3 траўня 2024, Пятніца, 8:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Багданкевіч: Падзенне коштаў на золата ўдарыць па ЗВР

6
Станіслаў Багданкевіч: Падзенне коштаў на золата ўдарыць па ЗВР

Падзенне коштаў на золата на сусветных рынках негатыўна адаб'ецца на стане золатавалютных рэзерваў Беларусі.

Такое меркаванне выказаў былы кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч, перадае БелаПАН.

Кошт на золата за апошні тыдзень на сусветным рынку зваліўся на 13%. Такое імклівае зніжэнне коштаў на гэты каштоўны метал апошні раз назіралася ў 1983 годзе.

«Зразумела, такая сітуацыя адаб'ецца негатыўна на стане золатавалютных рэзерваў Беларусі, іх вартасны аб'ём знізіцца. Але тут шмат будзе залежаць ад таго, наколькі ўстойлівай апынецца гэтая тэндэнцыя», - адзначыў Багданкевіч.

Па стане на 1 студзеня 2013 года залаты запас Нацбанка Беларусі складаў 33,3 тоны.

Багданкевіч адзначыў, што ён не з'яўляецца прыхільнікам актыўнага назапашвання рэзерваў у золаце і срэбры. «Дзяржава ў нас невялікая, небагатая, таму рэзервы нам патрэбныя актыўныя, у замежных валютах, гэта значыць тыя, якія можна аператыўна выкарыстоўваць пры вырашэнні якіх-небудзь праблем, у тым ліку для падтрымання стабільнасці нацыянальнай валюты», - растлумачыў экс-кіраўнік Нацбанка.

На яго думку, у бягучай сітуацыі Нацбанк не будзе прадпрымаць якіх-небудзь рэзкіх рухаў у плане збавення ад актываў у золаце. «Сітуацыя змяняецца - сёння кошт металаў упаў, а заўтра ён можа вырасці. Стабільнага інструмента для зберажэнняў, які б не абясцэньваўся, практычна няма. І металы падаюць у кошце, і валюта. Заўсёды ёсць рызыка страт», - сказаў Багданкевіч.

«Што да Беларусі, то тут неабходна ўспрымаць рэальнасць такой, якая яна ёсць, і вырашаць праблемы эканомікі, павялічваючы яе эфектыўнасць. Трэба вырашаць праблемы назапашванняў на складах, росту дэбіторскай запазычанасці, нізкарэнтабельных і стратных прадпрыемстваў», - лічыць эканаміст.

Ён звярнуў увагу, што аб'ём золатавалютных рэзерваў напрамую залежыць ад працы эканомікі. «У нас усе рэзервы, па сутнасці, сфарміраваныя за кошт пазык, а трэба іх ствараць у першую чаргу за кошт нарошчвання аб'ёмаў экспарту», - адзначыў экс-кіраўнік Нацбанка.

Дынаміка коштаў на сусветных рынках знайшла сваё адлюстраванне і ў Беларусі. Па стане на 2 красавіка ўліковы кошт 1 грама золата ў злітках складаў 445.507 рублёў, а па стане на 19 красавіка - 388.960 рублёў. Такім чынам, кошт 1 грама золата ўпаў на 13%.

З 12 красавіка ўдзельнікі таргоў на глабальных рынках пачалі самы імклівы за апошнія два гады распродаж золата. За два дні ён патаннеў з 1.561 да 1.341 даляра за ўнцыю. Падзенне катыровак суправаджалася чуткамі, што ЗША могуць спыніць валютнае стымуляванне ўжо ў гэтым годзе, а ЦБ Кіпра прадасць свае залатыя рэзервы.

Па выніках таргоў на пачатку гэтага тыдня каціроўкі гэтага каштоўнага металу ўпалі да мінімальнага ўзроўню амаль за два гады. 16-17 красавіка кошт тройскай унцыі вагаўся ад 1.370 да 1.390 даляраў. Найбольш істотныя страты панеслі Цэнтрабанкі, таму што яны валодаюць шырокімі запасамі золата.

У цэлым, цэнтральныя банкі страцілі 560 млрд даляраў на падзенні кошту золата на працягу апошніх некалькіх дзён. Агульныя рэзервы сусветных цэнтрабанкаў склалі 31.694 т золата, або 19% сусветных запасаў, па дадзеных Сусветнай рады па золаце.

Між тым эксперты міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Fitch чакаюць, што кошт золата будзе зніжацца ў бліжэйшыя два-тры гады, а паўднёваафрыканскія кампаніі найбольш моцна схільныя рызыкам падзення коштаў на золата з-за выдаткаў вытворчасці.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках