5 траўня 2024, Нядзеля, 5:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На фестывалі ў Кіеве пакажуць фільм аб падзеях 19 снежня 2010 года ў Менску

2

Сёння ў Кіеве чэшскай кінастужкай «Крэпасць» адкрыўся 10-ы Міжнародны фестываль дакументальнага кіно аб правах чалавека.

Рэжысёры Клара Тасоўска і Лукаш Кокэш праводзяць своеасаблівую экскурсію па Прыднястроўю як музеі таталітарызму, дзе час нібы спынілася, дзе жыццё далей існуе ў каардынатах былога СССР з яго страхамі і галечай, паведамляе «Радыё Свабода».

Цэнтральныя тэмы сёлетніх конкурсных і пазаконкурсных паказаў — абарона свабоды слова і мірных сходаў, доступ да інфармацыі і права на свабоднае выказванне сваіх поглядаў. Чаму таталітарызм такі жывучы? Хто кіруе людзьмі і куды яны іх вядуць? Адказы на гэтыя пытанні, якія асабліва актуальныя ў шэрагу постсавецкіх краінаў, гледачы будуць шукаць разам з вядомымі кінематаграфістамі, праваабаронцамі і дэмакратычнымі актывістамі з трох дзясяткаў краінаў свету — ЗША, Канады, Кітаю, Вялікай Брытаніі, Аўстраліі, Аргентыны, Эгіпту, Нямеччыны, Польшчы, Тунісу, Расеі і іншых.

Беларусь на фестывалі прадстаўляюць рэжысёры Вячаслаў Ракіцкі (на фота злева) і Андрэй Куціла (на фота справа). Іх фільм «Даволі! Да Волі...» ўключаны ў спецыяльную праграму «Выбар ёсьць!».

Карціна асэнсоўвае падзеі, якія адбыліся ў Менску 19 снежня 2010 году, калі брутальна была разагнаная мірная акцыя пратэсту супраць сфальшаваных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, а яе ўдзельнікаў кінулі за краты, пазвальнялі з вучобы і працы.

Стужка ўжо брала ўдзел у кінафестывалях у Італіі, Шатландыі, Польшчы, а на фестывалі ў Опузэне (Харватыя) атрымала прыз за «лепшы дакументальны фільм». 24 сакавіка адбудзецца яе ўкраінская прэм’ера.

У кіеўскім Доме кіно (вуліца Саксаганскага, 6) фільм прадставяць рэжысёры Вячаслаў Ракіцкі і Андрэй Куціла. Пасля паказу мае адбыцца абмеркаванне з удзелам аўтараў, украінскіх і замежных журналістаў, палітыкаў, праваабаронцаў, кінематаграфістаў.

Разам з беларускім фільмам у праграме «Выбар ёсць» таксама будуць паказаныя амерыканскі і расейскі фільмы.

Тэатралізаваны дакументальны фільм «Ад шопату да крыку» вядомага амерыканскага рэжысёра Бена Мозэса даследуе гераічныя змаганьні за дэмакратыю ў пяці краінах — Эгіпце, Малайзіі, Украіне, Вэнэсуэле і Зімбабве.

Расейцы Павал Кастамараў, Аляксандар Растаргуеў і Аляксей Півавараў прадставяць свой скандальны дакументальны інтэрнэт-праект «Тэрмін: Выбраныя эпізоды», у якім аўтары пішуць пратэстную хроніку сучаснай Расеі і спрабуюць зразумець, куды вядзе краіну абраны на новы прэзідэнцкі тэрмін Уладзімер Пуцін і куды хочуць павесці расейцаў новыя лідэры апазіцыі.

Беларусь прысутная на фестывалі і ў конкурснай праграме, але не фільмам, а чалавекам. У працы журы конкурсу DOCU/ПРАВА бярэ ўдзел праваабаронца з Віцебска Павел Левінаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках