8 траўня 2024, Серада, 10:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брэсцкаму «губернатару» захацелася ў Італію

39
Брэсцкаму «губернатару» захацелася ў Італію

Прадстаўнічы дэсант з чыноўнікаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў Брэсцкай вобласці адправіўся ў італьянскі горад Турын.

Як паведамляе карэспандэнт charter97.org, афіцыйнай падставай для візіту на Апенінскі паўвостраў вялікай дэлегацыі на чале са старшынёй Брэсцкага аблвыканкама Канстанцінам Сумарам (на фота) з'яўляецца прэзентацыя Беларусі на кантактна-кааперацыйнай біржы рэгіёну П'емонт. Падчас прэзентацыі ставіцца мэта інфармаваць дзелавыя колы Італіі аб эканамічным і інвестыцыйным патэнцыяле Брэстчыны, умацаваць існуючыя бізнес-кантакты і ўстанавіць новыя, а таксама абмяняцца вопытам у пытаннях узаемавыгаднага міжнароднага эканамічнага супрацоўніцтва.

Разам з «губернатарам» у прэзентацыі прымуць удзел прадстаўнікі буйных прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёну, уключаючы «Санта-Брэмар», «Пінскдрэў», Брэсцкі лікёра-гарэлачны завод «Белалка», Бярозаўскі сыраробны камбінат, будтрэст 8, Бярозаўскі мясакамбінат, Маларыцкі кансервава-агароднінасушыльны камбінат. Акрамя выставачных мерапрыемстваў запланаваны наведванне брэсцкай дэлегацыяй прадпрыемстваў Турына, сустрэча з кіраўніцтвам горада і рэгіёна П'емонт.

Мяркуючы па ўсім, асаблівае месца ў праграме візіту зойме спроба рэанімацыі праекта стварэння ў Брэсце італьянскай прамысловай акругі. Дамоўленасць аб стварэнні кампактнай зоны для размяшчэння прадпрыемстваў з італьянскім капіталам упершыню прагучала на беларуска-італьянскім эканамічным форуме яшчэ ў лютым 2010 года. У тым мерапрыемстве бралі ўдзел прадстаўнікі 70 кампаній і буйных фінансавых структур. Праз год міністры замежных спраў дзвюх краін нават падпісалі «Мемарандум аб узаемаразуменні па пытанні развіцця італьянскай прамысловай акругі на тэрыторыі Брэсцкай вобласці», а ў свабоднай эканамічнай зоне «Брэст» для гэтых мэтаў зарэзервавалі ўчастак плошчай у 26 га з гатовай інжынернай інфраструктурай (пры неабходнасці італьянцам гатовыя дадаткова выдзеліць яшчэ каля 200 га).

Аднак да рэальных праектаў справа пакуль так і не дайшла. Больш таго, у мінулым годзе, каментуючы прычыны, чаму прывабная для брэсцкага рэгіёна ідэя «забуксавала», італьянскі бізнэсмэн Машыолі Катул, які стаў заснавальнікам фірмы-рэзідэнта ў СЭЗ «Брэст» адкрыта прызнаў, што стаміўся ад беларускіх чыноўнікаў-хабарнікаў. Таму заявы Канстанціна Сумара аб тым, што пасля візіту на Апеніны «італьянская прамысловая акруга пад Брэстам атрымае новы імпульс для развіцця», мала хто ўспрымае ўсур'ёз. У самім горадзе над Бугам звычайныя грамадзяне гэты ваяж «губернатара» называюць не інакш як турпаездкай.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках