4 траўня 2024, Субота, 19:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Малому і сярэдняму бізнесу - другарадныя ролі

11

Урад лічыць, што малы і сярэдні бізнэс мог бы займацца абслугоўваннем і другараднымі аперацыямі на буйных прадпрыемствах.

На пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў Беларусі 26 сакавіка ўхвалены комплекс мер па дасягненню прагнозных паказчыкаў развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў абласцях і Менску на 2013 - 2015 гады, паведамляе прэс-служба ўрада.

Як адзначыў у сваім дакладзе, прадстаўляючы дакумент, міністр эканомікі Мікалай Снапкоў, распрацаваныя мерапрыемствы накіраваныя на стымуляванне прадпрымальніцтва, яго інтэнсіўнае развіццё і прадугледжваюць як удасканаленне заканадаўства, якое рэгулюе агульныя пытанні вядзення бізнесу, так і рашэнне канкрэтных пытанняў прадпрымальніцкай дзейнасці ў асобных галінах і сферах эканомікі. У прыватнасці, запланаваныя меры па абароне ўласнасці, развіццю канкурэнцыі, далейшаму спрашчэнню падаткаабкладання і падатковага адміністравання і іншыя.

Міністр нагадаў, што Праграмай дзейнасці ўрада на 2011-2015 гады пастаўленая задача па павелічэнню долі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў ВУП да 30% і забеспячэнне колькасці занятых у гэтым сектары не меней 1,8 млн. чалавек да канца 2015 года.

Як адзначыў намеснік прэм'ер-міністра, старшыня Савета па развіццю прадпрымальніцтва Пётр Пракаповіч, адным з ключавых пунктаў, закладзеных у комплексе мер, з'яўляецца продаж па заяўным прынцыпе нерухомай маёмасці, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці і арандуецца суб'ектам гаспадарання больш 3 гадоў, а таксама ўвядзенне адміністрацыйнай адказнасці службовых асоб за неабгрунтаваную адмову альбо непрыняцце рашэння аб адчужэнні.

Прэм'ер-міністр адным з прыярытэтаў для малога і сярэдняга бізнесу назваў кааперацыю з буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі. «Я прапаную, каб сістэмаўтваральныя, горадаўтваральныя прамысловыя прадпрыемствы, а таксама сельгасарганізацыі садзейнічалі стварэнню малых і сярэдніх прадпрыемстваў, прыватных і прыватна-дзяржаўных, - заявіў Міхаіл Мясніковіч. - Сёння, напрыклад, не трэба, каб на нашых буйных прадпрыемствах займаліся абслугоўваннем ці нейкімі іншымі другараднымі аперацыямі. Тут ёсць поле для ўзаемадзеяння».

Кіраўнік урада таксама дадаў, што мадэрнізацыя на айчынных прадпрыемствах не абыдзецца без аптымізацыі колькасці персанала. «У гэтым плане трэба ствараць цэлыя структуры па малому і сярэдняму бізнэсу», - адзначыў ён. Таксама, па словах Міхаіла Мясніковіча, у рэгіёнах малы і сярэдні бізнес можна больш актыўна прыцягваць у будаўнічую галіну.

Пакуль жа, паводле афіцыйных дадзеных, уклад беларускіх малых і сярэдніх прадпрыемстваў у ВУП складае каля 23%, прычым на долю такіх арганізацый прыходзіцца ўсяго толькі 18% аб'ёму прамысловай вытворчасці. На малых і сярэдніх прадпрыемствах працуе каля 27% работнікаў, што істотна ніжэй еўрапейскага ўзроўню.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках