28 красавiка 2024, Нядзеля, 8:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд пакінуў палітжаўнера Паўла Сяргея ў войску

4
Суд пакінуў палітжаўнера Паўла Сяргея ў войску

Менскі абласны суд пакінуў у дзеянні пастанову аб наборы апазіцыянера ў войска.

Судовая калегія спаслалася на тое, што ў Беларусі няма заканадаўчага парадку праходжання альтэрнатыўнай цывільнай службы, а таксама неабгрунтаваныя довады навабранца аб тым, што служыць у войску яму не дазваляюць рэлігійныя перакананні, піша ПЦ «Вясна».

Павел Сяргей - актывіст «Маладога фронту», які быў выключаны з Маладзечанскага політэхнічнага каледжа пасля зняволення на Акрэсціна.

У мінулым годзе яму пачалі прыходзіць позвы з вайсковага камісарыята, куды ён накіраваў заяву на альтэрнатыўную цывільную службу, бо не можа «паводле сваіх рэлігійных перакананняў насіць вайсковую форму і служыць у войску сярод камуністычнай сімволікі (сярпа і молата), пад якой у СССР пераследавалі хрысціян». Аднак спецыяльна створаная камісія пры вайсковым камісарыяце вызнала неабгрунтаваным патрабаванне навабранца, таму ў праходжанні АЦС яму адмовілі.

Хлопец звярнуўся ў Маладзечанскі раённы суд, але там дзеянні вайскоўцаў вызналі законнымі. 28 лютага была разгледжана касацыйная скарга Паўла Сяргея на пастанову райсуда, але і Менскі абласны суд адмовіўся ўхваліць скаргу актывіста.

У высновах, падпісаных старшынёй Менскага абласнога суда В.П. Крайко, адзначаецца, што ў Беларусі няма заканадаўчага парадку праходжання альтэрнатыўнай цывільнай службы. Аргумэнты Паўла Сяргея, што ён не можа служыць у войску з рэлігійных матываў, прызнаныя неабгрунтаванымі, бо аспрэчваюцца сведчаннямі пастара царквы хрысціянскай веры евангельскай, да якой належыць заяўнік.

Цяпер Павел Сяргей служыць у чыгуначным батальёне ў Слуцку.

Нагадаем, што права на праходжанне АЦС замацаванае ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь яшчэ ў 1994 годзе. Аднак за гэты час так і не быў створаны закон, які б рэгуляваў гэтыя працэсы. Магчыма, дэпутаты прымуць яго ў гэтым годзе, адпаведная норма зафіксаваная ў Плане законапраектаў на 2013 год.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках