароў архідыяцэзіі Буэнас-Айрэс працаваў і цяпер працуе пробашчам у Ніжнім Ноўгарадзе, і адсюль маё знаёмства з новым папам», - сказаў ён.

«Папа Францыск з'яўляецца першым папам-езуітам, першым папам не еўрапейцам і першым папам, які абраў сабе такое імя, - падкрэслівае Кандрусевіч. - Ён прафесар тэалогіі, чалавек малітвы і вялікай пакоры, мужны абаронца традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў і сацыяльнай справядлівасці».

«Рэакцыя свету на сыход Бенедыкта XVI, вельмі вялікая цікавасць да канклава, радаснае і поўнае энтузіязму прыняцце новага пантыфіка Францыска I пацвярджае тое, што свету патрэбен касцёл, у першую чаргу яго маральны аўтарытэт, - лічыць Кандрусевіч. - Таму касцёл пад кіраўніцтвам папы Францыска I павінен знайсці лекі ад хваробы секулярызму. А мы ўсё пад пачаткам новага пантыфіка, адказваючы на выклікі часу, закліканыя зрабіць усё магчымае, каб адрадзіць веру і на яе падмурку будаваць новы, справядлівы свет і імкнуцца да агульначалавечага і агульнахрысціянскага адзінства, пунктам аднясення і слугой якога з'яўляецца пераемнік апостала Пятра».

«Каталікі Беларусі з удзячнасцю Богу і надзеяй прынялі абранне новага папы. Яны выказваюць яму сваю пашану і паслухмянасць, бачаць у ім добрага пастыра, які павядзе іх у новы час і будзе іх духоўна падтрымліваць. Мы чакаем сустрэчы з новаабраным папам на беларускай зямлі», - заявіў Тадэвуш Кандрусевіч.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках