5 траўня 2024, Нядзеля, 9:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыллё для сілавікоў - у дзесяць разоў танней, чым для звычайных грамадзян

106
Жыллё для сілавікоў - у дзесяць разоў танней, чым для звычайных грамадзян

Супрацоўнікі міліцыі могуць заплаціць за кватэру ў некалькі разоў менш, чым людзі без пагонаў.

«Хто сказаў, што тут будуць жыць сілавікі? Не толькі сілавікі, але і іншыя людзі. А калі і сілавікі, то што - яны не грамадзяне Рэспублікі Беларусь?» - распавядаюць «Еўрарадыё» ў «Менскім домабудаўнічым камбінаце» пра нашумелую будоўлю ва Уруччы.

Зразумела, грамадзяне. Вось толькі не зусім звычайныя. На днях газета «Минский курьер» апублікавала праектную дакументацыю на новы дом у мікрараёне Лошыца, дзе будуць жыць сілавікі і тыя, хто чакае чаргі больш за 20 гадоў. Кошт метра - 630 даляраў. Прычым, эксперт па нерухомасці Мікалай Прасталупаў з асацыяцыі «Нерухомасць» распавядае, што сярэдні кошт квадратнага метра ў Менску ўжо дасягнуў 1400 даляраў.

Нескладаныя падлікі паказваюць, што адносна невялікая двухпакаёвая кватэра плошчай 60 квадратаў пры такім раскладзе будзе каштаваць усяго каля 38 тысяч даляраў. Для простых смяротных - 84 тысячы, больш чым удвая даражэй.

І гэта не ўсё. Крэдыт на жыллё сілавікам (а гэта не толькі міліцыянты, сюды ж адносяцца супрацоўнікі КДБ, Дэпартамента аховы, Дэпартамента выканання пакаранняў і інш) выдаюць пад 5%. Звычайным грамадзянам - пад больш, чым 30% (на 20 гадоў). Калі падлічыць усе выдаткі за 20 гадоў карыстання крэдытам, то атрымаецца, што міліцыянт заплаціць за тую ж сціплую двухпакаёвую кватэру 76 тысяч даляраў. А беларус без пагонаў - астранамічную суму у 605 тысяч даляраў.

Мікалай Прасталупаў распавядае, што жадаючых узяць няльготны крэдыт на будаўніцтва кватэры амаль няма.

«З тых, хто бярэ крэдыты на жыллё, 95% карыстаюцца льготнымі. Як правіла, звычайныя крэдыты пад 35-40% людзі не бяруць. Толькі ў выключных выпадках», - кажа ён.

Ды і адкуль узяцца такім людзям, калі грошы на аплату поўнага кошту «двушкі» выдадуць толькі тым, хто ў месяц зарабляе больш за 5 тысяч даляраў? Калі змогуць угаварыць такога шчасліўчыка аформіць крэдыт, вядома.

Самі міліцыянты ніякай несправядлівасці ў існаванні льгот не бачаць.

«Я нядаўна быў у пачатку будаўніцтва дома, там ужо пачаліся работы. Службовае жыллё - гэта чужое. Скончыцца служба - на вуліцу ісці?» - Пытаецца амапавец Эдуард, будучы жыхар Уручча.

Праўда, льготы ў Беларусі прадугледжаныя не толькі для сілавікоў. Яшчэ для інвалідаў, сірот, малазабяспечаных і шматдзетных сем'яў. Для апошніх, напрыклад, ёсць магчымасць атрымаць крэдыт пад 14% на 20 гадоў. У тры разы даражэй, чым міліцыянтам.

Фота з архіву

Напісаць каментар 106

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках