Амапавец збіў заўзятара «Дынама» за налепкі клуба
116- 14.04.2013, 17:23
Інцыдэнт адбыўся ўчора ў Магілёве перад матчам «Дняпро» - «Дынама».
Супрацоўнік АМАПу Ўладзімір Рэцікаў (на фотa) спыніў аднаго з заўзятараў менскага «Дынама» для праверкі дакументаў, паведамляе сайт belultras.by.
З дакументамі ў затрыманага было ўсё ў парадку, і міліцыянт пачаў абшукваць ягоныя асабістыя рэчы. У заўзятара «Дынама» былі знойдзеныя стыкеры, якія і паслужылі падставай для таго, каб даставіць яго ў аддзяленне міліцыі.
Там затрыманаму было нанесена некалькі ўдараў. Падчас спробы патэлефанаваць і паведаміць пра тое, што адбываецца міліцыянт прадоўжыў збіваць затрыманага.
Нагадаем, Уладзімір Рэцікаў ужо не ў першы раз вызначыўся неадэкватнымі паводзінамі ў дачыненні да футбольных заўзятараў.
У траўні 2011 года падчас разгону фанатаў «Дынама» у Бабруйску амапавец ужыў слезацечны газ. Пацярпелі заўзятары сталічнай каманды, у тым ліку і 5-гадовае дзіця. Глынулі газу і футбалісты. Пасля гэтага фанаты пачалі скандаваць «ненавідзім рэжым».