28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мілінкевіч заклікаў Еўразвяз адмовіцца ад санкцый супраць Лукашэнкі

233
Мілінкевіч заклікаў Еўразвяз адмовіцца ад санкцый супраць Лукашэнкі

На канферэнцыі ў Брусэлі прадстаўнікі Еўрапарламента пераконвалі беларускую апазіцыю ў неабходнасці дыялогу з уладамі.

Нават арганізатары не чакалі такога ажыятажу вакол канферэнцыі, якая адбылася 9 красавіка ў Брусэлі. Прыводзім рэпартаж «Радыё Свабода» з Брусэля.

Павышаны інтарэс справакавалі заявы, апублікаваныя ў інтэрнэце напярэдадні, - спачатку дэкларацыя трох апазіцыйных палітыкаў, а потым адказ каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года, былога палітвязня Андрэя Саннікава.

Галоўнае пытанне, якое ў чарговы раз падзяліла апазіцыю - ці патрэбны дыялог з рэжымам?

«Дыялог аб мадэрнізацыі з беларускім грамадствам» - так афіцыйна называлася канферэнцыя, хоць выступленні еўрадэпутатаў і прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці ахоплівалі значна больш шырокія тэмы.

Зала была практычна запоўненая. Наогул, у калідорах Еўрапарламента гучала беларуская мова. Акрамя запрошаных гасцей, былі беларускія студэнты з Варшавы, прадстаўнікі беларускай эміграцыі, аналітыкі і журналісты.

З прывітальным словам выступіў непасрэдны арганізатар канферэнцыі, старшыня камітэта па адносінах з Беларуссю, польскі дэпутат Філіп Качмарэк. Ён прапанаваў прааналізаваць вынікі і паразважаць пра будучыню праекту «Дыялог аб мадэрнізацыі», якому ў сакавіку споўніўся год.

Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Ежы Памяноўскі адзначыў, што ўлады не дэманструюць жадання да дыялогу аб мадэрнізацыі, але пры гэтым у беларускім грамадстве адбываюцца істотныя змены. Па словах Памяноўскага, улады не разумеюць, што «мадэрнізацыя - гэта не значыць пафарбаваць агароджу».

Віцэ-старшыня Еўрапарламента Яцэк Пратасевіч адзначыў, што дыялог неабходны, і спаслаўся на вопыт польскай «Салідарнасці». Паводле яго слоў, трэба супрацоўнічаць з элітамі на мясцовым узроўні, што рана ці позна наступіць перыяд трансфармацыі, калі кантакты і вопыт гэтых людзей будуць неабходныя.

Старшыня камітэта па замежных справах Еўрапарламента Эльмар Брок падкрэсліў, што праблема эфектыўнасці «Дыялогу аб мадэрнізацыі» не ў тым, каб павялічыць грашовую дапамогу, а ў тым, як гэтыя грошы асвойваюцца. Таксама ён выказаў скепсіс адносна саміту «Усходняга партнёрства», які адбудзецца ў Вільні восенню.

Старшыня руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч выказаўся ў падтрымку дыялогу Еўразвяза з рэжымам, паколькі гэта «адцягне Беларусь ад Расеі». Паводле яго слоў лібералізацыя ў 2009-2010 гадах дала вынік, а правакацыя на плошчы 19 снежня 2010 года адбылася «не без удзелу расейскіх спецслужбаў». Таксама Мілінкевіч заклікаў Еўразвяз адмовіцца ад санкцый.

Дырэктар дэпартамента па пытаннях Расеі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешняга дзеяння ЕЗ Гунар Віганд паведаміў, што ў Тбілісі адбылася сустрэча, падчас якой Штэфан Фюле і Уладзімір Макей дамовіліся аб далучэнні Беларусі да «Дыялогу аб мадэрнізацыі». Пры гэтым даў зразумець, што дыялог з уладамі будзе адбывацца не разам з грамадзянскай супольнасцю, а паралельна.

Адзін з каардынатараў рабочых груп «Дыялогу аб мадэрнізацыі» Аляксандр Аўтушка-Сікорскі прадэманстраваў слайды з аналізам і ацэнкай эфектыўнасці праекту. Паводле яго слоў, 95 адсоткаў беларусаў не чулі пра «Дыялог». Паводле яго слоў, цяпер плануецца адкрыццё так званай «другой дарогі» «Дыялогу аб мадэрнізацыі» - з удзелам прадстаўнікоў урада Беларусі.

Сярод беларускіх выступоўцаў меркаванні падзяліліся ў стаўленні да магчымага дыялогу з уладамі. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў, што спадзявацца на шмат крокаў з боку ўлады не даводзіцца, і «калі будзе адбывацца мадэрнізацыя, то гэта будзе аўтарытарная мадэрнізацыя, без дэмакратызацыі грамадства».

Анатоль Лябедзька раскрытыкаваў ідэю дыялогу з уладамі без удзелу грамадзянскай супольнасці:

«Па-ранейшаму застаюцца тры ўмовы: вызваленне палітвязняў і іх рэабілітацыя, правядзенне свабодных і празрыстых выбараў, а потым - дыялог аб мадэрнізацыі. І толькі ў такім парадку, ніякага іншага».

Нельга сказаць, чые аргументы апынуліся мацней. На канферэнцыі не прымалася рашэнняў і рэзалюцый. Аднак мяркуючы па ўсім, «Дыялог аб мадэрнізацыі» будзе працягвацца.

Ці атрымаецца ўцягнуць у гэты праект улады Беларусі - неўзабаве будзе відаць.

Напісаць каментар 233

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках