Дыктатар запісаў энергетыкаў у мафію
54- 16.04.2013, 13:48
Беларускі кіраўнік раскрытыкаваў энергетыкаў «за стварэнне ўласнай дзяржавы ў дзяржаве».
Лукашэнка раскрытыкаваў працу энергетыкаў, адзначыўшы, што яны стварылі ўласную дзяржаву ў дзяржаве, нейкую сваю незалежную арганізацыю «з элементамі мафіі і банды».
Пра гэта ён заявіў сёння на нарадзе па пытанню функцыянавання і развіцця беларускай энергетыкі, перадае БелТА.
Падчас нарады Лукашэнка таксама забараніў павышаць тарыфы на цеплавую і электраэнергію, калі не было павышэння заробкаў.
«Павышэнне тарыфаў на цепла-і электраэнергію магчыма толькі па меры росту даходаў насельніцтва. Пры гэтым рост даходаў людзей павінен апярэджваць рост коштаў», - заявіў ён.
Ён адзначыў, што пастаяннае павышэнне тарыфаў выклікае негатыўную рэакцыю як суб'ектаў гаспадарання, так і насельніцтва.
«На гэтым пачынаюць актыўна спекуляваць і нашы супернікі. Таму мной было даручана Камітэту дзяржаўнага кантролю правесці дэталёвую праверку абгрунтаванасці фарміравання тарыфаў», - паведаміў Лукашэнка.
Ён станоўча ацаніў увядзенне лімітаў на спажыванне электраэнергіі і прыроднага газу, аднак выказаў незадаволенасць размеркаваннем дадатковых даходаў.
«Плату за перарасход Мінэнерга забірае ў свой кацёл, то ёсць выкарыстоўвае па сваім меркаванні, а не строга па мэтаваму прызначэнню - на энергазберажэнне. Так справа не пойдзе», - сказаў беларускі кіраўнік.
Нагадаем, што многія жыхары краіны не могуць укласціся ў ліміт на электраэнергію і вымушаныя аплачваць перарасход па больш высокіх тарыфах.